1 Паўла ж, гледзячы адважна на раду, гаворыць: «Мужы браты! Да сённяшняга дня я жыў на віду Бога з заўсёды чыстым сумленнем».
2 Тады першасвятар Ананія загадаў тым, што пры ім стаялі, ударыць яго ў твар.
3 Дык Паўла сказаў яму: «Хай ударыць цябе Бог, сцяна падбеленая! Бо ты сеў мяне судзіць паводле закону, а загадваеш мяне біць насуперак закону».
4 А тыя, якія пры ім стаялі, сказалі: «Першасвятара Божага абражаеш?»
5 Сказаў Паўла: «Не ведаў, браты, што гэта першасвятар. Бо напісана: “Кіраўніка народа твайго не абражай”».
6 І Паўла, ведаючы, што тут адна частка садукеяў, а другая — фарысеяў, закрычаў перад радай: «Я — фарысей, мужы браты, і сын фарысееў! Стаю перад судом за надзею на ўваскрэсенне з мёртвых».
7 Калі гэта сказаў, узнялася звадка паміж фарысеямі і садукеямі, і грамада раздзялілася.
8 Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрэсення, ані анёла, ані Духа, а фарысеі прызнаюць адно і другое.
9 І зрабіўся вялікі лямант, і, ускочыўшы, некаторыя кніжнікі з фарысейскага боку зацята крычалі: «Нічога благога ў гэтым чалавеку не знайшлі мы. Можа, сапраўды гаварыў да яго Дух або анёл [, дык не будзем змагацца супраць Бога]».
10 І, калі дайшло да вялікага забурэння, трыбун, баючыся, каб яны не разарвалі Паўлу, загадаў жаўнерам сысці, і забраць яго ад іх, і завесці ў крэпасць.
11 У наступную ноч аб’яўляецца яму Госпад і гаворыць: «Будзь мужны! Трэба, каб ты і ў Рыме сведчыў пра Мяне падобным чынам, як у Ерузаліме».
12 А як настаў дзень, учынілі змову юдэі і пакляліся, што не будуць есці і піць, пакуль не заб’юць Паўлу.
13 І было больш за сорак чалавек, што ўчынілі гэтакую прысягу.
14 Яны пайшлі да першасвятароў і старэйшын і сказалі: «Мы пакляліся клятваю нічога не браць у вусны, пакуль не заб’ём Паўлу.
15 Цяпер вы, разам з радай, паведаміце трыбуну, каб ён прывёў яго да вас, нібыта каб лепш даследаваць нешта пра яго, а мы гатовы забіць яго перш, чым ён дойдзе».
16 Калі пра змову пачуў сын сястры Паўлы, прыйшоў ды ўвайшоў у крэпасць, і абвясціў пра гэта Паўлу.
17 Паўла ж паклікаў аднаго з сотнікаў і сказаў: «Завядзі гэтага юнака да трыбуна, бо мае нешта яму паведаміць».
18 Дык той узяў яго з сабой, завёў да трыбуна і гаворыць: «Вязень Паўла пазваў мяне і папрасіў, каб я завёў да цябе гэтага юнака, які мае нешта табе сказаць».
19 Трыбун узяў яго за руку і, адышоўшы з ім на бок, запытаўся: «Што маеш мне сказаць?»
20 Ён сказаў: «Юдэі вырашылі прасіць цябе, каб заўтра прывёў Паўлу ў раду, нібыта каб лепш даследаваць нешта пра яго.
21 Ты, аднак, не вер ім, бо болей сарака з іх цікуе на яго. Яны пакляліся клятвай не есці і не піць, пакуль не заб’юць яго, і ўжо прыгатаваліся, чакаючы твайго дазволу».
22 Дык трыбун адпусціў юнака і загадаў: «Нікому не гавары тое, што ты мне паведаміў».
23 І, паклікаўшы двух сотнікаў, сказаў: «Прыгатуйце дзвесце жаўнераў, каб ішлі ў Цэзарэю, а таксама семдзесят коннікаў ды дзвесце дзіднікаў а трэцяй гадзіне ночы.
24 Прыгатуйце і жывёлу да язды, каб, пасадзіўшы Паўлу на яе, здаровага даставілі намесніку Фэліксу».
25 Напісаў прытым ліст такога зместу:
26 «Клаўдзій Лісій найдастойнейшаму намесніку Фэліксу — прывітанне.
27 Гэтага чалавека схапілі юдэі і хацелі забіць. Я ж, паспяшаўшы з войскам, вырваў яго, даведаўшыся, што ён — рымлянін.
28 Хочучы ведаць прычыну, дзеля якой яго вінавацілі, адвёў яго ў іх раду
29 і знайшоў, што вінавацяць яго ў спрэчных пытаннях іх закону, але ні ў якім злачынстве, вартым смерці або астрога.
30 Калі ж мне паведамілі аб змове, што рыхтуецца супраць [гэтага] чалавека, я выслаў яго безадкладна да цябе, паведамляючы абвінаваўцам, каб выказваліся супраць яго перад табой».
31 Дык жаўнеры паводле загаду ўзялі Паўлу і ўночы прывялі яго ў Антыпатрыду.
32 Назаўтра, адправіўшы коннікаў, каб пайшлі разам з ім, самі вярнуліся ў крэпасць.
33 Тыя ж, калі прыбылі ў Цэзарэю, аддалі ліст намесніку ды паставілі Паўлу перад ім.
34 А ён, прачытаўшы, спытаў, з якой ён правінцыі. Калі ж даведаўся, што з Цыліцыі,
35 сказаў: «Выслухаю цябе, калі прыбудуць твае абвінаваўцы». І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Ірада.