1 Браты, калі б і правініўся чалавек якім праступкам, вы, духоўныя, навучайце такога ў духу ласкавасці, зважаючы на саміх сябе, каб і самім не ўпасці.
2 Насіце цяжары адзін аднаго і гэтым выконвайце закон Хрыстовы.
3 Бо калі хто думае, што ён штосьці, хоць ён нішто, той самога сябе ашуквае.
4 Хай кожны праверыць сваю дзейнасць, і так толькі ў самім сабе будзе мець славу, а не ў другім.
5 Кожны бо панясе свой ўласны цяжар.
6 Хай той, хто навучаецца словам, дзеліцца ўсякім дабром з тым, які яго навучае.
7 Не памыляйцеся: з Бога не пасмяешся. Што чалавек пасее, тое і пажне;
8 бо хто сее ў цела сваё, з цела і пажне знішчэнне; а хто сее ў дух, з духа пажне жыццё вечнае.
9 Не спыняймася рабіць дабро, бо у свой час і жаць будзем, не слабеючы.
10 Дык вось, пакуль маем час, будзем рабіць дабро ўсім, а найбольш блізкім па веры.
11 Гляньце, якімі літарамі напісаў я вам сваёй рукою.
12 Якія хочуць падабацца вам целам, тыя змушаюць вас абразацца, каб толькі не цярпець пераследу за крыж Хрыстовы.
13 А тыя, што абразаюцца, самі не пільнуюць закон, а хочуць вас абрэзаць, каб толькі пахваліцца целам вашым.
14 А мне не трэба хваліцца, хіба толькі крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны і я для свету.
15 Для Ісуса Хрыста не мае значэння ані абразанне, ані неабразанне, а новае стварэнне.
16 I хто будзе трымацца гэтага правіла, таму супакой і міласэрнасць, і Iзраэлю Божаму.
17 Урэшце, няхай ніхто мне не робіць цяжару, бо я нашу на сваім целе раны Ісуса.
18 Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым, браты. Амін.