Святарская 2 глава

Кніга Святарская
Пераклад Чарняўскага 2017 → Перевод Еп. Кассиана

 
 

Калі хто будзе складаць ахвяру Госпаду з ежы, яго ахвярай будзе мука, і хай увалье ў яе алею і пакладзе кадзіла,
 

потым прынясе яе да святароў, сыноў Аарона, і возьме святар з таго поўную жменю мукі з алеем і ўсё кадзіла, ды спаліць гэта святар як памятную частку на ахвярніку; гэта ахвяра агнявая, на пах найпрыемнейшы Госпаду,
 

а што застанецца ад ахвяры, будзе для Аарона і сыноў яго. Гэта найсвяцейшая частка з ахвяр, паленых для Госпада.
 

Калі захочаш скласці ахвяру з мукі, хай гэта будуць праснакі, спечаныя ў печы і запраўленыя алеем, ці хай аладкі прэсныя, памазаныя алеем.
 

Калі ахвяра твая будзе з патэльні, то хай будзе пшанічная мука неквашаная ды запраўленая алеем.
 

Падзеліш яе на кавалкі і пальеш яе алеем. Гэта вось ахвяра з мукі.
 

Калі ахвяра твая будзе з гаршка, смажаная, то хай таксама будзе мука запраўлена алеем.
 

Тады прынясеш з гэтага прыгатаваную ахвяру Госпаду і аддасі ў рукі святара, а ён прынясе яе да ахвярніка;
 

і возьме памятную частку ахвяры ды спаліць на ахвярніку: гэта ахвяра агнявая, на прыемны пах Госпаду.
 

А ўсё, што застанецца, будзе для Аарона і сыноў яго. Гэта найсвяцейшая частка з ахвяр, паленых для Госпада.
 

Усякая ахвяра з мукі, якую складаеце Госпаду, хай не будзе квашанай, бо нічога квашанага, ані мёду не павінны вы спальваць у ахвяру Госпаду.
 

Толькі пяршыні з гэтага прынясіце як дары Госпаду, але хай не ўскладаюцца яны на ахвярнік, каб спаліць на пах прыемны.
 

Кожную ахвяру, якую складаеш з мукі, пасалі соллю. І не пакідай ахвяры тваёй без солі запавету Бога твайго. Кожную ахвяру тваю пасалі соллю.
 

Калі прыносіш ахвяру з пяршынь пладоў тваіх Госпаду, то прынось каласы, высушаныя на агні, або тоўчанае зерне свежых каласоў на ахвяру першых пладоў тваіх,
 

паліўшы іх алеем і паклаўшы на іх кадзіла. Гэта ахвяра з мукі.
 

І спаліць святар як памятную частку з тоўчанага зерня і алею з усім кадзілам. Гэта ахвяра агнявая для Госпада.
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.