Библия Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Апакаліпсіс, 18 Апакаліпсіс, 18 глава

Знішчэнне Бабілёна

1 Потым я ўбачыў іншага анёла, які сыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, а зямля асвятлілася ад ягонай славы.
2 Ён усклікнуў моцным голасам, кажучы: «Упаў, упаў вялікі Бабілён і стаў жыллём дэманаў і прыстанішчам усякага нячыстага духа, прыстанішчам усякай нячыстай птушкі і прыстанішчам усякага нячыстага звера, што абуджае агіду,
3 бо шалёным віном яго распусты напіліся ўсе народы, каралі зямлі чынілі з ім распусту, а купцы зямлі ўзбагаціліся з вялізнай раскошы яго!»
4 І пачуў я іншы голас, які казаў з неба: «Выйдзі з яго, мой народзе, каб вам не саўдзельнічаць у яго грахах і не пацярпець ад яго бедстваў,
5 бо ўзышлі яго грахі аж да неба і згадаў Бог яго правіны.
6 Адплаціце яму, як і ён адплаціў, і ўдвая аддайце за яго ўчынкі. У келіху, у якім ён гатаваў віно вам, прыгатуйце яму ўдвая.
7 Колькі ён славіў сябе і жыў у раскошы, столькі дайце яму катаванняў і смутку, бо ў сэрцы сваім ён кажа: “Я сяджу як каралева і я не ўдава, і не зазнаю смутку”.
8 Дзеля гэтага ў адзін дзень настануць яго бедствы: смерць, смутак і голад, і будзе ён спалены агнём, бо моцны Пан Бог, які асудзіў яго».
9 Тады заплачуць і будуць лямантаваць над ім каралі зямлі, якія распуснічалі з ім і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым ад яго пажару.
10 Стаўшы здалёк ад страху перад яго пакутамі, скажуць: «Гора, гора, вялікі горад Бабілён, моцны горад, бо ў адну гадзіну прыйшоў твой прысуд!»
11 Купцы зямлі плачуць і смуткуюць над ім, бо ніхто не купляе ўжо іх тавару:
12 золата, срэбра, каштоўных камянёў і пярлінаў, тонкага лёну, пурпуры, шоўку і пунсовай тканіны, ніякага цытрусавага дрэва і ніякай рэчы са слановай косткі, ніякай рэчы з найдаражэйшага дрэва, медзі, жалеза і мармуру,
13 карыцы, амому і духмянасцяў, міра і кадзіла, віна і алею, чыстай пшанічнай мукі і збожжа, жывёл, авечак і коней, павозак, целаў і людскіх душ.
14 Плод жадання тваёй душы адышоў ад цябе, усё сытае і цудоўнае прапала для цябе, і ты ўжо гэтага ніколі не знойдзеш.
15 Купцы, якія ўзбагачаліся з яго, стануць здалёк ад страху перад ягонымі пакутамі,
16 кажучы з плачам і смуткам: «Гора, гора, вялікі горад, апрануты ў тонкі лён, пурпуру і пунсовыя шаты, упрыгожаны золатам, каштоўным камнем і пярлінамі,
17 бо ў адну гадзіну было спустошана такое багацце!»
Кожны стырнавы і кожны, хто плыве на караблі, кожны марак і ўсе, хто працуе на моры, сталі здалёк і крычалі,
18 убачыўшы дым яго пажару: «Які горад падобны да гэтага вялікага горада?»
19 Яны кінулі пыл на свае галовы і крычалі ў плачы і смутку: «Гора, гора, вялікі горад, з дастатку якога ўзбагаціліся ўсе, хто мае караблі на моры, бо за адну гадзіну ён апусцеў!
20 Радуйцеся над ім, неба і святыя, апосталы і прарокі, бо Пан асудзіў яго паводле вашага суда!»
21 Адзін магутны анёл узяў камень, падобны да вялікіх жорнаў, і ўкінуў у мора, кажучы: «З такою сілаю будзе павалены Бабілён, вялікі горад, і ўжо не будзе яго.
22 Голасу гусляроў і песняроў, флейтыстаў і трубачоў не будзе чутна ў табе больш. Не будзе ўжо ў табе ніводнага мастака ніякага мастацтва, і шуму ад жорнаў не будзе ўжо чутна ў табе.
23 Ужо не з’явіцца ў табе святло лямпы, і голасу абранніка і абранніцы не будзе ўжо чутна ў табе. Бо твае купцы былі вяльможамі зямлі, бо тваім чарадзействам зведзены ўсе народы.
24 У табе знойдзена кроў прарокаў, святых і ўсіх забітых на зямлі!»
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Апакаліпсіс, 18 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Серия комментариев МакАртура
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Комментарии Ярослава Вязовского
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.