1 Праз колькі дзён Ён ізноў прыйшоў у Капэрнаум; і стала ведамым, што Ён у доме.
2 Хутка зыйшлося столькі народу, што ўжо ня было месца й каля дзьвярэй, і прамаўляў ім слова.
3 I прыйшлі да Яго, нясучы спараліжаванага ўчатырох.
4 Калі-ж не маглі данясьці яго да Ісуса з-за народу, яны раскрылі страху над месцам, дзе Ён быў і, зрабіўшы атворыну, спусьцілі пасьцель, на якой ляжаў спараліжаваны.
5 Ісус, бачачы веру іхную, кажа спараліжаванаму: «Сыне, адпускаюцца табе грахі твае».
6 Былі-ж там некаторыя з кніжнікаў і, седзячы, размысьлялі ў сэрцах сваіх.
7 Што гэта Ён так блюзьнерыць? Хто можа адпускаць грахі, апрача самога Бога?
8 Ісус, адразу спасьцярогшы Духам Сваім, што яны гэтак думаюць, сказаў ім: «Нашто гэтак памысьляеце ў сэрцах вашых?
9 Што лягчэй сказаць спараліжаванаму: адпускаюцца табе грахі твае, ці сказаць: устань, вазьмі пасьцель сваю й хадзі?
10 Але, каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, кажа спараліжаванаму:
11 Кажу табе, устань, вазьмі пасьцель тваю ды йдзі ў дом твой».
12 I той ураз устаў, узяў пасьцель сваю й выйшаў прад усімі; усе-ж дзівіліся, славячы Бога, і гаварылі: «Ніколі нічога такога мы ня бачылі».
13 Ісус-жа выйшаў да мора, і ўвесь народ пайшоў да Яго, і Ён навучаў іх.
14 А, праходзячы, убачыў Левія Алфеевага, які сядзеў пры падатковай зборніцы, і кажа яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў сьледам за Ім.
15 І вось, калі Ісус сядзеў за сталом у доме ягоным, разам зь Ім сядзелі й вучні Ягоныя й шмат мытнікаў і грэшнікаў, бо многа іх было, і яны хадзілі разам зь Ім.
16 Кніжнікі-ж і фарысеі, убачыўшы, што спажывае яду разам з мытнікамі й грэшнікамі, гаварылі вучням Ягоным: «Як гэта Ён есьць і п’е з мытнікамі й грэшнікамі?»
17 Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў ім: «Не здаровыя патрабуюць лекара, але хворыя; і Я прыйшоў паклікаць ня праведнікаў, але грэшнікаў да пакаяньня».
18 Тады вучні Янавы й фарысейскія пасьцілі, і вось падыходзяць і кажуць Яму: «Чаму вучні Янавы й фарысейскія посьцяць, а Твае вучні ня посьцяць?»
19 I сказаў ім Ісус: «Ці-ж могуць пасьціць сыны бяседы вясельнае, пакуль зь імі жаніх? У часе калі жаніх зь імі, ня могуць пасьціь.
20 Але прыйдуць дні, калі адыймецца ад іх жаніх, і тады будуць пасьціць у дні тыя.
21 I ніхто не прыстаўляе латкі з суравога палатна да старое вопраткі, бо новая латка адарвецца ад старога, і дзірка зробіцца яшчэ большая.
22 I ніхто ня ўлівае сьвежага віна ў старыя мяхі, бо інакш, сьвежае віно прарве старыя мяхі, і віно выцеча, і мяхі зглумяцца, але сьвежае віно трэба наліваць у мяхі новыя».
23 I было-ж, калі праходзіў Ён у сыботу праз поле, між збожжа, і вучні Ягоныя, праходзячы пачалі зрываць калосьсе.
24 I сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, што яны робяць у сыботу, чаго не павінны рабіць». Ён-жа сказаў ім:
25 «Няўжо вы ніколі ня чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу, згаладаў сам і ўсе, што зь ім былі?
26 Калі ўвайшоў ён у дом Божы пры архісьвятару Авіяфару й еў хлеб ахвярны, які не належала есьці нікому, апрача ярэяў, і даў тым, якія былі зь ім».
27 I кажа ім: «Сыбота для чалавека, а не чалавек для сыботы.
28 А таму, Сын Чалавечы — гаспадар і сыботы».