Библия Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Эклезіяста, 2 Эклезіяста, 2 глава

1 Сказаў я ў сэрцы маім: “Вось жа цяпер паспрабую радасьць і пагляджу на тое, што добрае”, але гэта таксама марнасьць.
2 Пра сьмех сказаў я: “Шаленства!”, і пра радасьць: “Што яна зробіць?”
3 Вырашыў я ў сэрцы маім дазволіць целу майму віно, але каб сэрца маё кіравалася мудрасьцю, і трымацца глупоты, аж пакуль ня ўбачу, што добра для сыноў чалавечых, каб рабіць пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго.
4 Я павялічыў справы свае: пабудаваў сабе дамы і пасадзіў для сябе вінаграднікі,
5 залажыў для сябе сады і гаі, і пасадзіў у іх усялякіх дрэваў пладовых,
6 і зрабіў сабе сажалкі з вадою, каб напойваць лес, у якім растуць дрэвы.
7 Я набыў нявольнікаў і нявольніц, і чэлядзь была ў мяне, таксама статкі валоў і чароды авечак былі ў мяне большыя, чым у-ва ўсіх, што былі раней за мяне ў Ерусаліме.
8 Я назьбіраў сабе таксама срэбра і золата, і каштоўнасьці валадароў і акругаў; завёў сьпевакоў і сьпявачак, і асалоду сыноў чалавечых, мноства наложніцаў.
9 І зрабіўся я вялікшым і заможнейшым за ўсіх, якія былі раней за мяне ў Ерусаліме; а мудрасьць мая была са мною.
10 І ўсё, чаго жадалі вочы мае, я не адмаўляў ім, і не забараняў сэрцу свайму ніякай радасьці, бо сэрца маё радавалася з усёй цяжкай працы маёй, і гэта была доля мая ў-ва ўсёй цяжкай працы маёй.
11 І азірнуўся я на ўсе справы свае, якія зрабілі рукі мае, і на цяжкую працу маю, якую рабіў, працуючы, і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам, і няма карысьці з гэтага пад сонцам.
12 І азірнуўся я, каб паглядзець на мудрасьць, і шаленства, і глупоту, бо што можа зрабіць чалавек, які прыйдзе пасьля валадара, звыш таго, што раней рабілася.
13 І ўбачыў я, што з мудрасьці большая карысьць, чым з глупоты, падобна як карысьць са сьвятла большая, чым з цемры.
14 Мудры [мае] вочы свае ў галаве сваёй, а дурань ходзіць у цемры. І пазнаў я таксама, што тая самая доля спаткае іх усіх.
15 І сказаў я ў сэрцы маім: “Калі адна доля будзе для мяне і для дурня, навошта мне вялікая мудрасьць?” І сказаў я ў сэрцы маім: “Гэта таксама марнасьць”.
16 Бо ня будзе на вякі памяці пра мудрага, як і пра дурня. Тое, што цяпер ёсьць, у дні наступныя ўсё забудзецца, і мудры памірае гэтак сама, як і дурань.
17 І зьненавідзеў я жыцьцё, бо ліхімі былі для мяне справы, што робяцца пад сонцам; бо ўсё — марнасьць і пагоня за ветрам.
18 І зьненавідзеў я ўсю цяжкую працу маю, якой працаваў пад сонцам, якую мушу пакінуць чалавеку, які будзе пасьля мяне.
19 І хто ведае, ці мудрым ён будзе, ці неразумным? А ён будзе панаваць над [пладамі] ўсёй цяжкай працы маёй, дзеля якіх я працаваў і якія мудрасьцю зьбіраў пад сонцам. І гэта таксама марнасьць.
20 І павярнуўся я, каб адцурацца сэрцу майму ад усёй цяжкай працы, якой я працаваў пад сонцам.
21 Бо ёсьць так, што чалавек, які працуе з мудрасьцю, і з веданьнем, і пасьпяхова, аддае набытак свой чалавеку, які не працаваў над гэтым. І гэта таксама марнасьць і вялікае зло.
22 Бо што будзе мець чалавек з усёй цяжкай працы сваёй і турбаваньняў сэрца свайго, якімі ён спрацаваны пад сонцам?
23 Бо ўсе дні ягоныя — боль, і занятак ягоны — смутак, нават уначы не адпачывае сэрца ягонае. І гэта таксама марнасьць.
24 Няма нічога лепшага чалавеку, як есьці і піць, і даваць душы сваёй [карыстацца] дабром цяжкай працы сваёй. Таксама ўбачыў я, што гэта з рукі Божай [паходзіць].
25 Бо хто еў і хто пасьпяшаўся [мець усё] так, як я?
26 Бо чалавеку, які добры перад абліччам Ягоным, Ён дае мудрасьць, і веданьне, і радасьць, а грэшніку дае занятак, каб зьбіраў, і назапашваў, і [потым] аддаў таму, хто добры перад абліччам Божым. І гэта таксама марнасьць і пагоня за ветрам.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Эклезіяста, 2 глава. Пераклад Антонія Бокуна

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Комментарии Скоуфилда


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.