Лічбаў 6 глава

Кніга Лічбаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Перевод Еп. Кассиана

 
 

І сказаў Госпад Майсею, гаворачы:
 

«Аб’яві сынам Ізраэля і скажы ім: “Калі мужчына або жанчына складуць зарок назіру, каб пасвяціць сябе Госпаду,
 

хай яны ўстрымаюцца ад віна і ўсяго, што можа ап’яніць; хай не п’юць яны воцату з віна і ўсякага іншага пітва, што выціскаецца з вінаграду; хай не ядуць свежага вінаграду і сушанага
 

ва ўсе дні, у якія згодна з зарокам яны прысвячаюць сябе Госпаду; хай не ядуць нічога, што можа быць у вінаградніку: ад няспелага вінаграду аж да выцісканага.
 

Увесь час аддзялення яго хай нажніцы не дакрануцца да галавы яго аж да заканчэння часу, на які ён прысвячае сябе Госпаду; хай будзе ён святы ды мае даць свабоду валасам расці на галаве.
 

Увесь час прысвячэння свайго не павінен ён падыходзіць да нябожчыка;
 

і хай пры пахаванні нават бацькі, маці, брата або сястры не апаганіцца, бо прысвячэнне Богу яго — на галаве яго.
 

Ва ўсе дні аддзялення свайго хай святым будзе для Госпада.
 

А калі хто раптам пры ім памрэ, апаганіцца галава прысвячэння яго; так што хай зараз жа паголіць галаву ў дзень ачышчэння свайго, гэта значыць у сёмы дзень.
 

У восьмы ж дзень хай прынясе дзвюх туркавак або двух маладых галубоў святару да ўваходу ў палатку сустрэчы,
 

і хай аднаго прынясе святар у ахвяру за грэх, а другога ў ахвяру цэласпалення, і хай ачысціць яго, бо зграшыў ён дзеля нябожчыка, і ў той дзень хай асвяціць галаву яго,
 

і хай прысвяціць ён Госпаду дні аддзялення свайго, прыносячы ў ахвяру ягня аднагадовае за злачынства; такім чынам, аднак, каб дні папярэднія былі несапраўднымі, бо прысвячэнне яго абняславілася.
 

Гэта — закон прысвячэння; калі дні, якія ён вызначыў згодна з зарокам, пройдуць, хай прывядуць яго да ўваходу ў палатку сустрэчы,
 

а ён хай прынясе сваю ахвяру Госпаду — адно аднагадовае ягня без заганы ў ахвяру цэласпалення, і адну аднагадовую авечку без заганы ў ахвяру за грэх, ды аднаго барана без заганы ў ахвяру прымірэння,
 

таксама кошык хлябоў прэсных, запраўленых алеем, з мукі пшанічнай, і праснакі без рошчыны, запраўленыя алеем, і ахвяру з ежы, і ахвяру да ўзлівання — кожную асобна.
 

Святар хай занясе гэта перад Госпадам і ўскладзе ахвяру за грэх і ахвяру цэласпалення;
 

а барана хай прынясе Госпаду ў ахвяру прымірэння разам з кошыкам праснакоў; і хай ускладзе святар ахвяру з ежы і ахвяру ўзлівання.
 

Тады хай паголіць назір ля ўваходу ў палатку сустрэчы валасы свайго прысвячэння, і возьме валасы свае, і кіне іх у агонь, што гарыць пад ахвярай прымірэння;
 

і хай возьме святар звараную лапатку барана, і адзін хлеб без рошчыны з каша, і адну прэсную аладку, і хай аддасць іх у рукі назіра, пасля таго як будзе паголена галава яго;
 

і хай святар дары ўзніме перад Госпадам; гэта бо дар святы, які належыць святару, апрача грудзіны ўздымання і пляча, адкладзенага на ахвяру. Пасля гэтага назір можа піць віно.
 

Гэта — закон адносна назіра, які прысвяціў ахвяру сваю Госпаду ў час прысвячэння свайго, апрача таго, што набывае рука яго. Згодна са сваім зарокам, што даў ён, павінен ён так рабіць паводле закону прысвячэння свайго”».
 

І казаў Госпад Майсею, гаворачы:
 

«Скажы Аарону і сынам яго: “Так дабраслаўляйце сыноў Ізраэля і кажыце:
 

“Хай дабраславіць цябе Госпад і захоўвае цябе!
 

Хай асвеціць цябе Госпад святлом твару Свайго і хай злітуецца Ён над табою!
 

Хай зверне Госпад аблічча Сваё да цябе і хай дасць табе супакой!”
 

І хай так прызываюць імя Маё на сыноў Ізраэля, і Я буду іх дабраслаўляць».
 



2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.