1 Фарызэі, ня гледзячы на столькі цудаў Хрыстуса, яшчэ дамагаюцца новых цудаў, нейкага знаку з неба, якім-бы Езус даказаў сваё Боскае пасланства.
4 Знакі часу — гэта прароцтвы, сьведчаньні Яна Хр. і цуды Хрыстуса. Фарызэі ўсяго гэтага не разумеюць.
13 Пытаўся Езус ня дзеля таго, каб даведацца, але каб павучыць сваіх вучняў і даць аказію Пятру вызнаць сваю веру ў Сына Божага.
17 Не сваімі сіламі і розумам дайшоў Пётр да гэтага пракананьня, але пры помачы ласкі і аб'явы Божай.
18 Паарамайску «Кефа», а палацінску «пэтра», значыць скала. Пётр, паводле гэтых слоў Хрыстуса, меў быць скалою, фундамэнтам і асновай для Касьцёла.
19 Ключы, як даўней так і цяпер, азначаюць уладу. Дык апроч годнасьці быць фундамэнтам Касьцёла, Хрысту абяцае даць яшчэ Пятру паўнату ўлады ў гэтым Касьцёле, бо што-толькі Пётр пастановіць (зьвяжа або разьвяжа) на зямлі, будзе правамоцным і ў небе.
20 Жыды да таго часу не пазбыліся яшчэ памылковых пракананьняў аб зямным характары мэсыянскага каралеўства, дык пашыраньне вестак аб прыходзе Мэсыяша магло-б выклікаць у народзе неспакой і бунт проціў рымлян.
22 Пётр і другія апосталы не маглі зразумець, каб Мэсыяш ды мог цярпець і ўмерці. Апосталы, так як і ўвесь жыдоўскі народ, былі пракананы, што Мэсыяш у сваім зямным каралеўстве будзе панаваць на векі, затым Пётр хоча ўгаварыць Езусу, што з ім гэтага цярпеньня ня будзе.
23 Шатан (паарамайску «сатана» значыць вораг, праціўнік, спакусьнік. Пётр сапраўды быў тады спакусьнікам для Хрыста, бо адгаварываў ад мукі і разам з гэтым ад адкупленьня чалавецтва.
28 Некаторыя думаюць, што гэты прыход азначае суд Хрыстовы над Ерузалімам у 70 г. па Нар. Хр., калі быў збураны Ерузалім. Валадарства Хрыстова (Касьцёл) тады было ўжо моцна пашырыўшыся і разам з гэтым жылі яшчэ некаторыя з апосталаў і вучняў Хрыстовых.