1 І склікаўшы дванаццаць сваіх вучняў, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хваробу і ўсякую немач.
2 А дванаццацёх апосталаў імёны ёсьць гэтакія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго,
3 Якуб Зэбэдэяў, і Ян, брат яго, Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матэуш мытнік, Якуб Альфэяў і Тадэуш,
4 Сымон Кананэец і Юдаш Іскарыёт, каторы яго і выдаў.
5 Гэтых дванаццацёх паслаў Езус, загадваючы ім, кажучы: На дарогу паганаў ня ўзыходзьце і ў гарады самаранаў не заходзьце,
6 але ідзеце лепш да загінуўшых авец з дому Ізраілявага.
7 А ідучы, абвяшчайце, кажучы, што прыблізілася каралеўства нябеснае.
8 Аздараўляйце хворых, ускрашайце ўмерлых, ачышчайце пракажаных, выганяйце д’яблаў. Дарма вы атрымалі, дарма давайце.
9 Ня мейце золата, ані серабра, ані грашэй у паясох вашых.
10 ані торбы ў дарозе, ані дзьвёх адзежын, ані абутку, ані кія; бо работнік варт сваей ежы.
11 А ў які-б горад або сяло вы не ўвайшлі, даведайцеся, хто ў ім ёсьць дастойны — і там аставайцеся, аж пакуль ня выйдзеце.
12 А ўваходзячы ў дом, прывітайце яго, кажучы: Супакой гэтаму дому.
13 І калі той дом будзе варт, супакой ваш зыйдзе на яго, а калі ня будзе варт, супакой ваш вернецца да вас.
14 А калі-б хто ня прыняў вас і ня слухаў слоў вашых, выходзячы з дому або гораду, абтрасеце пыл з ног вашых.
15 Сапраўды кажу вам: Лягчэй будзе зямлі Садомскай у дзень суду, чым таму гораду.
16 Вось я пасылаю вас, як авец пасярод ваўкоў: дык будзьце мудрыя, як зьмеі і простыя, як галубы.
17 А сьцеражэцеся людзей, бо яны будуць аддаваць вас у суды і будуць бічаваць вас у сваіх бажніцах,
18 і павядуць вас да начальнікаў і каралёў дзеля мяне, на пасьведчаньне ім і паганам.
19 Калі-ж аддадуць вас, не клапацецеся, як або што маеце гаварыць, бо ў тую часіну будзе вам дадзена, што маеце гаварыць.
20 Бо ня вы тыя, што гаворыце, але Дух Айца вашага, каторы гаворыць у вас.
21 І выдасьць брат брата на смерць, і бацька сына, і паўстануць дзеці на бацькоў і зробяць ім сьмерць.
22 І будуць вас ненавідзець усе дзеля імені майго, але хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены.
23 Калі-ж будуць прасьледаваць вас у гэтым горадзе, уцякайце ў другі; сапраўды кажу вам: ня скончыце гарадоў Ізраіля, аж прыйдзе Сын чалавечы.
24 Вучань ня ёсьць вышэй за вучыцеля, і слуга ня вышэй за пана свайго.
25 Даволі для вучня, каб ён быў, як вучыцель яго, і для слугі — як пан ягоны. Калі гаспадара назвалі Бэльзэбубам, куды болей хатніх ягоных!
26 Дык ня бойцецся іх; бо няма нічога скрытнага, што-б ня сталася вядомым.
27 Што я вам кажу ў цемры, кажэце пры сьвятле, і што на вуха чуеце, абвяшчайце па дахах.
28 І ня бойцеся тых, што забіваюць цела, а душы забіць ня могуць, але бойцеся найболей таго, хто можа і душу і цела загубіць у пекле.
29 Ці-ж не прадаюць двух вераб’ёў за аднаго медзяка? І ніводзен з іх не ўпадзе на зямлю без Айца вашага.
30 Вашыя-ж валасы на галаве ўсе палічаны.
31 Дык ня бойцеся: вы лепшыя за многіх вераб’ёў.
32 Вось-жа кожны, хто мяне прызнае перад людзьмі, і я яго прызнаю перад Айцом маім, каторы ёсьць у небе.
33 А хто адрачэцца ад мяне перад людзьмі, ад таго і я адракуся перад Айцом маім, каторы ёсьць у небе.
34 Ня думайце, што я прыйшоў прынесьці супакой ня зямлю, ня прыйшоў я прынесьці супакой, але меч.
35 Бо я прыйшоў разлучыць чалавека з бацькам яго і дачку з маткаю яе і нявестку з сьвякроўю яе;
36 і ворагі чалавеку хатнія яго.
37 Хто любіць бацьку або матку болей за мяне, ня варт мяне.
38 І хто не бярэ крыжа свайго і ня ідзе за мною, ня варт мяне.
39 Хто знойдзе жыцьцё сваё, загубіць яго, а хто-б загубіў жыцьцё сваё дзеля мяне, знойдзе яго.
40 Хто прыймае вас, мяне прыймае, а хто мяне прыймае, прыймае таго, хто паслаў мяне.
41 Хто прыймае прарока ў імя прарока, атрымае нагароду прарока, а хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, атрымае нагароду справядлівага.
42 А хто-б даў напіцца аднаму з гэтых найменшых толькі кубак халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, ён ня страціць свае нагароды.
Зноскі:
2 Сымон-Пётр, сын Яна, быў родам з Бэтсайды, што над Галіліейскім возерам. Жыў аднак у Капарнауме і займаўся рыбалоўствам. Быў вельмі жывога характару і моцна прывязаўся да свайго Вучыцеля. Хрыстус даў яму імя Пётр (паарамайску Кэфа) што значыць скала, бо Пётр быў скалой, на каторай Хрыстус збудаваў свой Касьцёл. Сьв. Матэуш тутака падае яго першым спасярод усіх апосталаў, хоць сьв. Пётр ня быў ані найстарэйшым гадамі, ані найперш пакліканым апосталам. Гэта сьведчыць аб першынстве сьв. Пятра між апосталамі.
5 Пагане жылі тады навакол Палестыны і часткова ў самой Палестыне, асабліва на ўзьбярэжжы Міжземнага мора, а нават у Галілеі і Пэрэі. Да паганаў і самаранаў Езус цяпер не пасылае сваіх вучняў, бо вучні ня былі яшчэ прыгатаваны да місыйнай працы пасярод чужых ім народаў.
6 У першую чаргу трэба было апавяшчаць эванэлію Ізраільскаму народу.
9 Жыды даўней насілі грошы ў шырокіх паясох, якімі падпяразваліся.
10 Хрыстус не забараняе тут насіць абутку або кія. Як бачым у сьв. Марка (6-9) Хрыстус нават загадывае насіць абутак, а кія на Усходзе ў падарожы заўсёды ўжываюць; тут-жа Хрыстус забараняе браць гэтыя рэчы на запас. Пільнага і сумленанага працаўніка людзі ўспамогуць і накормяць.
11 Хрыстус загадывае затрымацца ў людзей дастойных, бо недастойныя маглі-б сьцягнуць няславу і на апосталаў.
12 Да гэтага прывітаньня прывязана багаславенства Божае.
14 Абтрасаць свае ногі, выходзячы з паганскага краю ці гораду, было прынята ў жыдоў. Яны ўважалі ўсё паганскае за нячыстае.
15 Садома і Гамора былі грэшнымі і свае грахі былі зьнішчаны Богам, але яны на апошнім судзе могуць сказаць, што ня бачылі і ня чулі Хрыста, а жыды і бачылі і чулі, затым і суд для іх будзе цяжэйшым.
16 Апосталы павінны быць мудрымі г. зн. не павінны даваць ніякай сапраўднай прычыны да пасьледу, не павінны ўмешвацца ў рэчы непатрэбныя, каб гэтым не выклікаць варожасьці да сябе. З другога боку павінны быць простымі г. зн. бяз хітрасьці, подступу і здрады і не насіць помсты ў сэрцы.
21 Міласьць з аднаго боку, а з другога ненавісьць да Хрыстуса будзе так моцная, што парве нават сямейныя сувязі.
27 Дахі ў Палестыне роўныя, а не такія як у нас і там вечарамі людзі зьбіраюцца на гутаркі, прыймаюць гасьцей і г. д.
34 Не супакой г. зн. не супакойнае і выгоднае жыцьцё прыйшоў вясьціць Хрыстус, але поўнае трудоў і змаганьня.
35 Змагацца павінен чалавек, якбы мячом, і сам з сабою, і з благімі людзьмі, і з сапсутым сьветам.
38 Крыж — гэта штодзённыя цяжары і труды чалавека.
39 Хто забываецца аб Богу, а дбае толькі аб гэтае жыцьцё, можа загубіць яго на векі, а той, хто для справы Божай траціць гэтае жыцьцё, здабывае яго ў вечнасьці.
41-42 «У імя прарока», «у імя вучня» — г. зн. дзеля таго што ёсьць прарокам, вучнем.
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Матэуша, 10 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.