Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Матфея 16 Паводле Матфея 16 раздзел

1 І прыступíлі фарысеі і садукеі, і, спакуша́ючы, прасілі Яго паказаць ім знаме́нне з неба.
2 А Ён сказаў ім у адказ: вечарам вы кажаце: будзе паго́да, бо неба агнíстае;
3 і раніцай: сёння няго́да, бо неба агнíста-хмарнае. Крываду́шнікі! аблíчча неба вы ўме́еце адро́зніваць, а знаме́нняў часу не можаце распазнава́ць?
4 Род ліхí і пралюбадзе́йны знаме́ння шукае, ды знаме́нне не будзе да́дзена яму, акрамя знаме́ння Іоны прарока. І, пакінуўшы іх, Ён адышоў.
5 І, перапра́віўшыся на другі бок, вучні Яго забы́ліся ўзяць хлябо́ў.
6 Іісус сказаў ім: глядзіце і сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і садукейскай.
7 Яны ж разважа́лі самі сабе, ка́жучы: гэта значыць, што хлябо́ў мы не ўзялí.
8 Ведаючы гэта, Іісус сказаў ім: чаму разважа́еце самі сабе, малаве́рныя, што вы хлябо́ў не ўзялí?
9 Няўжо яшчэ не разуме́еце і не па́мятаеце пра пяць хлябо́ў для пяці тысяч, і колькі кашоў вы набра́лі?
10 Ні пра сем хлябо́ў для чатырох тысяч, і колькі кошыкаў вы набра́лі?
11 Як вы не разумееце, што не пра хлябы́ Я казаў вам: «сцеражы́цеся заква́скі фарысейскай і садукейскай»?
12 Тады яны зразумелі, што Ён сказаў асцерага́цца не заква́скі хлебнай, а вучэння фарысейскага і садукейскага.
13 Прыйшоўшы ў межы Кесары́і Філіпавай, Іісус пытаўся ў вучняў Сваіх, ка́жучы: за каго людзі прыма́юць Мяне, Сына Чалавечага?
14 Яны сказалі: адны за Іаана Хрысцíцеля, а другія за Ілію́, а іншыя за Іерамíю або за аднаго з прарокаў.
15 Ён кажа ім: а вы за каго прыма́еце Мяне?
16 І Сíман Пётр сказаў у адказ: Ты — Хрыстос, Сын Бога Жывога.
17 І ў адказ Іісус сказаў яму: блажэ́нны ты, Сíмане, сы́не Іонаў, бо не плоць і кроў адкрылі табе гэта, а Айцец Мой, Які на нябёсах.
18 І Я кажу табе: ты Пётр, і на гэтай скале́ Я збуду́ю Царкву Маю, і вароты пяке́льныя не адо́леюць яе.
19 І дам табе ключы́ Царства Нябеснага: і што́ звя́жаш на зямлі, тое будзе звя́зана на нябёсах; і што́ развя́жаш на зямлі, тое будзе развя́зана на нябёсах.
20 Тады Іісус загадаў вучням Сваім, каб нікому не казалі, што Ён ёсць Іісус Хрыстос.
21 З таго часу Іісус пачаў адкрыва́ць ву́чням Сваім, што Яму нале́жыць ісці ў Іерусалім і шмат адпаку́таваць ад старэйшын і першасвятароў і кніжнікаў, і быць забíтым, і на трэці дзень уваскрэ́снуць.
22 І, адвёўшы Яго, Пётр пачаў пярэ́чыць Яму, ка́жучы: Бог міласцівы да Цябе, Госпадзі! няхай не будзе гэтага з Табою!
23 А Ён, абярнуўшыся, сказаў Пятру: адыдзí ад Мяне, сатана! ты Мне спаку́са, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае.
24 Тады Іісус сказаў вучням Сваім: калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэ́цца ад сябе і возьме крыж свой і ідзе ўслед за Мною.
25 Бо хто хоча душу́ сваю ўратаваць, той загу́біць яе; а хто загу́біць душу́ сваю дзе́ля Мяне, той знойдзе яе.
26 Бо якая карысць чалавеку, калі ён увесь свет здабу́дзе, а душы́ сваёй пашкодзіць? альбо які вы́куп дасць чалавек за душу́ сваю?
27 Бо пры́йдзе Сын Чалавечы ў славе Айца Свайго з Ангеламі Сваімі, і тады адда́сць кожнаму паводле спраў яго.
28 Праўду кажу вам: ёсць сярод тых, што стаяць тут, некаторыя, якія не зазна́юць смерці, пакуль не ўбачаць Сына Чалавечага, як Ён прыхо́дзіць ў Царстве Сваім.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Святое Евангелле паводле Матфея, 16 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Матфея 16 раздзел в переводах:
Матфея 16 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.