1 О неразумныя Галаты! Хто зачараваў вас, перад вачамі якіх апісаны быў Ісус Хрыстос укрыжаваны?
2 Гэта адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі закону атрымалі вы Духа, ці праз слуханне веры?
3 Няўжо вы такія неразумныя, што Духам пачалі, а цяпер целам завяршаеце?
4 Столькі вы нацярпеліся, і безвынікова? Дый калі б безвынікова!
5 Той, хто вам дае Духа і робіць цуды ў вас, праз учынкі закону [творыць гэта] ці ад слухання веры?
6 Як Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць.
7 Дык ведайце, што толькі тыя, хто з веры, ёсць сыны Абрагама.
8 Таму прадбачыла Пісанне, што будзе Бог апраўдваць народы з веры, і прадвесціла Абрагаму: «У табе будуць бласлаўлёны ўсе народы».
9 Дык бласлаўлёны будуць з верным Абрагамам усе, хто з веры.
10 Бо тыя, што абапіраюцца на ўчынкі закону, знаходзяцца пад праклёнам. Бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто не трывае ў тым, што напісана ў кнізе закона, каб рабіць гэта».
11 А калі ж законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, ясна, што справядлівы з веры жыць будзе.
12 Закон жа не з веры, але хто будзе спаўняць яго, той жыць будзе ім.
13 Хрыстос адкупіў нас ад праклёну закону, стаўшыся за нас праклятым, як напісана: «Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве»,
14 каб блаславенства Абрагама праз Хрыста Ісуса перайшло і на паганаў, каб абяцанне Духа атрымалі мы праз веру.
15 Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае або не дадае.
16 Вось жа Абрагаму выказаны былі абяцанні і семю яго. Не сказана: «I семям», быццам многім, але як аднаму: «I семю твайму», якім ёсць Хрыстос.
17 Гэта вось кажу: запавету, Богам зацверджанага, закон, які з’явіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адкідае, каб знішчыць абяцанне.
18 Бо калі спадчына з закону, то ўжо не з абяцання. Абрагама ж надарыў Бог праз абяцанне.
19 Нашто тады закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не прыйдзе семя, якому дадзена абяцанне; перададзены праз анёлаў рукою пасярэдніка.
20 Пасярэднік пры адным не бывае, а Бог адзін.
21 Ці ж закон працівіцца абяцанням Божым? Ніякім чынам. Калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, то, сапраўды, з закону вынікала б справядлівасць.
22 Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне з веры ў Ісуса Хрыста было дадзена веруючым.
23 Перш чым прыйшла вера, былі мы замкнутымі пад аховай закону, [чакаючы] веры, якая павінна была быць нам аб’яўлена.
24 Дык закон быў нашым настаўнікам у Хрысце, каб з веры былі мы апраўданы.
25 Дык калі прыйшла да нас вера, мы ўжо не пад настаўнікам.
26 Бо ўсе вы сталіся дзецьмі Божымі праз веру ў Хрыста Ісуса.
27 Бо вы, тыя, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся.
28 Няма ўжо Юдэя або Грэка, няма ўжо нявольніка або вольнага, няма ўжо мужчыны або жанчыны: бо ўсе вы сталіся адно ў Хрысце Ісусе.
29 Калі ж вы Хрыстовыя, дык вы — семя Абрагама, спадкаемцы паводле абяцання.