1 Пасля гэтага ўбачыў я: і вось, дзверы адчыненыя ў небе, і голас першы, які я пачуў, быў як быццам трубы, што размаўляла са мною і казала: «Увайдзі сюды, і Я пакажу табе тое, што павінна стацца пасля».
2 І адразу трапіў я ў захапленне [духа]: і вось пасад стаяў у небе, а на пасадзе [Нехта] сядзеў.
3 І Той, Хто сядзеў, падобны быў з выгляду да каменя з яспіса і сардыса, і вясёлка вакол пасада была падобная з выгляду на смарагд.
4 І вакол пасада — дваццаць чатыры пасады, і на пасадах сядзелі дваццаць чатыры старыя, адзетыя ў белыя вопраткі, і на галавах іх — залатыя вянцы.
5 І ад пасада выходзілі маланкі, і галасы, і грымоты; і сем светачаў палаючых гараць перад пасадам, якія ёсць сем духаў Божых.
6 І перад пасадам ззяла нібы шкляное мора, падобнае на крышталь. І на сярэдзіне пасада і навокал пасада — чатыры жывёліны, поўныя вачэй спераду і ззаду.
7 І першая жывёліна падобная да льва, і другая жывёліна падобная да быка, і трэцяя жывёліна мела твар быццам чалавечы, і чацвёртая жывёліна мела падабенства да арла лятаючага.
8 І чатыры жывёліны мелі па шэсць крылаў, і навакол і ў сярэдзіне мелі поўна вачэй; і бесперапынна днём і ўночы яны ўскліквалі: «Святы, святы, святы Госпад Бог Усемагутны, Які быў, і Які ёсць, і Які прыйдзе».
9 І калі аддавалі тыя жывёліны славу і ўшанаванне Таму, Які сядзіць на пасадзе, Таму, Які жывы на векі вечныя,
10 падалі перад Тым, Які сядзіць на пасадзе, дваццаць чатыры старыя, і кланяліся Таму, Хто жывы, на векі вечныя, і клалі вянцы свае перад пасадам, кажучы:
11 «Дастойны Ты, Госпадзе і Божа наш, прымаць славу, і ўшанаванне, і магутнасць, бо Ты стварыў усё, і ўсё з волі Тваёй існавала і было створана».