1 І, выйшаўшы, Ісус пакрочыў ад святыні, і падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму пабудовы святыні.
2 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Хіба не бачыце вы гэта ўсё? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны».
3 А калі Ён сядзеў на Аліўнай гары, прыйшлі вучні да Яго патаемна і пыталіся: «Скажы, калі гэта будзе, і які знак Твайго прышэсця і сканчэння веку?»
4 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб хто вас не звёў.
5 Бо многія прыйдуць у імя Маё, кажучы: “Я — Хрыстос”, і многіх звядуць.
6 Пачуеце вы пра войны і чуткі пра войны; глядзіце, каб не напалохаліся, бо так павінна быць, але гэта яшчэ не канец.
7 Падымецца народ на народ і царства на царства, і будуць голад і месцамі землятрусы.
8 Гэта ўсё — пачатак пакут.
9 Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас будуць, ды будзеце вы зненавіджаны ўсімі народамі за імя Маё.
10 І тады многія згоршацца, і будуць выдаваць адзін аднаго, і будуць ненавідзець адзін аднаго,
11 і паўстануць многія фальшывыя прарокі і будуць зводзіць многіх.
12 І ад таго, што памножыцца несправядлівасць, астыне любоў у многіх.
13 Але хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
14 І будзе прапаведавацца гэтае Евангелле Валадарства па ўсім свеце на сведчанне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
15 І, калі ўбачыце нарэшце агіду спусташэння, якая паўстане на святым месцы, як сказана Даніэлем прарокам, — хто чытае, хай разумее, —
16 тады тыя, што ў Юдэі, хай уцякаюць у горы,
17 і хто на даху, хай не сыходзіць, каб узяць што-небудзь з дома свайго;
18 і хто на полі, хай не вяртаецца забраць свой плашч.
19 Гора цяжарным і карміцелькам у тыя дні.
20 Дык прасіце, каб вашы ўцёкі не былі зімою ці ў суботу.
21 Бо тады будзе вялікая пакута, якой не было ад пачатку свету аж дасюль, дый не будзе.
22 І, калі б не былі скарочаны тыя дні, аніякае цела не ўратавалася б, але дзеля выбраных будуць скарочаны тыя дні.
23 Тады, калі б хто вам казаў: “Вось тут Хрыстос”, або: “Там”, — не верце.
24 Паўстануць бо фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і прадставяць вялікія знакі і цуды, — так, каб у зман увесці, калі гэта магчыма, нават абраных.
25 Вось, Я наперад вам гэта сказаў.
26 Дык калі б вам потым сказалі: “Вось Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось Ён у пакоях”, — не верце.
27 Бо, як маланка з’яўляецца на ўсходзе і віднеецца аж да захаду, такім будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
28 Дзе будзе цела, там збяруцца і арлы.
29 А зараз па тузе тых дзён сонца зацемрыцца, і месяц не дасць святла свайго, і нябесныя зоркі падаць будуць, і сілы, што на небе, пахіснуцца.
30 І тады з’явіцца знак Сына Чалавечага на небе, і тады заплачуць усе плямёны зямныя, і ўбачаць Сына Чалавечага, Які прыходзіць на аблоках нябесных з магутнасцю і славаю вялікай.
31 І пашле Ён анёлаў Сваіх з трубою гучнай, і збяруць яны абраных Яго з чатырох вятроў, ад краю неба аж да канца яго.
32 І навучыцеся прыкладам фігавага дрэва: калі ўжо галінка яго лагаднее і пускае лісты, вы ведаеце, што блізка лета.
33 Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
34 Сапраўды кажу вам: не праміне гэтае пакаленне, аж усё гэта станецца.
35 Неба і зямля сыдуць, але слова Маё не праміне.
36 Што да дня таго і хвіліны, ніхто не ведае, — ані анёлы нябесныя, ані Сын, — толькі Айцец адзін.
37 І як у дні Ноя, так будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
38 Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, калі Ной увайшоў у арку,
39 і не зразумелі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не знішчыў усіх, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага.
40 Тады двое будуць на полі: аднаго возьмуць, а другога пакінуць.
41 Дзве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.
42 Дык чувайце, бо не ведаеце, у які тэрмін прыйдзе Госпад ваш.
43 А гэта ведайце, што, каб гаспадар дома ведаў, а якой гадзіне злодзей мае прыйсці, пільнаваў бы і не дазволіў уламіцца ў дом свой.
44 Таму і вы будзьце гатовы, бо ў гадзіну, якой вы не ведаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
45 Хто, думаеш, з’яўляецца верным і разумным паслугачом, якога паставіў гаспадар над падданымі сваімі, каб ён у вызначаны час даваў ім меру пшаніцы?
46 Дабраславёны той паслугач, якога, калі прыйдзе, гаспадар знойдзе за такім заняткам.
47 Сапраўды кажу вам, што паставіць яго над усёй сваёй маёмасцю.
48 А калі скажа ліхі паслугач у сэрцы сваім: “Марудзіць гаспадар мой з прышэсцем”,
49 і пачне біць таварышаў сваіх, і будзе есці і піць з п’яніцамі,
50 то прыйдзе гаспадар яго ў дзень неспадзяваны, у гадзіну невядомую
51 і аддзеліць яго, ды прызначыць яго долю разам з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатанне зубоў.