Библия Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Апакаліпсіс, 2 Апакаліпсіс, 2 глава

Да Касцёла ў Эфесе: вярніся да першай любові

1 Анёлу Касцёла ў Эфесе напішы:

Так кажа той, хто трымае сем зорак у сваёй правіцы, хто ходзіць сярод сямі залатых свечнікаў.
2 Ведаю твае справы, тваю працу, тваю цярплівасць і тое, што ты не можаш зносіць злых, і выпрабаваў тых, хто называе сябе апосталамі, але імі не з’яўляюцца, і выкрыў, што яны ашуканцы.
3 Ты маеш цярплівасць і пакутаваў дзеля імя Майго, і не знямогся.
4 Але маю супраць цябе тое, што ты пакінуў першую любоў.
5 Таму згадай, адкуль ты ўпаў, і пакайся. Рабі так, як ты рабіў спачатку. Калі не, то Я прыйду да цябе і зрушу твой свечнік з яго месца, калі ты не пакаешся.
6 Але добра тое, што ты ненавідзіш учынкі нікалаітаў, якія і Я ненавіджу.
7 Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможцу дам есці з дрэва жыцця, што ў раі Бога.
Да Касцёла ў Смірне: будзь верны аж да смерці

8 Анёлу Касцёла ў Смірне напішы:

Так кажа Першы і Апошні, які быў мёртвы, але ажыў:
9 Я ведаю пра твой уціск і ўбоства, але ты багаты; ведаю пра блюзнерствы тых, хто называе сябе юдэямі, аднак не з’яўляюцца імі, але сінагогаю сатаны.
10 Не бойся таго, што павінен выцерпець. Вось д’ябал збіраецца кінуць некаторых з вас у вязніцу, каб вы зведалі выпрабаванне. І будзеце зносіць уціск дзесяць дзён. Будзь верны аж да смерці, і Я дам табе вянок жыцця.
11 Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможца напэўна не зазнае шкоды ад другой смерці.
Да Касцёла ў Пергаме: змяні свае паводзіны

12 Анёлу Касцёла ў Пергаме напішы:

Так кажа той, хто мае востры двухбаковы меч.
13 Я ведаю, дзе ты жывеш: там, дзе трон сатаны, хоць трымаешся імені Майго і не адмовіўся ад веры ў Мяне, нават у дні, калі Мой верны сведка Антыпа быў забіты ў вас, дзе жыве сатана.
14 Але Я маю крыху супраць цябе, бо там ёсць тыя, хто трымаецца вучэння Балаама, які навучыў Балаака стварыць спакусу для сыноў Ізраэля, каб яны спажывалі ахвярапрынашэнні ідалам і распуснічалі.
15 Таксама ў цябе ёсць тыя, хто падобна трымаецца вучэння нікалаітаў.
16 Таму апамятайся. У адваротным выпадку Я хутка прыйду да цябе і буду ваяваць з імі мячом Маіх вуснаў.
17 Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам. Пераможцу дам укрытую манну і белы каменьчык, а на каменьчыку будзе напісана новае імя, якога не ведае ніхто, акрамя таго, хто яго атрымлівае.
Да Касцёла ў Тыятыры: адплачу кожнаму паводле ўчынкаў

18 Анёлу Касцёла ў Тыятыры напішы:

Так кажа Сын Божы, які мае вочы, быццам полымя агню, а ногі Яго падобны да бліскучай бронзы.
19 Я ведаю твае справы, любоў, веру, служэнне і тваю цярплівасць, і апошнія ўчынкі твае большыя за першыя.
20 Але Я маю супраць цябе тое, што ты дапускаеш жанчыну Ізабэль, якая называе сябе прарочыцай, навучае і зводзіць Маіх слугаў, каб чыніць распусту і спажываць ахвярапрынашэнні ідалам.
21 Я даў ёй час апамятацца, але яна не хоча адвярнуцца ад сваёй распусты.
22 Вось кіну яе на ложа, а тых, хто распуснічае з ёю, аддам пад вялікі ўціск, калі не адвернуцца ад сваіх справаў.
23 Дзяцей яе знішчу смерцю. І пазнаюць усе Касцёлы, што Я той, хто даследуе нутро і сэрцы. Я адплачу кожнаму з вас паводле ягоных учынкаў.
24 Кажу ўсім вам, астатнім у Тыятыры, хто не мае гэтага вучэння і хто не пазнаў, як кажуць, глыбіняў сатаны, што Я не ўскладу на вас іншага цяжару.
25 Але тое, што маеце, захоўвайце, пакуль не прыйду.
26 Хто пераможа і захавае да канца ўчынкі Мае, таму дам уладу над народамі,
27 і ён будзе пасвіць іх жалезным кіем;
як гліняны посуд яны будуць разбітыя.
28 І як узяў Я ад Айца Майго, так і яму дам ранішнюю зорку.
29 Хто мае вушы, няхай пачуе, што кажа Дух Касцёлам.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Апакаліпсіс, 2 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Серия комментариев МакАртура
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Комментарии Ярослава Вязовского
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.