Быцьцё 14 глава

Першая кніга Масеява: Быцьцё
Пераклад Яна Станкевіча → Перевод Еп. Кассиана

 
 

І сталася за дзён Амрафела, караля Шэнарскага, Арыёха, караля Еласарскага, Кедорлаомера, караля Еламскага, і Фідала, караля Ґоімскага,
 

Учынілі вайну з Бэраю, каралём Содомскім, Біршаю, каралём Ґоморскім, Шынавам, каралём Адмы, Шэмеверам, каралём Сэвойскім, і з каралём Беламскім, значыцца Зоарскім.
 

Усі яны злучыліся ў даліне Сыдым — яна ж Мора Салонае.
 

Двананцаць год яны служылі Кедорлаомеру, а трынанцатага году спрацівіліся.
 

У чатырнанцатым годзе прышоў Кедорлаомер а каралі, каторыя зь ім, і пабілі Рэфаімаў ув Аштэроф-Карнаіме, і Зузымаў у Гаме, і Емімаў у Шаве-Ірафаіме,
 

І Горэеў на гары іхнай Сэіру, аж да Эл-Парана, каторы на пустыні.
 

І зьвярнуліся, і прышлі да жарала Мішпат, каторы ёсьць Кадэс, і пабілі ўсе поле Амаліка, і таксама Аморэя, што жывець у Хаццон-Амары.
 

І вышаў кароль Содомскі, кароль Ґоморскі, кароль Адмы, кароль Сэвоімскі і кароль Беламскі, значыцца Заорскі, і зладзіліся да вайны зь імі ў даліне Сыддым,
 

Зь Кедорлаомерам, каралём Еламскім, і Фідалом, каралём Ґоімскім, і Амрафелам, каралём Шэнарскім, і Арыёхам, каралём Еласарскім; чатырох каралёў супроці пяцёх.
 

У даліне ж Сыддым былі ямы, ямы смаляныя. І, пусьціўшыся ўцекі, кароль Содомскі а Ґоморскі ўваліліся ў іх, а засталыя ўцяклі на гару.
 

І забралі ўсю маемасьць Содомы а Ґоморы, і ўсю еміну іхную, і адышлі.
 

І забралі Лота, братаніча Абрамовага, і маемасьць ягоную, і пайшлі, а ён жыў у Содоме.
 

І прышоў уцеклы, і наказаў Абраму Гэбрэю, а ён жыў у дуброве Мамрэ, Аморэяніна, брата Эшколы а брата Анера, каторыя былі хаўрусьнікі Абрамовы.
 

І Абрам, пачуўшы, што ўзяты ў палон брат ягоны, узброіў гадунцоў сваіх, народжаных у дамове ягонай, трыста асьмінанцацёх, і пагнаўся аж да Дана;
 

І падзяліўшыся супроці іх ночы, сам і слугі ягоныя, і пабіў іх, і гнаў іх аж да Говы, каторая налева ад Дамашку.
 

І зьвярнуў усю маемасьць, і Лота, брата свайго, і маемасьць ягоную зьвярнуў, таксама й жанкі, і люд.
 

І вышаў кароль Содомскі яму на пярэймы, як ён зьвярнуўся просьле пабіцьця Кедорлаомера а каралёў, што былі зь ім, у даліну Шаве — яна даліна каралёва.
 

І Мельхісэдэк, кароль Салімскі, вынес хлеб а віно. І ён сьвятар у Бога Навышшага.
 

І дабраславіў яго, і сказаў: «Дабраславёны Абрам ад Бога Навышшага, Валадара неба й зямлі;
 

І дабраславёны Бог Навышшы, Каторы перадаў непрыяцеляў тваіх у рукі твае». І даў яму дзясяціну з усёга.
 

І сказаў кароль Содомскі Абраму: «Дай імне душы, а маемасьць вазьмі сабе».
 

І сказаў Абрам каралю: «Я падыймаў руку сваю да СПАДАРА Магучага, Навышшага, Валадара неба й зямлі,
 

што ад ніткі аж да рэменчыка з вобую не вазьму з усёга твайго, і каб ты не сказаў: "Я забагаціў Абрама",
 

Апрача тога толькі, што зьелі маладзёны, і дзелі людзёў, што хадзілі з імною, Анера, Эшколы а Мамра; гэтыя возьмуць дзель сваю».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.