Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Матфея 24 Паводле Матфея 24 раздзел

1 І, выйшаўшы, Іісус ішоў ад храма. І падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму збудава́нні храма.
2 Іісус жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застане́цца тут ка́меня на ка́мені; усё будзе зруйнава́на.
3 Калі ж сядзеў Ён на гары Елеонскай, падышлі да Яго вучні асобна, гаворачы: скажы нам, калі гэта будзе? і якое знаме́нне Твайго прышэ́сця і сканчэ́ння веку?
4 І ў адказ Іісус сказаў ім: сцеражы́цеся, каб хто вас не ўвёў у зман.
5 Бо многія пры́йдуць пад íмем Маім і будуць казаць: «я Хрыстос», — і многіх увядуць у зман.
6 Пачуеце таксама пра войны і чуткі аб войнах. Глядзіце, не жаха́йцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец.
7 Бо паўста́не народ на народ і царства на царства; і будзе голад і мор, і землятру́сы ме́сцамі.
8 А ўсё гэта — пачатак пакут.
9 Тады будуць аддаваць вас на му́кі і забіваць вас; і вы будзеце зненавíджаныя ўсімі народамі за імя́ Маё.
10 І тады спаку́сяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і ўзненавíдзяць адзін аднаго.
11 І многія лжэпрарокі паўста́нуць і ўвядуць у зман многіх.
12 І з-за памнажэ́ння беззаконня астыне любоў у многіх.
13 А хто вы́церпіць да канца, той спасёны будзе.
14 І прапаве́дана будзе гэтае Ева́нгелле Царства па ўсім свеце, дзе́ля све́дчання ўсім народам; і тады пры́йдзе канец.
15 Дык вось, калі ўбачыце мярзо́ту спусташэ́ння, пра якую ска́зана Даніілам прарокам і якая паўста́не на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —
16 тады тыя, што ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;
17 і хто на да́ху, няхай не спуска́ецца, каб узяць што-небудзь з дому свайго;
18 і хто ў полі, няхай не вярта́ецца назад, каб узяць вопратку сваю.
19 Го́ра ж цяжа́рным і тым, што кормяць грудзьмí, у тыя дні!
20 Маліцеся, каб не зда́рыліся ўцёкі вашы зімою, а таксама ў суботу.
21 Бо тады будзе вялікае лíха, якога не было́ ад пачатку свету да гэтага часу, і не будзе.
22 І калі б не былí скаро́чаны тыя дні, то не ўратава́лася б ніякая плоць; але дзе́ля абра́ных будуць скаро́чаны тыя дні.
23 Тады, калі хто скажа вам: «вось, тут Хрыстос» альбо: «там», — не верце.
24 Бо паўста́нуць ілжэхрысты́ ды лжэпрарокі і дадуць знаме́нні вялікія і цуды, каб увесці ў зман, калі магчыма, і абра́ных.
25 Вось, Я наперад сказаў вам.
26 Таму, калі скажуць вам: «вось Ён у пустыні», — не выходзьце; «вось, Ён у патайны́х пакоях», — не верце.
27 Бо, як маланка блíскае з усходу і відна́ бывае аж да за́хаду, такім будзе прышэ́сце Сына Чалавечага.
28 Бо дзе будзе труп, там збяруцца арлы.
29 І адразу, пасля лíха дзён тых, сонца паме́ркне, і месяц не дасць святла свайго, і зоркі спаду́ць з неба, і сілы нябесныя пахісну́цца.
30 І тады я́віцца знаме́нне Сына Чалавечага на небе; і тады зарыдаюць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісці на воблаках нябесных з сілаю і славаю вялікаю.
31 І пашле Ангелаў Сваіх з трубою гучнагало́саю, і збяруць абра́ных Яго ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.
32 Ад смакоўніцы навучы́цеся праз параўнанне: калі голле яе ўжо мякчэ́е і пускае лíсце, вы ведаеце, што блізка лета;
33 так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
34 Праўду кажу вам: не міне́ род гэты, як усё гэта будзе.
35 Неба і зямля міну́ць, а словы Мае не міну́ць.
36 А пра дзень той і гадзíну ніхто не ведае, нават Ангелы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін.
37 Але як было́ ў дні Ноя, так будзе і ў прышэсце Сына Чалавечага:
38 бо як у дні перад патопам елі, пілí, жаніліся і выхо́дзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
39 і не разумелі, пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прышэсце Сына Чалавечага.
40 Тады будуць двое на полі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакíнуты;
41 дзве будуць малоць у жорнах: адна будзе ўзя́та, а другая пакíнута.
42 Дык будзьце пíльныя, бо не ведаеце, у якую гадзíну Гасподзь ваш пры́йдзе.
43 Але тое вы знайце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту пры́йдзе зло́дзей, дык не спаў бы і не дазволіў бы падкапа́ць дом свой.
44 Таму і вы будзьце гатовы, бо ў час, пра які не думаеце, Сын Чалавечы пры́йдзе.
45 Хто ж ёсць верны і разумны раб, якога гаспадар яго паставіў над слу́гамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?
46 Блажэ́нны той раб, якога гаспадар яго, прыйшоўшы, заста́не, што ён робіць так.
47 Праўду кажу вам, што над усёй маёмасцю сваёю паставіць яго.
48 А калі скажа ліхí раб той у сэ́рцы сваім: «не хутка пры́йдзе гаспадар мой»,
49 і пачне біць тава́рышаў сваіх, і есці і піць з п’яніцамі, —
50 то пры́йдзе гаспадар раба́ таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзíну, якой ён не ведае,
51 і рассячэ́ яго напала́м, і вы́значыць яму адзін лёс з крываду́шнымі; там будзе плач і скры́гат зубоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Святое Евангелле паводле Матфея, 24 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Матфея 24 раздзел в переводах:
Матфея 24 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.