Библия Чарняўскі-12 Пераклад Чарняўскага 2012

Дзеі, 26 Дзеі Апосталаў, 26 глава

1 Агрыпа гаворыць да Паўлы: «Дазваляецца табе гаварыць у тваю абарону». Тады Паўла, працягнуўшы руку, пачаў апраўдвацца:
2 «Цар Агрыпа! Лічу я сябе шчаслівым, што магу сёння выступаць у абарону сваю перад табой адносна ўсяго, у чым вінавацяць мяне юдэі.
3 Тым больш, што ты ведаеш усё, што звычайнае і спрэчнае сярод юдэяў; таму прашу цярпліва мяне выслухаць.
4 Жыццё маё ад маладосці, якое праходзіла ў народзе маім і ў Ерузаліме, ведаюць усе юдэі.
5 Яны добра ведаюць мяне ад пачатку і, каб хацелі, маглі б засведчыць, што я, як фарысей, жыў паводле звычаяў найдасканалейшага вучэння нашай рэлігіі.
6 І цяпер стаю перад судом за надзею на тое, што было абяцана ад Бога бацькам нашым,
7 на выкананне гэтага спадзяюцца дванаццаць пакаленняў нашых, служачы заўсёды, днём і ўночы. Дзеля гэтае надзеі, цару, і вінавацяць мяне юдэі.
8 Чаму вам здаецца немагчымым, што Бог уваскрашае памерлых?
9 Калісьці і мне самому здавалася, што мушу чыніць многа перашкод імені Ісуса з Назарэта,
10 што і рабіў у Ерузаліме; і, атрымаўшы ўладу ад першасвятароў, кідаў у вязніцы шматлікіх святых, і аддаваў голас «за», калі іх забівалі.
11 І часта ва ўсіх сінагогах карамі прымушаў іх да блюзнення, і пераследаваў іх празмерна нават па іншых гарадах.
12 І так ішоў я ў Дамаск з уладаю і з даручэннем ад першасвятароў,
13 і ў дарозе апоўдні ўбачыў я, о цару, святло з неба, ярчэйшае за ззянне сонца, якое агарнула мяне і тых, што ішлі разам са мной.
14 І, калі ўпалі мы ўсе на зямлю, пачуў я голас, што гаварыў да мяне на гебрайскай мове: “Саўле, Саўле, чаму Мяне пераследуеш? Цяжка табе ўпірацца супраць ражна!”
15 Я сказаў: “Хто Ты, Госпадзе?” А Госпад адказаў: “Я — Ісус, Якога ты пераследуеш.
16 Але падыміся і стань на ногі свае, бо аб’явіўся Я табе, каб паставіць цябе паслугачом і сведкам таго, што ты пабачыў, ды таго, што табе аб’яўлю,
17 і абараню цябе ад народа і ад паганаў, да якіх цябе пасылаю,
18 каб адкрыў ты ім вочы, каб павярнуліся ад цемры да святла і ад улады шатана да Бога, каб атрымалі адпушчэнне грахоў і ўдзел са святымі праз веру ў Мяне”.
19 Адсюль, цару Агрыпа, не мог я працівіцца з’яве з неба,
20 але перш тым, што ў Дамаску, і ў Ерузаліме, і ва ўсёй краіне Юдэі, і паганам прапаведаваў, каб пакаяліся ды навярталіся да Бога і спаўнялі ўчынкі праўдзівага навяртання.
21 З гэтай прычыны, схапіўшы мяне, калі я быў у святыні, юдэі спрабавалі мяне забіць.
22 Але з дапамогай Божай жыву да сёння і стаю, сведчачы малым і вялікім, не кажучы нічога звыш таго, што прадказвалі прарокі і Майсей,
23 што Хрыстос мае цярпець, што будзе Першым уваскрослым з мёртвых ды што будзе прапаведаваць святло для народа і для паганаў».
24 А калі ён так выступаў у абароне, Фэст гучным голасам сказаў: «Паўле, ты адурнеў. Вялікая навука давяла цябе да вар’яцтва».
25 А Паўла адказаў: «Дастойнейшы Фэст, я не вар’ят, але гавару словы праўды і разважнасці!
26 Ведае пра гэта цар, да якога гавару смела. Я мяркую, што нічога з гэтага для яго не таямніца, бо адбывалася яно не ў нейкім закутку.
27 Ці верыш, цар Агрыпа, прарокам? Ведаю, што верыш».
28 На гэта Агрыпа [сказаў] Паўлу: «Ты амаль пераканаў мяне стаць хрысціянінам!»
29 А Паўла: «Я маліў бы Бога, каб хутка ці няскора не толькі ты, але таксама ўсе, што мяне сёння слухаюць, сталіся б такімі, як я, апрача гэтых путаў».
30 І ўстаў цар, і намеснік, і Берэніка, ды тыя, што з імі сядзелі,
31 і, выходзячы, гаварылі адзін аднаму, кажучы: «Гэты чалавек не зрабіў нічога, вартага смерці або вязніцы».
32 А Агрыпа сказаў Фэсту: «Можна было б адпусціць яго, калі б ён не апеляваў да цэзара».
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Дзеі Апосталаў, 26 глава. Пераклад Чарняўскага 2012

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Толкования Августина
  8. Библия говорит сегодня
  9. Комментарии Скоуфилда
  10. Комментарии Баркли
  11. Серия комментариев МакАртура
  12. Толкование Иоанна Златоуста
  13. Толкование Феофилакта Болгарского
  14. Новый Библейский Комментарий
  15. Лингвистический. Роджерс
  16. Комментарии Давида Стерна
  17. Ветхий Завет в Новом
  18. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.