Библия Чарняўскі-03 Пераклад Чарняўскага 2003

Лукі, 8 Паводле Лукі, 8 глава

1 І сталася потым: хадзіў Ён па гарадах і вёсках, навучаючы і несучы добрую вестку аб Божым Валадарстве, і былі з Ім дванаццаць
2 і некалькі жанчын, якіх Ён вылечыў ад ліхіх духаў і ад немачаў: Марыя, якую звалі Магдаленай, з якой выйшла сем дэманаў,
3 Ёанна, жонка Хузы, пракуратара Ірадавага, і Зузана, і многа іншых, якія дапамагалі ім з маёмасці сваёй.
4 А калі сабраўся вялікі натоўп ды з розных гарадоў спяшаліся да Яго, Ён сказаў у параўнанне:
5 «Выйшаў сейбіт сеяць зерне сваё. І, калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і было стаптана, ды птушкі нябесныя падзяўблі яго.
6 А другое ўпала на камень і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
7 Трэцяе ўпала між церняў, і церні, вырасшы, адразу заглушылі яго.
8 Чацвёртае ўпала на добрую зямлю і, калі вырасла, дало плод у сто разоў большы». Гэта кажучы, усклікваў: «Хто мае вушы слухаць, хай слухае».
9 Пыталіся затым вучні ў Яго, што значыць гэтая прыпавесць.
10 Ён ім сказаў: «Вам дадзена ведаць таямніцы Валадарства Божага, а іншым  яны праз прыпавесці, хоць, гледзячы, яны не бачаць, і, слухаючы, не разумеюць».
11 А гэта такое параўнанне: зерне — гэта Слова Божае.
12 А што пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, ды пасля прыходзіць д’ябал і вырывае слова з сэрца іхняга, каб, не паверыўшы, не былі збаўлены.
13 А што на камені — гэта тыя, што слухаюць ды з радасцю прымаюць слова; але не маюць карэнняў і вераць да часу, і ў час згаршэння адпадаюць.
14 Каторае ж упала паміж церняў — гэта тыя, што слухаюць; але, ідучы, клопатамі, і багаццем, і раскошаю жыцця заглушаюцца і не прыносяць плода.
15 А што ў добрай зямлі — гэта тыя, што добрым і шчырым сэрцам слухаючы слова, берагуць яго, ды прыносяць плады ў цярплівасці.
16 Ніхто, запаліўшы свечку, не ставіць яе пад пасудзіну або пад ложак, але ставіць на падсвечніку, каб бачылі святло тыя, што ўваходзяць.
17 Бо няма нічога схаванага, што не было б выяўлена, ані таемнага, што б не спазналася і не выйшла на яву.
18 Глядзіце ж, як вы слухаеце. Бо хто мае, будзе яму дададзена, а хто не мае,  у таго нават тое, што, яму здаецца, ён мае, будзе аднята».
19 Тады прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падысці з-за натоўпу людзей.
20 І паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы Цябе пабачыць».
21 А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго».
22 І сталася аднаго дня, што Ісус з вучнямі Сваімі ўвайшоў у лодку і гаворыць ім: «Пераправімся праз возера». І паплылі.
23 І, калі яны плылі, задрамаў. І наляцеў моцны вецер на возера, і хвалі залівалі іх, так што апынуліся ў небяспецы.
24 І, падышоўшы, абудзілі Яго, кажучы: «Вучыцель, Вучыцель, мы гінем!» Дык Ён устаў і накрычаў на вецер і хваляванне вады, і яны супакоіліся, і настала ціша.
25 І сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны ж, напалоханыя, былі здзіўлены, кажучы  адзін аднаму: «Як ты лічыш, Хто Ён, што вятрам і вадзе загадвае, і яны Яго слухаюць?»
26 Затым паплылі яны ў краіну Гергезэнскую, што насупраць Галілеі.
27 І, калі выйшаў Ён на бераг, сустрэў Яго чалавек нейкі з горада, апанаваны дэманамі; і ўжо доўгі час не ўскладаў ён адзення і не жыў у доме, але ў магілах.
28 І, як убачыў ён Ісуса, упаў перад Ім, ускрычаўшы, і моцным голасам сказаў: «Што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Узвышняга? Малю Цябе, каб мяне не мучыў».
29 Бо Ісус загадаў нячыстаму духу, каб ён выйшаў з чалавека. А той ужо ад даўнейшага часу валодаў ім, і звязвалі яго ланцугамі і трымалі ў путах; і, парваўшы ланцугі, быў ён гнаны дэманам у пустыню.
30 Дык запытаўся ў яго Ісус, кажучы: «Якое тваё імя?» А ён сказаў: «Легіён», бо многа дэманаў увайшло ў яго.
31 І прасілі яны, каб не загадваў ім ісці ў бездань.
32 А там на гары пасвіўся вялікі статак свінняў. Дык прасіліся ў Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
33 І тады выйшлі дэманы з чалавека і ўвайшлі ў свінняў, і статак рынуўся са стромы ў возера, і патануў.
34 Бачачы, што здарылася, пастухі ўцяклі і расказалі пра гэта ў горадзе і ў вёсках.
35 Дык выйшлі паглядзець, што сталася, і прыйшлі да Ісуса, і ўбачылі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць апрануты і ў здаровым розуме ля ног Ісуса, і апанаваў іх страх.
36 А тыя, што бачылі, расказалі ім, як ён быў аздароўлены, і як цярпеў пакуту ад дэмана.
37 І ўвесь шматлікі народ краіны Гергезэнскай прасіў Яго, каб Ён пакінуў іх, бо былі ахоплены вялікім страхам. І Ісус, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
38 А той чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб застацца пры Ім. Але Ісус адправіў яго, кажучы:
39 «Вярніся ў дом твой і расказвай, што ўчыніў табе Бог». І ён пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, што Ісус учыніў яму.
40 Калі Ісус вярнуўся, пераняў Яго натоўп людзей, бо ўсе Яго чакалі.
41 І вось, прыйшоў чалавек, на імя Яір, ён быў начальнік сінагогі, і паў да ног Ісуса, просячы Яго, каб увайшоў у дом яго,
42 бо памірала яго дачка адзіная, не маючая яшчэ і дванаццаці гадоў. І калі Ісус ішоў, народ націскаў на Яго.
43 І адна жанчына была дванаццаць гадоў крывацечнай, яна выдала на лекараў усю сваю маёмасць, і ніхто яе  не аздаравіў,
44 яна падышла ззаду і дакранулася да краю шаты Яго, і ў той жа час спынілася цячэнне крыві ў яе.
45 І гаворыць Ісус: «Хто дакрануўся да  Мяне?» А калі ўсе адмаўляліся, Пётра сказаў: «Вучыцель, людзі націскаюць на Цябе і штурхаюць»
46 Ісус жа сказаў: «Нехта дакрануўся да Мяне, бо ведаю, што магутнасць выйшла з Мяне».
47 А жанчына, бачачы, што яна не ўтаілася, падышла ў трымценні і пала перад Ім, і перад усім народам прызналася, чаму дакранулася да Яго і як адразу паздаравела.
48 А Ісус сказаў ёй: «Дачка, вера твая збавіла цябе. Ідзі ў спакоі».
49 Калі Ён яшчэ гаварыў, хтосьці прыйшоў з дому начальніка сінагогі, кажучы яму: «Дачка твая памёрла, не турбуй больш Вучыцеля».
50 Але Ісус, пачуўшы гэта слова, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер, і будзе яна збаўлена».
51 І, калі Ісус прыбыў у дом, не дазволіў нікому ўвайсці, адно Пётры, Яну і Якубу разам з бацькам і маці дзяўчынкі.
52 А ўсе плакалі і галасілі па ёй. А Ён сказаў: «Не плачце, бо яна не памёрла, але спіць».
53 Дык смяяліся з Яго, ведаючы, што яна памёрла.
54 А Ён, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: «Дзяўчынка, устань!»
55 І вярнуўся ў яе дух, і яна зараз устала; і Ён загадаў даць ёй есці.
56 І аслупянелі яе бацькі, якім загадаў, каб нікому не гаварылі аб тым, што сталася.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Лукі, 8 глава. Пераклад Чарняўскага 2003

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.