Біблія » Дзекуць-Малея Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Мацьвея 10 Эвангельле Мацьвея 10 раздзел

1 І, паклікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім уладу над нячы́стымі ду́хамі, каб выганяць іх і лячыць усякую хворасьць і ўсякую не́мач.
2 А дванаццацёх апосталаў іме́ньні вось якія: пе́ршы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якаў Завядзе́яў і Іоан, брат яго,
3 Філіп і Баўтраме́й, Хама́ і Мацьве́й мытнік, Якаў Алфе́яў і Ляўве́й, празваны Фадзе́ем,
4 Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і здрадзіў Яго.
5 Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і нака́зваў ім, гаворачы: на шлях пага́наў ня ўзыходзьце і ў ме́ста Самарыйскае не ўваходзьце;
6 але ідзе́це найбале́й да загінуўшых аве́ц дому Ізраілявага.
7 А хо́дзячы абвяшчайце, кажучы, што наблізілася Царства Нябе́снае.
8 Хворых аздараўляйце, пракажоных ачышчайце, памёршых уваскрашайце, злых духоў выганяйце. Дарма́ дасталі, дарма́ давайце.
9 Не бярэце з сабою ні золата, ні серабра, ні ме́дзі ў поясы сваі,
10 ні торбы на дарогу, ні дзьвёх адзе́жын, ні абутку, ні кія. Бо работнік варт стравы сваёй.
11 У якое-б ме́ста ці сяло ні прыйшлі вы, даве́давайцеся, хто ў ім дастойны, і там аставайцеся, пакуль ня выйдзеце.
12 А, уваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: мір дому гэтаму.
13 І, калі дом будзе дастойны, мір ваш зыйдзе на яго; а калі ня будзе дастойны, то мір ваш да вас ве́рнецца.
14 А калі хто ня пры́йме вас і ня будзе слухаць слоў вашых, то, выходзячы з дому ці з ме́ста таго, атрасе́це пыл з ног вашых.
15 Запраўды́ кажу вам: ле́пш будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзе́нь суда́, чымся ме́сту таму.
16 Вось Я пасылаю вас, як аве́ц сярод ваўкоў; дык будзьце мудрыя, як зьме́і, і простыя, як галубы.
17 Сьцеражэцеся людзе́й: бо яны будуць аддаваць вас у суд і ў школах сваіх будуць біць вас.
18 І павядуць вас да валадароў і царо́ў за Мяне́, дзеля сьве́дчаньня перад імі й паганамі.
19 Калі-ж будуць выдаваць вас, ня дбайце аб тое, як і што вам гаварыць, бо вам у той час будзе да́дзена, што сказаць.
20 Бо ня вы будзеце гаварыць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас.
21 Выдаваціме брат брата і бацька сына на сьме́рць; і паўстануць дзе́ці на бацькоў і пазабіваюць іх;
22 і будуць вас ненавідзець за імя Маё, але, хто вы́цярпіць да канца́, спасён будзе.
23 Калі-ж будуць выганяць вас з аднаго ме́ста, уцякайце ў другое, бо запраўды́ кажу вам: не абойдзеце йшчэ ме́стаў Ізраілявых, як прыйдзе Сын Чалаве́чы.
24 Вучань ня вышэй за вучыцеля свайго, і слуга ня вышэй за гаспадара свайго.
25 Годзе для вучня, каб ён быў, як вучыцель яго, і для слугі, каб ён быў, як гаспадар яго. Калі гаспадара дому назвалі вэльзэвулам, тым бале́й хатніх ягоных.
26 Дык ня бойцеся-ж іх: бо няма нічога ўкрытага, каб ня вы́явілася, ні патайнога, што ня сталася-б вядомым.
27 Што кажу вам у цемнаце́, гаварэце пры сьвятле́; і што наву́ха чуеце, абвяшчайце са стрэхаў.
28 І ня бойцеся тых, што забіваюць це́ла, а душы ня могуць забіць; а бойцеся больш таго, хто можа і душу, і це́ла загубіць у гее́ньне.
29 Ці ж ня два вераб’і прадаюцца за ассары?* І ніводзін з іх не ўпадзе́ на зямлю бяз волі Айца вашага.
30 У вас жа і валасы на галаве́ палічаны.
31 Ня бойцеся-ж: вы ле́пшыя за многіх вераб’ёў.
32 Вось жа ўсякага, хто Мяне́ прызнава́ціме перад людзьмі, таго й Я прызна́ю перад Айцом Маім, што ў нябёсах.
33 А хто адрачэцца ад Мяне́ перад людзьмі, ад таго й Я адракуся перад Айцом Маім, што ў нябёсах.
34 Ня думайце, што Я прыйшоў прыне́сьці мір на зямлю; ня мір прыйшоў Я прыне́сьці, але ме́ч.
35 Бо Я прыйшоў разлучыць чалаве́ка з бацькам яго і дачку з маткаю яе́ і няве́стку з сьвякроўю яе́.
36 І ворагі чалаве́ку хатнія яго.
37 Хто любіць бацьку ці матку балей за Мяне́, ня варт Мяне́; і хто любіць сына ці дачку бале́й за Мяне́, ня варт Мяне́.
38 І хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе́ за Мною, той ня варт Мяне́.
39 Хто зьберажэ душу сваю, загубіць яе́; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне́, зьберажэ яе́.
40 Хто прыймае вас, прыймае Мяне́, а хто прыймае Мяне́, прыймае Паслаўшага Мяне́.
41 Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастае́ нагароду прарока; і хто прыймае справядлівага ў імя справядлівага, дастае́ нагароду справядлівага.
42 І хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі чарай сьцюдзёнай вады ў імя вучня, запраўды кажу вам, ня страціць нагароды свае́.

Зноскі:

17 школа = сынагога.
29 ассары — малая манэта.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 10 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Мацьвея 10 раздзел в переводах:
Мацьвея 10 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.