1 Глядзеце, не давайце міласьціны вашае перад людзьмі з тым, каб яны бачылі вас, бо тады ня будзе вам нагароды ад Айца вашага, што ў Нябёсах.
2 Дык вось, калі даеш міласьціну, ня трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў школах і на вуліцах, каб выхвалялі іх людзі. Запраўды кажу вам: яны ўжо дастаюць нагароду.
3 У цябе-ж, калі ты дорыш, няхай левая рука твая ня ведае, што робіць правая,
4 каб міласьціна твая была ўтоена, і Ацец твой, які бачыць утоенае, нагародзіць цябе яўна.
5 І калі молішся, ня будзь, як крывадушнікі, якія любяць у школах і на вуглах вуліцаў прыстоіваць молячыся, каб паказацца перад людзьмі. Запраўды кажу вам, што яны ўжо дастаюць нагароду сваю.
6 Ты-ж, калі молішся, увайдзі ў камору тваю і, зачыніўшыся, памаліся Айцу Твайму, які Сам утайне, і Ацец твой, відзячы ўтоенае, нагародзіць цябе яўна.
7 А молячыся не гавары лішняга, як пагане, бо яны думаюць, што ў многаслоўі сваім будуць пачуты.
8 Ня будзьце падобны да іх, бо ведае Ацец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым папросіце ў Яго.
9 Маліцеся-ж вось гэтак: Ойча наш, каторы ёсьць у нябёсах! няхай сьвяціцца імя Тваё;
10 Няхай прыйдзе Царства Тваё; няхай будзе воля Твая, як у небе, так і на зямлі.
11 Хлеб наш штодзенны дай нам сягоньня.
12 І даруй нам даўгі нашыя, як і мы даровуем даўжніком нашым;
13 і ня ўводзь нас у спакушэньне, але захавай нас ад злога. Бо Тваё ёсьць Царства і сіла і слава навекі. Амін.
14 Бо, калі вы даровуеце людзям правіннасьці іх, то і вам даруе Ацец ваш, што ў нябёсах;
15 а калі ня будзеце дароўваць людзям правіннасьцяў іх, то і Ацец ваш не даруе вам вашых правіннасьцяў.
16 Гэтак сама, калі посьціце, ня будзьце панурымі, быццам крывадушнікі; бо яны зьмяняюць сваё аблічча, каб паказацца перад людзьмі, што посьцяць. Запраўды кажу вам, што яны ўжо атрымоўваюць нагароду сваю.
17 А ты, калі посьціш, памаж галаву тваю і ўмый аблічча тваё,
18 каб не перад людзьмі казацца посьцячым, але перад Айцом тваім, што ўтоены, і Ацец твой, бачучы ўтоенае, нагародзіць цябе яўна.
19 Ня зьбірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа нішчыць, і дзе зладзеі падкапываюцца і крадуць;
20 але зьбірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні іржа ня нішчыць, і дзе зладзеі не падкапываюцца і не крадуць.
21 Бо дзе скарб ваш, там будзе й сэрца вашае.
22 Сьветачам цела ёсьць вока. Вось жа, калі вока тваё будзе яснае, то ўсё цела тваё будзе прасьветленае.
23 Калі-ж вока тваё будзе нягоднае, то ўсё цела тваё будзе ў цемры. І вось, калі сьвятло, што ў табе, ёсьць цемра, дык якая-ж цемра сама?
24 Ніхто ня можа служыць двом паном; бо ці першага будзе ненавідзець, а другога любіць, ці першаму пачне спрыяць, а аб другога нядбаць. Ня можаце служыць Богу і маммоне.
25 Вось чаму й кажу вам: ня турбуйцеся дзеля душы вашае, што вам есьці і што піць, ні дзеля цела вашага, у вошта адзецца. Ці-ж душа ня больш за ежу, і цела за адзежу?
26 Паглядзеце на птушак нябесных, што ня сеюць, ня жнуць і ня зьбіраюць да сьвірнаў, і Ацец ваш Нябесны корміць іх; хіба-ж вы ня лепшыя за іх?
27 Дый хто з вас сваёй турботай можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць?
28 І аб адзеньне чаго турбуецеся? Паглядзеце на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць, не прадуць;
29 а Я кажу вам, што й Салямон у-ва ўсёй славе сваёй не адзяваўся так, як кожная з іх.
30 Калі-ж траву палявую, якая сягоньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінена ў печ, Бог гэтак адзявае, дык ці не балей таго вас, малаверныя?
31 Дык вось, ня турбуйцеся й не кажэце: што нам есьць? ці: што піць? ці: ў вошта адзецца?
32 Бо ўсяго гэтага шукаюць пагане, дый Ацец ваш нябесны ведае, што ўсё гэтае вам патрэбна.
33 Шукайце-ж перш царства Божага і праўды Яго, а тое ўсё прыложыцца вам.
34 Дык ня турбуйцеся аб заўтрашні дзень, бо заўтрашні дзень сам будзе турбавацца аб сваё. Годзе для кожнага дня свайго ліха.
Зноскі:
2, 5 школа = сынагога.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 6 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевiч.
© 1926−1931, 1948, 1985, 1991