1 Потым, праз чатырнаццаць гадоў, я зноў пайшоў з Барнабам у Ерузалім, забраўшы з сабою і Ціта.
2 Накіраваўся ж я згодна з аб’яўленнем; і прадставіў ім, асабліва найвыдатнейшым, Евангелле, якое абвяшчаў паганам, каб часам не надарма бег, або бягу.
3 Але і Ціт, што быў са мной, хоць быў Грэк, не быў змушаны да абразання.
4 А адносна фальшывых братоў, якія падступіліся, каб выпрабаваць свабоду нашую, якую маем у Ісусе Хрысце, каб адправіць нас зноў у няволю,
5 ім мы не саступілі і не паддаліся ні на хвіліну, каб праўда Евангелля захавалася ў вас.
6 З тымі ж, што выдаюць сябе за некага, якімі былі калісьці, мяне нішто не вяжа: Бог не ўзіраецца на важнасць асобы. А тыя, што лічацца [за кагосьці], мне не пярэчылі.
7 Нават наадварот, калі ўбачылі, што мне даручана абвяшчаць Евангелле неабрэзаным, як Пётры абрэзаным, —
8 бо Той, што дзейнічаў праз Пётру ў апостальстве між абрэзанымі, дзейнічаў і праз мяне між паганамі, —
9 і калі пазналі, што і мне дадзена гэтая ласка, дык Якуб, Цэфа і Ян, якіх лічылі калонамі, падалі мне і Барнабе руку лучнасці, каб мы [ішлі] да паганаў, а яны да абрэзаных,
10 каб толькі помнілі мы пра бедных, аб чым я і сам рупіўся раней, каб рабіць гэта.
11 Калі ж пасля таго Цэфа прыбыў у Антыёхію, я выступіў супраць яго, бо ён гэта заслужыў.
12 Перш чым прыбылі некаторыя ад Якуба, ён еў разам з паганамі, калі ж тыя надышлі, стаў пазбягаць і аддзяляцца, баючыся тых, што былі абрэзанымі.
13 За гэтай яго крывадушнасцю пайшлі і другія Юдэі, так што і Барнаба быў уцягнуты імі ў гэту няшчырасць.
14 Калі ж я ўбачыў, што яны не ходзяць проста, не паводле праўды Евангелля, сказаў аб гэтым Цэфу ў прысутнасці ўсіх: «Калі ты, будучы Юдэем, жывеш па-паганску, а не па-юдэйску, чаму змушаеш паганаў жыць па-юдэйску?«
15 Мы па прыродзе Юдэі, а не з паганаў грэшнікі,
16 ведаючы ж, што чалавек апраўдваецца не праз выкананне закону, а праз веру ў Ісуса Хрыста, і мы паверылі ў Ісуса Хрыста, каб апраўдацца верай Хрыста, а не выкананнем закону, бо выкананнем закону не апраўдаецца ніводнае цела.
17 Калі ж мы, шукаючы апраўдання ў Хрысце, аказаліся самі грэшнымі, ці ж Хрыстос — слуга граху? Аніколі.
18 Бо калі я адбудоўваю зноў тое, што раней зруйнаваў, то сябе раблю злачынцам.
19 Я вось праз закон памёр для закону, каб жыць для Бога. Я ўкрыжаваны з Хрыстом:
20 дык жыву ўжо не я, але жыве ўва мне Хрыстос. Хоць цяпер жыву ў целе, жыву ў веры ў Сына Божага, Які ўзлюбіў мяне і аддаў на смерць Самога Сябе за мяне.
21 Не адкідаю ласкі Божай. Калі б праз закон справядлівасць, дык Хрыстос памёр бы дарма.