Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Мацьвея 24 Мацьвея 24 раздзел

1 І, выйшаўшы, Ісус ішоў ад сьвятыні; і падыйшлі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні.
2 А Ісус сказаў ім: «Ці бачыце ўсё гэтае? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут камяня на камяні, які б ня быў зруйнаваны».
3 А калі сядзеў Ён на гары Аліўнай, падыйшлі да Яго вучні насамоце, кажучы: «Скажы нам, калі гэта будзе, і які знак Твайго прыйсьця і сканчэньня веку?»
4 І, адказваючы, Ісус сказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не падмануў вас,
5 бо многія прыйдуць пад імем Маім, кажучы: “Я — Хрыстос”, — і шмат каго падмануць.
6 Маеце чуць пра войны і чуткі ваенныя. Глядзіце, не трывожцеся, бо ўсё гэта мусіць стацца, але гэта яшчэ не канец.
7 Бо паўстане народ на народ і валадарства на валадарства; і будуць голад, і пошасьці, і землятрусы месцамі.
8 А ўсё гэтае — пачатак мукаў радзін.
9 Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас, і зьненавідзяць вас усе народы за імя Маё.
10 І тады згоршацца многія; і будуць выдаваць адзін аднаго, і ненавідзець адзін аднаго.
11 І многія фальшывыя прарокі паўстануць, і падмануць многіх.
12 І дзеля памнажэньня беззаконьня ў многіх асьцюдзянее любоў.
13 А хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
14 І будзе абвешчанае гэтае Эвангельле Валадарства па ўсім сьвеце на сьведчаньне ўсім народам, і тады прыйдзе канец.
15 Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, пра якую сказаў Данііл прарок, што паўстане на месцы сьвятым, — хто чытае, няхай зразумее, —
16 тады тыя, што ў Юдэі, няхай бягуць у горы,
17 хто на даху, няхай не зыходзіць узяць што з дому свайго,
18 і хто ў полі, няхай не варочаецца назад узяць адзеньне сваё.
19 Гора ж тым, якія цяжарныя і якія кормяць грудзьмі, у тыя дні.
20 Маліцеся ж, каб ня сталіся ўцёкі вашыя зімою або ў суботу.
21 Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дагэтуль, і ня будзе.
22 І калі б не былі скарочаныя тыя дні, не было б збаўленае ніводнае цела, але дзеля выбраных будуць скарочаныя тыя дні.
23 Тады, калі хто скажа вам: “Вось, тут Хрыстос, ці там”, — ня верце.
24 Бо паўстануць фальшывыя хрысты і фальшывыя прарокі і дадуць вялікія знакі і цуды, каб падмануць, калі магчыма, і выбраных.
25 Вось, Я наперад сказаў вам.
26 Дык, калі скажуць вам: “Вось, Ён у пустыні”, — не выходзьце; “Вось, Ён у пакоях”, — ня верце.
27 Бо, як бліскавіца выходзіць з усходу і сьвеціць да захаду, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага.
28 Бо дзе мёртвае цела, там зьбяруцца і арлы.
29 А адразу пасьля прыгнёту дзён тых сонца зацьмее, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі ўпадуць з неба, і сілы нябесныя захістаюцца.
30 І тады зьявіцца знак Сына Чалавечага ў небе, і тады заплачуць усе калены зямлі і ўгледзяць Сына Чалавечага, Які ідзе на аблоках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.
31 І пашле Ён анёлаў Сваіх з гучным голасам трубным, і зьбяруць яны выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю неба да краю яго.
32 У дрэва фігавага навучыцеся прыповесьці: калі ўжо галінка ягоная робіцца мяккаю і пускае лісты, ведаеце, што блізка лета.
33 Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэтае, ведайце, што блізка, у дзьвярах.
34 Сапраўды кажу вам: не праміне пакаленьне гэтае, як усё гэта станецца.
35 Неба і зямля прамінуць; а словы Мае не прамінуць.
36 А пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, нават анёлы, якія ў небе, а толькі Айцец Мой адзін.
37 Але, як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага.
38 Бо як было ў дні перад патопам: елі, пілі, жаніліся і замуж выходзілі, аж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
39 і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, так будзе і ў прыйсьце Сына Чалавечага.
40 Тады будуць двое ў полі: адзін бярэцца, а другі пакідаецца.
41 Дзьве, якія мелюць у жорнах: адна бярэцца, а другая пакідаецца.
42 Дык чувайце, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Госпад ваш прыйдзе.
43 Вы ж разумееце тое, што, калі б ведаў гаспадар дому, у якую варту прыйдзе злодзей, чуваў бы і не дапусьціў падкапаць дом свой.
44 Дзеля гэтага і вы будзьце падрыхтаваныя, бо Сын Чалавечы прыйдзе ў гадзіну, у якую ня думаеце.
45 Хто такі верны і мудры слуга, якога гаспадар ягоны паставіў над хатнімі сваімі даваць ім ежу ў свой час?
46 Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы, знойдзе, што робіць гэтак.
47 Сапраўды кажу вам, што над усёю маёмасьцю сваёю паставіць яго.
48 А калі скажа той злы слуга ў сэрцы сваім: “Марудзіць прыйсьці гаспадар мой”, —
49 і пачне біць таварышаў сваіх, таксама есьці і піць з п’яніцамі, —
50 прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
51 і адлучыць яго, і ўчыніць яму адзін лёс з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Эвангельле паводле Мацьвея, 24 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Мацьвея 24 раздзел в переводах:
Мацьвея 24 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.