Біблія » Міцкевіч Пераклад Міхася Міцкевіча

Марка 10 Паводле Марка 10 раздзел

2 Ці можна мужу адпускаць жану? 13 Прыносяць да Ісуса дзяцей. 17 Пытаньне багатага, як насьледаваць жыццё вечнае. 28 Аппосталы ўсё пакінулі дзеля Ісуса. 33 Ісус прадракае Сваю сьмерць. 35 Просьба сыноў Заведэевых. 46 Сьляпы Бартымей празрае.
1 I выйшаўшы адтуль, прыходзіць у ваколіцы Юдэйскія за Йарданам; і зноў грамады народу зыйшліся да Яго, і зноў звычаем сваім Ён навучаў іх.
2 I прыступілі фарысеі, і здрадліва пыталіся ў Яго: — ці можна пакідаць жану сваю.
3 Ён-жа ў адказ ім сказаў: — што запавядаў вам Майсей?
4 Яны сказалі: — Майсей дазволіў пісаць разводны ліст і разлучацца.
5 Ісус сказаў ім у адказ: — дзеля жорсткасьці сэрца вашага напісаў ён вам гэты запавет.
6 Але на пачатку тварэньня Бог стварыў іх мужам і жаной.
7 Дзеля таго, пакіне чалавек айца свайго і маці.
8 Ды прыстане да жаны свае, і стануцца двое ў адно цела; дык іх ужо ня два, але адно цела.
9 От-жа, што Бог злучыў, чалавек няхай не разлучае.
10 А дома вучні Ягоныя зноў спыталіся ў Яго пра тое самае.
11 І Ён сказаў ім: — хто пакіне жану сваю і ажэніцца з іншай, той творыць блудадзейньне з ёю.
12 I калі жана пакіне мужа свайго ды выйдзе за другога, — блудадзейнічае.
13 I прыносілі да Яго дзяцей, каб дакранаўся да іх; вучні-ж пярэчылі тым, хто прыносіў.
14 Убачыўшы тое, Ісус угнявіўся і сказаў ім: — пусьцеце дзяцей прыйходзіць да Мяне і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Уладарства Божае.
15 Папраўдзе кажу вам: хто ня прыйме Ўладарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў яго.
16 I абняўшы іх, усклаў на іх рукі і дабраславіў іх.
17 Калі выходзіў Ён у дарогу, чалавек некі, падбегшы, упаў прад Ім на калені і пытаўся ў Яго: — Вучыцель добры, што мне рабіць, каб насьлядаваць жыцьцё вечнае?
18 Ісус сказаў яму: — чаму ты завеш Мяне добрым? ніхто ня добры, толькі адзін Бог.
19 Ведаеш запаветы: не блудадзейнічай, не забівай, ня крадзі, ня сьветчы фальшыва, ня крыўдзі, наважай айца твайго і маці.
20 Той-жа ў адказ сказаў Яму: — Вучыцель, усяго гэтага я трымаўся з дзяцінства.
21 Ісус, узглянуўшы на яго, упадабаў яго і сказаў яму: — аднаго табе нестае: ідзі, прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходь ды йдзі сьледам за Мною, узяўшы крыж.
22 Той-жа засмуціўся ад гэтага слова, і адыйшоў з жалем, бо меў вялікую маемасьць.
23 Ісус-жа, глянуўшы навокал, кажа вучням Сваім: — як цяжка маючым багацьце ўвайсьці у Ўладарства Божае!
24 Вучні моцна зьдзівіліся з гэтых слоў; але Ісус зноў зьвярнуўся да іх, кажучы: — дзеці! як цяжка надзейным на багацьце ўвайсьці у Ўладарства Божае.
25 Лягчэй вярблюду прайсьці праз ігольчына вушы, як багатаму ўвайсьці у Ўладарства Божае.
26 Яны-ж яшчэ больш зьдзівіліся ды гаварылі між сабою: — хто-ж тады можа быць збавены?
27 Ісус, узглянуўшы на іх, прамовіў: — для людзей гэта немагчыма, але не для Бога, бо ўсё магчыма ў Бога.
28 I пачаў Пётра гаварыць Яму: — вось мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табою.
29 Ісус у адказ яму прамовіў: — папраўдзе кажу вам: няма нікога, хто пакінуў-бы дом, або братоў, ці сёстраў, ці айца, ці маці, ці жану, ці дзяцей, ці землі дзеля Мяне і Евангельля,
30 і не дастаў-бы цяпер, у гэты час уціску ў стакроць больш — і дамоў, і братоў, і сёстраў, і бацькоў, і матак, і дзяцей, і грунтаў, а ў веку прышлым — жыцьця вечнага.
31 Бо шмат хто з першых стануцца апошнімі, і шмат хто з апошніх стануцца першымі.
32 Былі-ж яны ў дарозе да Ерусаліму; Ісус ішоў наперадзе, а яны, пранятыя страхам, ішлі сьледам за Ім. I ўзяўшы зноў дванаццацёх, пачаў ім гаварыць, што з Ім мае стацца.
33 — Вось мы ўваходзім у Ерусалім, і Сын Чалавечы выданы будзе архісьвятаром і кніжнікам, і засудзяць Яго на сьмерць, і выдадуць Яго паганам.
34 I назьдзекуюцца з Яго, і аплююць Яго, і будуць біць Яго, і заб'юць Яго, і на трэйці дзень уваскросьне.
35 Тады падыйшлі да Яго Якуб і Ян, сыны Завадэевы, і сказалі: — Вучыцель, мы хочам, каб Ты зрабіў для нас, чаго папросім.
36 Ён-жа сказау: — што хочаце, каб Я зрабіў вам?
37 Яны-ж сказалі: — дазволь нам сесьці пры Табе, аднаму з правай руцэ, а другому па левай, у славе Тваёй.
38 Але Ісус сказаў ім: — ня ведаеце, чаго просіце: ці можаце піць чару, якую Я п'ю, і хрысьціцца хрышчэньнем, якім Я хрышчуся?
39 Яны-ж кажуць Яму: — можам; Ісус-жа сказаў ім: — чару якую Я п'ю, вы піць будзеце, і хрышчэньне, якім Я хрышчуся, хрышчаны будзеце.
40 Але даць сесьці па правай ці левай руцэ ў Мяне ня Мне даваць, але каму прызначана.
41 Іншыя дзесяць, пачуўшы гэтае, пачалі злавацца на Якуба і Яна.
42 Ісус-жа, падклікаўшы іх, сказаў ім: — вы ведаеце, што тыя, хто становяцца правіцелямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іхныя камандуюць імі.
43 Але між вамі ня гэтак: а хто хоча стацца большым між вамі, няхай будзе вам слугою.
44 I хто хоча стацца першым між вамі, няхай будзе слугою ўсім.
45 Бо і Сын Чалавечы не па тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць душу Сваю за выбаўленьне многіх.
46 I прыходзяць у Ерыхон; а калі Ён выйходзіў з Ерыхону з вучнямі Сваімі і з мноствам народу, пры дарозе сядзеў сьляпы Варцімей, сын Цімея, просячы падаяньня.
47 I пачуўшы, што ёсць Ісус Назаранін, пачаў усклікаць, вымаўляючы: — Ісусе, Сыне Давыдаў, зьмілуйся нада мною.
48 Многія прыгражалі яму, каб маўчаў, але ён яшчэ мацней галасіў: — Ісусе, Сыне Давыдаў, зьлітуйся нада мною.
49 Ісус, запыніўшыся, сказаў паклікаць яго; і паклікалі сьляпога, кажучы яму: — падбадзёрся, уставай, Ён кліча цябе.
50 І ён схапіўся на ногі, скінуў з сябе верхнюю вопратку і прыйшоў да Ісуса.
51 Iсус, зьвярнуўшыся да яго, прамовіў: — што хочаш, каб зрабіў табе? сьляпы-ж сказаў Яму: — Вучыцелю! каб я мог бачыць.
52 І сказаў яму Ісус: — ідзі! вера твая ацаліла цябе, і ўраз вярнуўся яму зрок яго, і ён пайшоў па дарозе за Ісусам.

Зноскі:

9 што Бог — ці — каторае Бог.
27 для людзей — ці — у людзей.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Сьвятое Евангельле Марка, 10 раздзел. Пераклад Міхася Міцкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Марка 10 раздзел в переводах:
Марка 10 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.