Біблія » Дзекуць-Малея Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Мацьвея 5 Эвангельле Мацьвея 5 раздзел

1 Убачыўшы грамады народу, Ён узышоў на гару́, і, калі се́ў, прыступілі да Яго вучні Яго.
2 І Ён, расчыніўшы вусны Свае́, навучаў іх, кажучы:
3 Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябе́снае.
4 Шчасьлівыя пла́чучыя, бо яны ўце́шацца.
5 Шчасьлівыя ціхія, бо яны ўнасьле́дуюць зямлю.
6 Шчасьлівыя галодныя і пра́гнучыя праўды, бо яны насы́цяцца.
7 Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны будуць памілаваны.
8 Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
9 Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі будуць названы.
10 Шчасьлівыя, каго гоняць за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябе́снае.
11 Шчасьлівыя вы, калі будуць зьдзе́кавацца над вамі і перасьле́даваць вас і ўсяляк несправядліва абгава́рываць вас за Мяне́.
12 Радуйцеся і це́шцеся, бо вялікая нагаро́да вашая на не́бе; так гналі і прарокаў, якія былі ране́й за вас.
13 Вы — соль зямлі; калі-ж соль згубіць сілу, то чым зробіш яе сало́наю? Яна ўжо ні на во́шта не надае́цца, хіба́ толькі вы́кінуць яе́ вон на патапта́ньне людзям.
14 Вы — сьвятло́ сьве́ту. Ня можа ме́ста схавацца, стоячы на ве́рсе гары.
15 І, засьвяціўшы сьве́чку, не стаўляюць яе́ пад судзінай, але на ліхтары́, і сьвеціць усім, хто ёсьць у доме.
16 Гэтак няхай сьвятло́ вашае сьве́ціць перад людзьмі, каб яны ба́чылі вашыя добрыя дзе́яньні і уславілі Айца́ вашага, што ў нябёсах.
17 Ня думайце, што Я прыйшоў парушыць закон ці прарокаў; не парушыць прыйшоў Я, але выпаўніць.
18 Бо запраўды́ кажу вам: пакуль не праміне́ не́ба й зямля, ніводная йота ці рыса не праміне́ з закону, пакуль ня вы́паўніцца ўсё.
19 Вось жа, хто парушыць адну з гэтых найме́ншых за́паведзяў і навучыць таго людзе́й, той найме́ншым названы будзе ў Царстве Нябе́сным; а хто выпаўніць і навучыць, той вялікім названы будзе ў Царстве Нябе́сным.
20 Бо кажу вам, калі сьвятасьць ваша не перавы́сіць сьвятасьці кніжнікаў і фарысэяў, то вы ня ўвойдзеце ў Царства Нябе́снае.
21 Вы чулі, што сказана старадаўным: не забівай; хто-ж заб’е́, падлягае суду (Выхад 20:13).
22 А Я кажу вам, што ўсякі, хто гне́ваецца на брата свайго дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму: рака́,* падлягае сынэдрыону, а хто скажа: шалёны, падлягае гее́ньне агняво́й.
23 І калі ты прынясе́ш ахвяру тваю на ахвярнік і там прыпомніш, што брат твой ма́е штось проці цябе́,
24 пакінь там ахвяру перад ахвярнікам і пайдзі пе́рш пагадзіся з братам тваім, а тады ўжо прыйдзі і прынясі ахвяру тваю.
25 Гадзíся з супрацíўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе з ім, каб супраціўнік не аддаў цябе́ судзьдзі, а судзьдзя не аддаў бы цябе́ слузе́, і ня ўкінулі-б цябе ў цямніцу.
26 Запраўды кажу табе́: ты ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.
27 Вы чулі, што сказана старадаўным: ня блудзі (Выхад 20:14).
28 А Я кажу вам, што ўсякі, хто глядзіць на жанчыну з блу́днымі ду́мкамі, ужо блудзіць з ёю ў сэрцы сваім.
29 Калі-ж правае вока тваё спакушае цябе́, вырві яго і кінь ад сябе́, бо ляпе́й табе́, каб загінуў адзін чле́н це́ла твайго, чымся ўсё це́ла тваё будзе ўкíнена ў гее́нну.
30 І калі правая рука твая спакушае цябе́, адсякí яе́ і кінь ад сябе́, бо ляпе́й табе́, каб загінуў адзін з чле́наў тваіх, чымся ўсё це́ла тваё будзе ўкíнена ў гее́нну.
31 Сказана таксама, што, калі хто разлуча́ецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разво́д (Другазаконьне 24:1).
32 А Я кажу вам: хто разлучаецца з жонкаю сваёю апрача віны блуду, той робіць яе́ распусьніцаю.
33 Яшчэ чулі вы, што сказана старадаўным: не ламай прысягі, але спаўняй перад Богам прысягі твае́ (Лявіт 19:12; Другазаконьне 23:21).
34 А Я кажу вам: не прысягай саўсім: ні не́бам, бо яно — пасад Божы;
35 ні зямлёю, бо яна — падножжа ног Яго, ні Ерузалімам, бо ён — ме́ста вялікага Цара́;
36 ні галавою сваёй не прысягай, бо ня можаш ніводнага воласа зрабіць бе́лым ці чорным.
37 Але няхай будзе слова вашае: але́, але́; не́, не́; а што больш таго, тое ад злога.
38 Вы чулі, што сказана: вока за вока і зуб за зуб (Выхад 21:24).
39 А Я кажу вам: не праціўцеся злому, але, хто ўдэрыць цябе́ ў правую шчаку́, павярні да яго і другую,
40 і хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе́ сарочку, аддай яму й вопратку;
41 і хто прымусіць цябе́ ісьці з ім мілю, ідзі з ім дзьве́.
42 Про́сячаму ў цябе́ дай і ня ўхіляйся ад таго, хто хоча ў цябе́ пазы́чыць.
43 Вы чулі, што сказана: любі блізкага твайго і ненавідзь ворага твайго (Лявіт 19:17−18).
44 А Я кажу вам: любе́це ворагаў вашых, сла́ўце праклінаючых вас, рабе́це дабро ненавідзячым вас і мале́цеся за крыўдзячых вас і перасьле́дуючых вас,
45 каб сталіся сынамі Айца вашага, што ў нябёсах, бо Ён зага́двае сонцу свайму ўсхадзіць над добрымі і благімі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
46 Бо, калі вы будзеце любіць лю́бячых вас, якая вам нагарода? Ці-ж ня тое самае робяць і мытнікі?
47 І калі вы віта́еце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці-ж ня гэтак робяць і пагане?
48 Будзьце-ж беззага́ннымі, як беззаганны Аце́ц ваш, што ў нябёсах.

Зноскі:

22 рака — пусты чалаве́к.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводле Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 5 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Мацьвея 5 раздзел в переводах:
Мацьвея 5 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.