1 I сказаў ім: «Запраўды, гавару вам, ёсьць некаторыя з прысутных тут, што не зазнаюць сьмерці, як ужо ўбачаць Уладарства Божае, яўленае ў сіле».
2 Па шасьцёх днёх узяў Ісус Пятра, Якуба і Яна ды узьвёў на гару высокую асобна іх адных, і перамяніўся перад імі.
3 Вопратка Яго стала зіхатлівай, белай, як сьнег, як на зямлі бялільнік ня можа выбелець.
4 I зьявіуся ім Ільля з Майсеем, і размаўлялі зь Ісусам.
5 Тады азваўся Пётра й сказаў Ісусу: «Вучыцель! Добра нам тут быць; зробім тры палаткі: Табе адну, Майсею адну й адну Ільлі».
6 Гаварыў, ня ведаючы, што сказаць, бо былі яны перастрашаныя.
7 I спусьцілася хмара, ахінаючы іх; і пачуўся голас з-за хмары: «Гэта Сын Мой улюбёны, Яго слухайце».
8 I раптам, азірнуўшыся навокал, нікога больш з сабою ня ўбачылі, апрача Ісуса й сябе самых.
9 Калі-ж зыходзілі яны з гары, Ён загадаў ім нікому не расказваць пра бачанае тут, пакуль Сын Чалавечы не уваскрэсьне зь мёртвых.
10 І яны ўспрынялі ў сябе гэтае слова й разважалі між сабою, пытаючы адзін аднаго, што азначае — уваскроснуць зь мёртвых.
11 I спыталіся ў Яго, кажучы: «Як-жа кніжнікі гавораць, што перш належыць прыйсьці Ільлі».
12 Ён-жа ў адказ сказаў ім: «Так, Ільлі належыць прыйсьці перш і прыгатаваць усё; і Сыну Чалавечаму, як напісана пра Яго, належыць шмат адцярпець і быць пагарджанаму.
13 Але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і зрабілі зь ім, як захацелі, як і напісана пра яго.»
14 I, прыйшоўшы да вучняў, убачыў многа народу вакол іх і кніжнікаў, якія спрачаліся зь імі.
15 I раптам увесь народ, убачыўшы Яго, зумеўся, і ў боязьні падбягалі й віталі Яго.
16 Ён-жа спытаўся ў кніжнікаў: «Пра што спрачаецеся зь імі?»
17 Адзін-жа з народу, азваўшыся сказаў: «Вучыцель! Я прывёў да Цябе сына майго, які мае духа нямога.
18 I дзе ні схопіць яго, кідае яго на зямлю, і ён пеніць і скрыгоча зубамі сваімі ды пруцянее; я гаварыў вучням Тваім, каб выгналі яго, і не змаглі.»
19 Ісус у адказ сказаў яму: «О, родзе няверны! Дакуль буду з вамі, дакуль буду цярпець вас? Прывядзеце яго да Мяне».
20 I прывялі яго да Ісуса; убачыўшы Яго, дух страсянуў нямога, і той упаў на зямлю й валяўся, спускаючы пену.
21 І спытаўся ў бацькі яго: «Колькі часу прайшло, як гэта сталася зь ім?» Той-жа адказаў: «Зь дзяцінства.
22 І шмат разоў дух кідаў яго ў агонь і ў ваду, каб загубіць яго; але калі што можаш, зьлітуйся над намі й памажы нам.»
23 Ісус сказаў яму: «Калі крыху можаш верыць, усё магчыма для таго, хто верыць».
24 I ўраз загаласіўшы, бацька юнака сказаў праз сьлёзы: «Веру, Госпадзе, памажы майму недаверству».
25 Тады Ісус, бачачы, што зьбягаецца народ, загразіў Духу нячыстаму, кажучы яму: «Дух нямы й глухі: Я загадваю табе, выйдзі зь яго й больш не ўваходзь у яго».
26 I, моцна закрычаўшы й скалануўшы яго, выйшаў; і ён стаўся, як няжывы, а многія гаварылі, памёр.
27 Ісус-жа, узяўшы яго за руку, падняў яго, і ён устаў.
28 I калі Ісус увайшоў у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго: «Чаму мы не маглі выгнаць яго?»
29 I сказаў ім: «Род гэты інакш ня можа выйсьці, як толькі ад малітвы й посту».
30 I, выйшаўшы адтуль, праходзілі праз Галілею, і Ён не хацеў, каб хто даведаўся.
31 Бо навучаў вучняў Сваіх, гаворачы ім, што Сын Чалавечы выданы будзе ў рукі чалавечыя, і заб'юць Яго, і быўшы забітым, на трэйці дзень уваскросьне.
32 Яны-ж не разумелі сказанага, але баяліся ў Яго спытацца.
33 I прыйшлі ў Капэрнаум; а калі быў у доме, папытаўся ў іх: «Пра што вы ў дарозе разважалі між сабою?»
34 Яны-ж маўчалі, бо разважалі ў дарозе між сабою, хто зь іх большы.
35 I, сеўшы, падклікаў дванаццацёх і сказаў ім: «Калі хто хоча быць першым, будзь з усіх апошнім і для ўсіх слугою».
36 I, узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх, ды абняўшы яго, сказаў ім:
37 «Хто прыйме адно з гэткіх дзяцей у імя Маё, той Мяне прыйме, а хто Мяне прыйме, той не Мяне прыймае, але Таго, хто паслаў Мяне».
38 Пры гэтым Ян, азваўшыся, сказаў: «Вучыцель, мы бачылі чалавека, які Імём Тваім выганяе злыдухаў, але ня йдзе за намі; і мы забаранілі яму, бо ён ня йдзе за намі».
39 Ісус-жа сказаў: «Не забараняйце яму, бо ніхто, стварыўшы цуд Імём Маім, ня будзе зараз зласловіць.
40 Бо хто ня супраць вас, той за вас.
41 Хто напоіць вас чашаю вады ў Імя Маё, дзеля таго, што вы Хрыстовы, — запраўды, кажу вам, ня страціць узнагароды свае.
42 А хто спакусіць аднаго з малых гэтых, верных Мне, лепш было-б яму, каб завесілі яму жарновы камень на шыю і ўкінулі ў мора.
43 I калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе; лепш табе калекам увайсьці ў жыцьцё, чым зь дзьвюма рукамі йсьці у геену, у агонь незгасальны.
44 Дзе й чарвяк іх ня ўмірае й агонь не згасае.
45 I калі нага твая спакушае цябе, адсячы яе: лепш табе увайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым зь дзьвюма нагамі быць укінутым у геену, у агонь незгасальны.
46 Дзе й чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае.
47 I калі вока тваё спакушае цябе, вырві яго: лепш табе аднавокаму увайсьці ў Уладарства Божае, чым з двума вокамі быць укінутым у геену агнявую.
48 Дзе чарвяк іх ня ўмірае, і агонь не згасае.
49 Бо кожны агнём асоліцца, і ўсякая ахвяра сольлю асоліцца.
50 Соль — добрая рэч; але калі соль несалёнай стане, чым яе асоліш? Мейце-ж соль у сабе, і мір мейце між сабою.»