Библия Чарняўскі-03 Пераклад Чарняўскага 2003

Лукі, 24 Паводле Лукі, 24 глава

1 А ў першы дзень тыдня на самым досвітку пайшлі яны да магілы, несучы тыя духмянасці, што прыгатавалі.
2 І ўбачылі, што камень адвалены ад магілы,
3 і, увайшоўшы, не знайшлі цела Госпада Ісуса.
4 І сталася, калі былі збянтэжаны  гэтым, вось, паўсталі перад імі двое мужоў у бліскучых шатах.
5 І, калі яны спалохаліся і схілілі твары свае да зямлі, сказалі ім: «Чаму шукаеце жывога разам з мёртвымі?
6 Няма Яго тут, Ён уваскрос. Прыпомніце, як вам гаварыў, калі яшчэ быў у Галілеі,
7 кажучы: «Трэба Сыну Чалавечаму быць выдадзеным у рукі грэшных людзей, і быць укрыжаваным, і на трэці дзень уваскрэснуць».
8 Яны прыпомнілі гэтыя словы Яго
9 і, вярнуўшыся ад магілы, паведамілі гэта ўсё тым адзінаццаці ды ўсім іншым.
10 Былі ж гэта Марыя Магдалена, і Ёанна, і Марыя Якубава, ды іншыя з імі расказвалі пра гэта апосталам.
11 І словы гэтыя здаліся ім недарэчнасцю, і не паверылі ім.
12 Пётра ж, падняўшыся, пабег да магілы, і, нахіліўшыся, убачыў толькі адну плашчаніцу; і адышоў да сваіх, здзіўлены тым, што сталася.
13 І вось, у той самы дзень двое з іх ішлі ў вёску, што ў шаснаццаці стадыях ад Ерузаліма з назваю Эмаўс,
14 і гаварылі між сабой аб усім, што адбылося.
15 І сталася, калі яны гутарылі і адзін аднаго пыталіся, Сам Ісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі;
16 а вочы іх былі зацемнены, так што не пазналі Яго.
17 І гаворыць ім: «Што гэта за размова, якую вядзеце між сабою, ідучы?» І спыніліся сумныя.
18 І, адказваючы, адзін з іх, імя якому Кляопа, сказаў Яму: «Ці ж ты адзін з падарожнікаў у Ерузалім і не ведаеш, што ў ім гэтымі днямі адбылося?»
19 Ён жа сказаў ім: «Што?» І яны  сказалі Яму: «Наконт Ісуса з Назарэта, Які быў Прарокам, магутным у справах і ў слове перад Богам і перад усім народам,
20 і як выдалі Яго першасвятары і кіраўнікі нашыя на пакаранне смерцю, і ўкрыжавалі Яго.
21 А мы спадзяваліся, што Ён меў адкупіць Ізраэля; і цяпер па ўсім гэтым ужо сёння трэці дзень, як гэта сталася.
22 Але жанчыны некаторыя з нашых, што былі пры магіле на світанні, збянтэжылі нас,
23 і, не знайшоўшы цела Яго, прыйшлі, кажучы, што нават бачылі вобразы анёлаў, якія кажуць, што Ён жывы.
24 Пайшлі таксама да магілы некаторыя з нашых, і тое самае знайшлі, як расказалі жанчыны, але Яго Самога не бачылі».
25 І Ён сказаў ім: «О дурныя і марудныя сэрцам, каб уверыць ва ўсё, што казалі прарокі.
26 Ці не трэба было, каб Хрыстос цярпеў і так увайшоў у славу Сваю?»
27 І,  пачаўшы ад Майсея і ўсіх прарокаў, тлумачыў ім ва ўсіх Пісаннях, што было пра Яго.
28 І так падышлі да селішча, да якога ішлі, і Ён зрабіў выгляд, быццам хацеў ісці далей.
29 Але яны стрымалі Яго, кажучы: «Застанься з намі, бо ўжо вечарэе, і дзень сышоў». І ўвайшоў Ён у дом з імі.
30 І сталася, калі ўзлёг з імі за сталом, узяў хлеб, і блаславіў, і ламаў, і падаваў ім.
31 І адкрыліся вочы іх, і пазналі Яго; але Ён знік з іх вачэй.
32 І сказалі яны адзін аднаму: «Ці ж сэрцы нашыя не гарэлі ў нас, калі размаўляў з намі ў дарозе і адкрыў нам Пісанне?»
33 І, падняўшыся ў тую ж гадзіну, вярнуліся ў Ерузалім, і знайшлі там адзінаццаць, што сабраліся разам, ды тых, што з імі былі,
34 кажучых: «Госпад праўдзіва ўваскрос і паказаўся Сімону».
35 А яны пачалі расказваць, што сталася ў дарозе і як пазналі Яго пры ламанні хлеба.
36 А калі яны гэта расказвалі, Ён Сам паўстаў пасярод іх і кажа ім: «Супакой вам».
37 А яны, стрывожаныя і напалоханыя, думалі, што духа бачаць.
38 І сказаў Ён ім: «Чаго стрывожыліся ды ўсякія думкі ўзнікаюць у вашых сэрцах?
39 Агледзьце рукі Мае і ногі Мае, што гэта Я Сам! Дакраніцеся да Мяне і глядзіце, бо дух не мае цела, ані касцей, што, як бачыце, Я маю».
40 І, калі гэта сказаў, паказаў ім рукі і ногі.
41 А калі яны яшчэ не верылі з радасці і дзівіліся, сказаў ім: «Ці маеце што есці?»
42 І яны падалі Яму частку сухой рыбы.
43 І, узяўшы, еў у прысутнасці іх.
44 І сказаў ім: «Ці ж не такія былі словы, якія Я гаварыў вам, калі быў яшчэ з вамі, што трэба было споўніцца ўсяму, што напісана было пра Мяне ў законе Майсея і ў прарокаў і ў псалмах».
45 Тады адкрыў ім розум, каб зразумелі Пісанні.
46 Ды сказаў ім: «Так было напісана, што Хрысту цярпець і ўваскрэснуць на трэці дзень,
47 і каб у імя Яго прапаведавалася навяртанне дзеля адпушчэння грахоў для ўсіх народаў, пачынаючы ад Ерузаліма.
48 І вы — сведкі гэтага.
49 І вось, Я спашлю на вас абяцанае ад Айца Майго; вы ж заставайцеся ў горадзе, аж будзеце абдараваны магутнасцю з вышыні».
50 Затым вывеў іх вонкі ў Бэтанію і, падняўшы рукі Свае, блаславіў іх.
51 І сталася, калі блаславіў іх, аддзяліўся ад іх і падняўся ў неба.
52 І яны пакланіліся Яму і з вялікай радасцю вярнуліся ў Ерузалім,
53 і былі заўсёды ў святыні, бласлаўляючы Бога.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Лукі, 24 глава. Пераклад Чарняўскага 2003

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.