1 Аднойчы Пётра і Ян уваходзілі ў святыню а гадзіне дзевятай маліцца.
2 І ўносілі аднаго чалавека, які быў кульгавы ад улоння маці сваёй, якога клалі штодзень ля брамы святыні, званай Прыгожай, каб прасіў міласціну ў тых, што ўваходзілі ў святыню.
3 Ён, убачыўшы Пётру і Яна, якія збіраліся ўвайсці ў святыню, прасіў, каб далі яму міласціну.
4 Тады Пётра з Янам, гледзячы на яго, сказалі: «Зірні на нас!»
5 А ён глядзеў на іх, спадзеючыся нешта ад іх атрымаць.
6 Тады Пётра сказаў: «Срэбра і золата няма ў мяне, але што маю, тое дам табе: у імя Ісуса Хрыста з Назарэта ўстань і хадзі!»
7 І, узяўшы яго за правую руку, падняў яго; і зараз акрэплі ногі і стопы яго,
8 і ён, ускочыўшы, стаў на нагах, і хадзіў, ды ўвайшоў з імі ў святыню, ходзячы, і падскокваючы, і славячы Бога.
9 І ўвесь народ убачыў яго, як хадзіў і славіў Бога,
10 і пазнавалі яго, што гэта той самы чалавек, які дзеля міласціны сядзеў ля Прыгожай брамы святыні; дык напоўніла іх здзіўленне і недаўменне з прычыны таго, што напаткала яго.
11 А як ён трымаўся Пётры і Яна, увесь народ у здзіўленні збегся да іх у прысенак, званы Саламонавым.
12 Бачачы гэта, Пётра прамовіў да народа: «Мужы ізраэльскія, чаму дзівіцеся з гэтага ды чаму так углядаецеся на нас, быццам мы сваёй моцай або пабожнасцю справілі тое, што ён ходзіць?
13 Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба, Бог бацькоў нашых уславіў Паслугача Свайго Ісуса, Якога вы выдалі ды адракліся перад абліччам Пілата, калі ён вырашыў вызваліць Яго;
14 вы ж адракліся Святога і Справядлівага і прасілі даць вам забойцу,
15 а Правадыра жыцця забілі, але Бог падняў Яго з мёртвых, і мы — сведкі гэтага.
16 І праз веру ў імя Яго — гэтага [чалавека], якога вы бачыце і ведаеце, умацавала імя гэтае, і вера, што праз Яго, дала яму гэтае аздараўленне перад вамі ўсімі.
17 Але я цяпер ведаю, браты, што гэта вы зрабілі па няведанні, як і начальнікі вашы;
18 а Бог такім чынам здзейсніў тое, што прадказаў вуснамі ўсіх [Сваіх] прарокаў, што Хрыстос Яго будзе цярпець.
19 Дык навярніцеся і перамяніцеся, каб грахі вашы былі скасаваны,
20 каб насталі часы астуды ад Госпада і каб Ён паслаў Таго, Якога прадказаў вам, Хрыста Ісуса,
21 Якога неба мусіць затрымаць аж да часу аднаўлення ўсяго, як спрадвеку прадказваў Бог вуснамі [ўсіх] святых Сваіх прарокаў.
22 Майсей жа сказаў: “Прарока такога, як я, паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых. Слухайце Яго ва ўсім, што Ён вам скажа.
23 І будзе: кожная душа, якая не паслухае гэтага Прарока, будзе выкаранена з народа”.
24 І прадказвалі гэтыя дні таксама ўсе прарокі ад часоў Самуэля і тыя, што пасля яго прамаўлялі.
25 Вы — сыны прарокаў і запавету, які Бог заключыў з бацькамі вашымі, калі, кажучы, сказаў Абрагаму: “У нашчадках тваіх дабраславёныя будуць усе зямныя народы”.
26 Вам найперш Бог, падняўшы Сына Свайго [Ісуса], паслаў Яго, каб дабраславіў кожнага з вас на тое, каб кожны адвярнуўся ад нягоднасці сваёй».