Библия Чарняўскі-12 Пераклад Чарняўскага 2012

Дзеі, 14 Дзеі Апосталаў, 14 глава

1 І сталася ў Іконіі, што падобным чынам увайшлі яны ў юдэйскую сінагогу і прамаўлялі так, што вялікае мноства юдэяў і грэкаў уверыла.
2 Але тыя юдэі, што не ўверылі, падбуралі і раздражнялі паганаў супраць братоў.
3 Аднак Паўла і Барнаба прабылі там доўгі час, дзейнічаючы з вераю ў Госпада, Які сведчыў слова ласкі Сваёй і даваў цуды і знакі чыніць іх рукамі.
4 Дык жыхары горада падзяліліся: і адны былі з юдэямі, а другія — з апосталамі.
5 Калі, аднак, пагане і юдэі сумесна з начальнікамі сваімі пачалі намагацца, каб зняважыць іх і ўкаменаваць,
6 яны ўцяклі ў гарады лікаонскія, Лістру і Дэрбу, і ў іх ваколіцы,
7 і там абвяшчалі Евангелле.
8 І сядзеў у Лістры адзін чалавек, хворы на ногі, калека ад нараджэння свайго, які ніколі не хадзіў.
9 Ён пачуў, што казаў Паўла. Той жа глянуў на яго ўважна ды, бачачы, што ён мае веру, каб быць збаўленым,
10 сказаў моцным голасам: «Стань проста на ногі твае!» І той падскочыў і стаў хадзіць.
11 І людзі, бачачы, што ўчыніў Паўла, узвысілі голас свой, кажучы па-лікаонску: «Багі сталіся падобнымі да людзей і сышлі да нас!»
12 І назвалі Барнабу Зеўсам, а Паўлу — Гермесам, бо ён быў правадыром у слове.
13 А святар храма Зеўса, які быў перад горадам, прывёў да брамы валоў ды прынёс вянкі і хацеў разам з народам скласці ахвяру.
14 Калі пра гэта даведаліся Барнаба і Паўла, раздзёрлі адзенне ды кінуліся ў народ, крычучы
15 і кажучы: «Людзі, што гэта вы робіце? І мы людзі смяротныя, падобныя да вас, абвяшчаем вам Евангелле, каб вы адвярнуліся ад гэтых марнасцей да Бога жывога, Які стварыў неба, і зямлю, і мора, ды ўсё, што ў іх ёсць.
16 Дапусціў Ён у даўнейшых пакаленнях, каб усе народы хадзілі сваімі дарогамі,
17 але не пераставаў сведчыць аб Сабе, чынячы дабро, даючы вам дажджы, урадлівую пару, напаўняючы ежай і радасцю сэрцы вашы».
18 І гэтымі словамі ледзь стрымалі натоўп, каб не складалі ім ахвяры.
19 Тым часам падышлі юдэі з Антыёхіі і Іконіі і, падбурыўшы людзей, укаменавалі Паўлу ды выцягнулі яго за горад, думаючы, што ён мёртвы.
20 Але калі сабраліся вакол яго вучні, ён, узняўшыся, пайшоў у горад. А на другі дзень разам з Барнабам накіраваўся ў Дэрбу.
21 І ў гэтым горадзе прапаведавалі Евангелле, і навучалі многіх, а пасля вярнуліся ў Лістру, Іконію ды Антыёхію,
22 умацоўваючы душы вучняў, [навучаючы] іх трыванню ў веры і што каб увайсці ў Валадарства Божае, трэба прайсці праз многа прыцясненняў.
23 Потым з малітвай і постам для кожнай царквы прызначылі з іх ліку старэйшых ды даручылі іх Госпаду, у Якога ўверылі.
24 І, праходзячы ў Пісідыю, прыйшлі ў Памфілію,
25 і прапаведавалі слова ў Пэргэ, а затым пайшлі ў Аталію.
26 І адтуль паплылі ў Антыёхію, адкуль былі аддадзены ласцы Божай на справу, якую выканалі.
27 І, калі прыйшлі і склікалі царкву, расказалі, што Бог учыніў з імі, ды як адкрыў Ён дзверы веры паганам.
28 І шмат часу былі яны сярод вучняў.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 14 глава. Пераклад Чарняўскага 2012

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.