1 І сталася ў адін з дзён, калі Ён навучаў народ у святыні ды нёс добрую вестку, сабраліся першасвятары і кніжнікі разам са старшынямі
2 і гавораць, кажучы Яму: «Скажы нам: якой уладай Ты гэта робіш, або Хто Табе даў такую ўладу?»
3 А Ён, адказваючы, сказаў ім: «І Я ў вас спытаюся адно слова. Адкажыце мне:
4 Хрост Янаў з неба быў ці ад людзей?»
5 А яны разважалі, кажучы між сабой: «Калі скажам: з неба, скажа нам: «Дык чаму ж вы тады не паверылі?»
6 А калі скажам: ад людзей, увесь народ укамянуе нас, бо перакананы, што Ян — гэта прарок».
7 І адказалі, што не ведаюць адкуль.
8 І Ісус гаворыць ім: «Я таксама не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю».
9 Затым пачаў распавядаць Ісус людзям для параўнання: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік і наняў у яго вінаградараў, а сам аддаліўся на доўгі час.
10 І ў свой час паслаў да вінаградараў слугу, каб аддалі яму частку пладоў вінаградніку; але вінаградары, збіўшы яго, адпусцілі ні з чым.
11 Дык зноў паслаў другога слугу; але і яго, збіўшы і зняважыўшы, адаслалі ні з чым.
12 Нарэшце паслаў трэцяга; яны ж і гэтага, зраніўшы, прагналі.
13 Дык сказаў гаспадар вінаградніку: «Што рабіць? Пашлю сына майго ўлюбёнага; можа, яго ўбачыўшы, ушануюць».
14 Але калі яго ўбачылі вінаградары, разважалі між сабой, кажучы: «Ён спадкаемца. Заб’ём яго, каб нашай стала спадчына!»
15 І, выгнаўшы яго з вінаградніку, забілі. Дык што ж тады зробіць ім гаспадар вінаградніку?
16 Прыйдзе і заб’е гэтых вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым». Тыя, што чулі гэта, сказалі: «О, каб гэтак не было!»
17 Ён жа, гледзячы на іх, гаворыць ім: «Што значыць тады тое, што напісана: «Камень, што адкінулі будаўнікі, стаўся галавою вугла»?
18 Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб’ецца; а на каго ён упадзе, таго сатрэ».
19 І шукалі кніжнікі і першасвятары, як накласці на Яго рукі ў тую гадзіну, але баяліся народа; бо зразумелі, што гэтую прыпавесць гаварыў пра іх.
20 І, каб сачыць за Ім, падаслалі яны шпіёнаў, якія выдавалі сябе за справядлівых, каб падлавіць Яго на словах і такім чынам выдаць Яго начальству і ўладзе намесніка.
21 І спыталіся Яго, кажучы: «Настаўнік, ведаем, што справядліва кажаш і вучыш, і не аглядаешся на асобы людзей, але шляху Божаму праўдзіва навучаеш.
22 Ці належыцца нам плаціць падатак цэзару, ці не?»
23 Ісус, пранікаючы іх подступ, сказаў ім:
24 «Пакажыце мне дынар. Чыя на ім выява і чый надпіс?»
25 Сказалі Яму: «Цэзара». І гаворыць ім: «Дык аддайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».
26 І не маглі падлавіць Яго на слове ў прысутнасці людзей, і, здзівіўшыся адказу Яго, змоўклі.
27 Падышлі таксама некаторыя з садуцэяў, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго,
28 кажучы: «Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі б чый брат, маючы жонку, памёр і быў бы ён без сыноў, хай брат яго возьме жонку яго і хай адродзіць нашчадка брату свайму.
29 Дык было сем братоў: і першы ўзяў жонку і памёр без сыноў;
30 і наступны,
31 і трэці ўзяў яе; і падобным чынам ўсе сямёра памерлі, не пакінуўшы сыноў.
32 Па ўсіх памерла і жанчына.
33 Дык пры ўваскрэсенні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо сямёра мелі яе за жонку?»
34 І гаворыць ім Ісус: «Сыны гэтага веку жэняцца і замуж выходзяць;
35 тыя ж, што прызнаныя дастойнымі ўваскрэсення з мёртвых, замуж не выходзяць ды не жэняцца.
36 Яны ўжо памерці не могуць: бо яны роўныя анёлам і ёсць сыны Божыя, калі стануць сынамі ўваскрэсення.
37 А што мёртвыя ўваскрэснуць, дык ужо Майсей паказаў каля куста ажыны, калі кажа: «Госпад Бог Абрагама і Бог Ізаака і Бог Якуба».
38 Бог не ёсць Бог мёртвых, але жывых: бо для Яго ўсе жывуць».
39 А некаторыя з кніжнікаў, адказваючы, казалі: «Настаўнік, добра Ты сказаў».
40 І ўжо больш не адважыліся Яго пра што-колечы пытацца.
41 Затым Ён сказаў ім: «Як жа кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда,
42 калі сам Давід у кнізе псалмаў кажа: «Сказаў Госпад Госпаду майму: сядзь праваруч Мяне,
43 аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае».
44 Калі Давід называе Яго Госпадам, дык як жа тады Ён — Сын яго?»
45 А калі Яго ўвесь народ слухаў, сказаў вучням Сваім:
46 «Высцерагайцеся кніжнікаў, што жадаюць хадзіць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку, і першыя лаўкі ў сінагозе, і першыя месцы на банкетах,
47 якія аб’ядаюць дамы ўдоў і дзеля віду доўга моляцца. Яны атрымаюць цяжэйшае пакаранне».