1 Ня судзіце, каб ня былі асу́джаны.
2 Бо якім судом су́дзіце, такім будзеце су́джаны; і якою ме́ркаю ме́раеце, гэткаю і вам адме́раюць.
3 І што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а пале́на ў сваім воку не адчува́еш?
4 Ці як скажаш брату свайму: дай, я выму сучок з вока твайго, а вось у тваім воку пале́на?
5 Крывадушнік! Дастань пе́рш пале́на з вока твайго і тады ўгле́дзіш, як дастаць сучок з вока брата твайго.
6 Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў сваіх перад сьвіньнямі, каб не патапталі іх нагамі сваімі і, адвярнуўшыся, не разарвалі вас.
7 Прасе́це, і будзе вам да́дзена; шукайце і знойдзеце; сту́кайцеся, і адчыняць вам.
8 Бо кожны, хто просіць, дастае́, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаенца, таму адчыняць.
9 Ці ёсьць між вамі чалаве́к, у якога сын калі папросіць хле́ба, ён даў бы яму ка́мень?
10 І калі папросіць рыбы, даў бы яму зьмяю?
11 Дык, калі вы, будучы благімі, уме́еце даваць добрае дзе́цям вашым, тым бале́й Аце́ц ваш, што ў Нябёсах, дасьць добрае просячым у Яго.
12 Вось жа ўсё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, дык тое рабе́це і вы ім; бо гэта закон і прарокі.
13 Уваходзьце праз це́сныя вароты, бо шырокі вароты і вольны той шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто йдзе́ імі;
14 бо це́сны вароты і вузкі той шлях, што вядуць у жыцьцё, і ве́льмі мала хто знаходзіць іх.
15 Сьцеражэцеся ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у аве́чай скуры, а ў сярэдзіне яны ваўкі драпе́жныя.
16 Па пладох іх пазна́еце іх. Ці зьбіраюць з цярноўніка вінаград, або з асоту фігі?
17 Гэтак усякае добрае дрэва дае́ і плады добрыя, а благое дрэва дае́ і плады благія.
18 Ня можа дрэва добрае даваць благіх пладоў, ні благое дрэва даваць добрых пладоў.
19 Усякае дрэва, што не дае́ць добрага пло́ду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
20 Дык па пладох іх пазна́еце іх.
21 Ня ўсякі, хто кажа Мне́: Госпадзе! Госпадзе!, увойдзе ў царства Нябе́снае, а той, хто выпаўняе волю Айца Майго, што ў Нябёсах.
22 Многія скажуць Мне́ ў той дзе́нь: Госпадзе, Госпадзе! Ці не Тваім іме́ньнем мы праро́чылі? і ці не Тваім іме́ньнем выганялі чарто́ў і ці не Тваім іме́ньнем многія цуды чынілі?
23 І тады скажу ім: Я ніколі ня ве́даў вас; адыйдзе́цеся ад Мяне́, вы, што чыніце беззаконьне.
24 Вось жа кожнага, хто слу́хае словы Мае́ гэтыя і выпаўняе іх, прыраўную да чалаве́ка мудрага, які пабудаваў дом свой на ка́мені.
25 І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і паімчаліся на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў пастаўлены на ка́мені.
26 А ўсякі, хто слухае словы Мае́ і не выпаўняе іх, падобны да чалаве́ка неразумнага, які пабудаваў дом свой на пяску.
27 І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падулі вятры і наляглі на дом той, і ён заваліўся, і была вялікая руіна яго.
28 І, калі Ісус скончыў гэтыя словы, народ дзівіўся з Яго вучэньня,
29 бо Ён вучыў, як той, хто мае́ ўладу, ды ня так, як кніжнікі й фарысэі.
Зноскі:
22 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чарто́ў» на → «дэманаў».
Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 7 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.