Біблія » Дзекуць-Малея Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Мацьвея 27 Эвангельле Мацьвея 27 раздзел

1 Калі-ж настала ра́ніца, ўсе́ архірэі і старшы́ні народу ме́лі нараду аб Ісусе, каб Яго забіць.
2 І, зьвязаўшы Яго, завялí і вы́далі Яго Понтыю Пілату, начальніку.
3 Тады Юда, які прадаў Яго, угле́дзіўшы, што Ён засу́джаны, пака́яўшыся, зьвярнуў трыццаць срыбнякоў архірэям і старшы́ням,
4 ка́жучы: саграшы́ў я, прада́ўшы кроў нявінную. Яны-ж сказалі яму: што нам да гэтага? глядзі сам.
5 І, кінуўшы срыбнякі ў царкве́, ён выйшаў і пайшоў паве́сіўся.
6 А архірэі, узяўшы срыбнякі, сказалі: не́льга класьці іх у скарбонку, бо гэта цана́ крывí.
7 Зрабіўшы-ж нараду, купілі за іх зямлю ганчара́, каб харанíць чужы́нцаў.
8 Вось чаму і заве́цца зямля тая зямлёю крыві да таго дня.
9 Тады збылося ска́занае праз прарока Ерамію, які кажа: і ўзялі трыццаць срыбнякоў, цану Ацэненага, што ацанілі сыны́ Ізраіля,
10 і далі іх за зямлю ганчара́, як сказаў мне́ Го́спад.
11 Ісус-жа стануў перад начальнікам; і спытаўся ў Яго начальнік: Ты — Цар Юдэйскі? Ісус сказаў яму: ты ка́жаш.
12 І, калі абвінава́чавалі Яго архірэі і старшы́ні, Ён нічога не адка́зваў.
13 Тады кажа Яму Пілат: ня чуеш, колькі сьве́дчаць проці Цябе́?
14 І не адказваў яму ні на адно слова, так што начальнік дужа дзівіўся.
15 На сьвята-ж начальнік ме́ў звычай звальняць народу аднаго вязьня, якога жада́лі.
16 Быў тады ў іх вядомы вастрожнік, іме́ньнем Вара́вва.
17 І вось, калі яны зыйшліся, сказаў ім Пілат: каго хо́чаце, каб я вам звольніў: Варавву, ці Ісуса, называ́нага Хрыстом?
18 Бо ве́даў, што прадалі Яго праз завісьць.
19 Калі-ж ён засяда́ў у судзе́, жонка паслала яму сказаць: не рабі нічога Пра́ведніку таму, бо я сягоньня ў-ва сьне́ многа цярпе́ла дзеля Яго.
20 Але архірэі і старшы́ні падбілі народ, каб прасілі Варавву, а Ісуса загубілі.
21 Тады начальнік спытаўся ў іх: каго з двох хо́чаце, каб я вам зво́льніў? Яны сказалі: Варавву.
22 Пілат кажа ім: што-ж я зро́блю з Ісусам, называ́ным Хрысто́м? Кажуць яму ўсе́: няхай будзе расьпя́ты!
23 Начальнік сказаў: шго-ж благо́е зрабіў Ён? Але яны яшчэ мацне́й крыча́лі: няхай будзе расьпя́ты!
24 Пілат, бачучы, што нішто не памагае, а ўзбурэньне павялíчваецца, узяў вады і ўмыў рукі перад народам і сказаў: невінаваты я ў крыві Пра́ведніка гэтага; вы глядзіце.
25 І, адказваючы, уве́сь народ сказаў: кроў Яго на нас і на дзе́цях нашых!
26 Тады звольніў ім Варавву, а Ісуса, зьбіўшы, выдаў на раскрыжава́ньне.
27 Тады жаўне́ры начальніка, узяўшы Ісуса да прэторыі,* сабралі на Яго цэлую роту.
28 І, разьдзе́ўшы Яго, апрану́лі Яму чырвоны плашч;
29 і, сплёўшы вянок з цярніны, узьдзе́лі Яму на галаву́ і далі Яму ў правую руку трысьціну; і, стано́вячыся перад Ім на кале́ні, насьмяха́ліся з Яго, кажучы: радуйся, Цар Юдэйскі!
30 І плява́лі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве́.
31 І, калі насьмяя́ліся з Яго, зьнялí з Яго чырвоны плашч, і адзе́лі Яго ў адзе́жы Ягоныя, і павялі Яго на раскрыжава́ньне.
32 Выхо́дзячы, яны сустрэлі аднаго Кіранэйца, па іме́ньню Сымона; гэтага прыму́сілі нясьцí крыж Яго.
33 І, прыйшоўшы на ме́сца, называ́нае Галгофа, што значыць: ме́сца чэ́рапу,
34 далí Яму піць воцат, зьмяша́ны з жоўцяй; і, пакаштава́ўшы, не хаце́ў піць.
35 Расьпя́ўшы-ж Яго на крыжу, дзялілі адзе́жы Яго, кіда́ючы жэрабе; каб збылося сказанае праз прарока: падзялíлі адзе́жы мае́ і на вопратку маю кінулі жэрабе.
36 І, пасе́ўшы, пілнавалі Яго там.
37 І зрабілі над галавою Яго надпіс аб віне́ Яго: гэты ёсьць Ісус, Цар Юдэйскі.
38 Тады раскрыжава́ны былі з Ім два разбойнікі: адзін справа, а другі зьле́ва.
39 Прахо́дзіўшыя-ж міма зьняважа́лі Яго, ківаючы галава́мі
40 і ка́жучы: Ты, што́ руйнуеш цэрквы і ў тры дні адбудо́ўваеш! спасí Сябе́ Самога! Калі Ты — Сын Божы, зыйдзі з крыжа!
41 Падобне-ж і архірэі з кніжнікамі і старшынамі, насьмяха́ючыся, казалі:
42 другіх спаса́ў, а Сябе́ Самога ня можа спасьцí! Калі Ён — Цар Ізраіля, няхай цяпе́р зыйде з крыжа, і мы паве́рым Яму.
43 Спадзява́ўся на Бога, няхай-жа цяпе́р вы́бавіць Яго, калі хоча Яго. Бо-ж Ён казаў: Я — Сын Божы.
44 Таксама і разбойнікі, раскрыжаваныя разам з Ім, зьняважа́лі Яго.
45 Ад шо́стае-ж гадзíны це́мра ста́лася па ўсе́й зямлі да гадзіны дзявя́тае.
46 А каля дзявя́тай гадзíны загаласíў Ісус моцным голасам: Элі! Элі! лама сабахтані? г. ё.: Божа Мой! Божа Мой! навошта Мяне́ пакінуў?
47 Некаторыя з тых, што там стаялі, чу́ючы гэтае, казалі: Ён кліча Ільлю.
48 І ўраз пабе́г адзін з іх, і, узяўшы гу́бку ды памачыўшы ў во́цат і насадзíўшы на трысьцíну, даў Яму піць.
49 А другія казалі: чакай; паглядзім, ці прыйдзе Ільля спаса́ць Яго.
50 Ісус жа, зноў загаласíўшы моцным голасам, аддаў душу.
51 І вось, заслона ў царкве́ разьдзе́рлася надво́е ад ве́рху да нізу; і зямля́ затрасла́ся; і ска́лы патрэскаліся.
52 І магілы расчыніліся; і многа це́лаў памёршых сьвятых папаўстава́ла.
53 І, вы́йшаўшы з магіл, па ўваскрасе́ньні Яго ўвайшлí ў сьвятое ме́ста і паказаліся многім.
54 Сотнік-жа і тыя, што з ім вартавалі Ісуса, бачучы трасе́ньне зямлі і ўсё, што ста́лася, спало́халіся крэпка і казалі: запраўды́, Ён быў Сын Божы.
55 Было тамака, угляда́ючыся здалёк, многа жанчы́н, якія йшлі за Ісусам з Галіле́і і служылі Яму.
56 Між імі былі Марыя Магдаліна і Марыя, маці Якава і Іосіі, і маці сыноў Завядзе́явых.
57 Калі-ж настаў ве́чар, прыйшоў багаты чалаве́к з Арыматэі, іме́ньнем Язэп, каторы таксама быў ву́чнем Ісуса.
58 Ён, прыйшоўшы да Пілата, прасіў цела Ісусавага. Тады Пілат загадаў аддаць цела.
59 І, узяўшы це́ла, Язэп абкруціў Яго чыстым палатно́м;
60 і палажыў Яго ў сваёй новай магіле, якую вы́сек ён у скале́; і, прываліўшы вялікі ка́мень да дзьвераў магілы, пайшоў стуль.
61 Былі-ж там Марыя Магдаліна і другая Марыя, каторыя сядзе́лі насу́праць магілы.
62 На другі дзе́нь, што йдзе за пятніцаю, сабраліся архірэі і фарысэі да Пілата
63 і гаварылі: Па́не! мы прыпомнілі, што ашуканец той, як быў яшчэ жывы, сказаў: цераз тры дні ўваскрэсну.
64 Дык прыкажы вартава́ць магілу да трэцяга дня, каб вучні Яго, прыйшоўшы ўначы, ня ўкралі Яго і не сказалі народу: уваскро́с з мёртвых. І будзе апошняе ашука́нства горш пе́ршага.
65 Пілат сказаў ім: вось вам старожа; ідзе́це, вартуйце, як ве́даеце.
66 Яны пайшлі і паставілі ля магілы варту і прылажы́лі да ка́меня пяча́ць.

Зноскі:

5, 51 царква = храм.
27 прэторыі — судзілішча прэтарскае.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 27 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Мацьвея 27 раздзел в переводах:
Мацьвея 27 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.