1 А бачачы грамады, ўзыйшоў Езус на гору і, калі сеў, падыйшлі да яго вучні ягоны
2 і ён, адчыніўшы вусны свае, навучаў іх, кажучы:
3 Багаслаўлёны ўбогія духам, іх бо ёсьць валадарства нябеснае.
4 Багаслаўлёны ціхія, бо яны заўладаюць зямлёю.
5 Багаслаўлёны плачучыя, бо яны будуць пацешаны.
6 Багаслаўлёны, што прагнуць і смагнуць справядлівасці, бо яны будуць насычаны.
7 Багаслаўлёны міласэрныя, бо яны самы міласэрдзя даступяцца.
8 Багаслаўлёны чыстыя сэрцам, бо яны Бога аглядацімуць.
9 Багаслаўлёны чынячыя згоду, бо яны будуць названы Божымі сынамі.
10 Багаслаўлёны, што праслед церпяць за праўду, іхняе бо ёсьць валадарства нябеснае.
11 Багаслаўлёны вы, калі зняважацімуць вас, і праследавацімуць, і ўсякае благоцце вымахлёўваць будуць дзеля мяне:
12 цешцеся й весялецеся, заплата бо ваша ў небе вялікая; бо гэтак праследавалі прарокаў, што былі перад вамі.
13 Вы соль зямлі, калі-ж соль звятрэе, то чым зробіш яе салонаю? Яна не знадобная ні на вошта, як толькі выкінуць пад ногі.
14 Вы святло свету; ня можа схавацца горад, стаячы на гары.
15 І, запаліўшы свечку, ня ставяць яе пад судзінай, але на ліхтары, каб свяціла ўсім, хто ёсьць у доме.
16 Хай святло вашае свеціць перад людзьмі так, каб яны бачылі вашы добрыя чыны і славілі Айца, які ёсьць у небе.
17 Ня думайце, што я прыйшоў скасаваць Закон ці прарокаў; ня прыйшоў я касаваць, але выпаўніць.
18 Сапраўды-ж кажу вам: пакуль не праміне неба й зямля, не адменіцца аніводна ёта, ніводна рыска ў Законе, пакуль усё не станецца.
19 Дык хто-б нарушыў адно з гэтых найменшых прыказанняў і так-бы навучаў людзей, той найменшым называцімецца ў валадарсьцьве нябесным; а хто споўніць ды навучыць, той будзе названы вялікім у валадарсьцьве нябесным;
20 Бо кажу вам, калі справядлівасьць ваша ня будзе буйнейшай, чым кніжнікаў і фарызэяў, ня ўвойдзеце ў каралеўства нябеснае.
21 Вы чулі што сказана старадаўным: «Не забівай, а хто-б забіў, падпадзе пад суд» (Выйсьц. 20:13).
22 А я вам кажу, кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду, а хто-б сказаў на брата свайго «нягоднік», будзе падлеглы суду найвышэйшаму, а хто-б сказаў «бязбожнік» будзе падлеглы пякельнаму агню.
23 Дык калі ты прынясеш дар свой да аўтара і там прыпомніш, што брат твой нешта мае проціў цябе,
24 пакінь там перад аўтаром свой дар ды йдзі перш пагадзіся з братам сваім, а тады вярнуўшыся ахвяруеш дар свой.
25 Гадзіся з сваім праціўнікам скора, пакуль яшчэ з ім у дарозе, каб часам супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе ды каб не пасадзілі цябе ў вастрог.
26 Сапраўды кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга шэлягу.
27 Чулі вы, што сказана старадаўным: «Ня чужалож» (Выйсц. 20:14),
28 а я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну, каб пажадаць яе, ужэ саграшыў з ёю ў сэрцы сваім.
29 Каліж правае вока тваё ўводзіць цябе ў грэх, вырві яго і кінь ад сябе, бо лепш табе, каб згінуў адзін з тваіх чэлесаў, чымся ўсё цела тваё мела быць кінута ў пекла.
30 І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе й кінь ад сябе, бо лепей табе, каб згінуў адзін з тваіх чэлесаў, чымся ўсё цела тваё мела йсці ў пекла.
31 І сказана такжа: «Хто-б пакідаў жонку сваю, хай дасьць ёй разводны ліст» (Паўт. Пр. 24:1),
32 а я вам кажу, што кожны, хто-б жонку сваю пакінуў, акрамя прычыны чужалоства, даводзіць яе да чужалоства, а хто-б ажаніўся з пакіненай, чужаложыць.
33 Вы чулі яшчэ, што сказана старадаўным: «Ня прысягай на няпраўду, але спаўняй перад Богам твае прысягі» (Левіт. 19:12).
34 А я вам кажу: зусім ня прысягайце — ані на неба, бо яно трон Божы,
35 ані на землю, бо яна падножжам ног ягоных, ані на Ерузалім, бо ён горад вялікага караля.
36 І ня прысягай на галаву сваю, бо ня можаш аніводнага воласа зрабіць белым, або чорным.
37 Але ваша мова хай будзе: «так, так», «не, не», а што больш таго, тое ад злога.
38 Вы чулі як сказана: «Вока за вока, а зуб за зуб» (Выйсц. 21:24).
39 А я вам кажу: ня супраціўляйцеся злому, але калі хто ўдэрыць цябе ў правую шчаку, настаў яму й другую,
40 а таму, хто хоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе тваю сарочку, аддай яму й вопратку,
41 і хто-б прымушаў цябе ісьці тысячу крокаў, ідзі з ім і дзве.
42 Просіць у цябе хто, дай яму, і ад хочучага ў цябе пазычыць не адвяртайся.
43 Вы чулі, што сказана: «Любі свайго бліжняга, а ненавідзь ворага твайго» (Левіт. 19:18).
44 А я вам кажу: Любеце ворагаў вашых, рабеце дабро тым, хто ненавідзіць вас і малецеся за тых, што праследуюць і чэрняць вас,
45 каб вы былі сынамі Айца вашага, каторы ёсьць у небе, каторы загадвае сонцу свайму ўсходзіць над добрымі й благімі ды пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
46 Бо калі вы любіце тых, што вас любяць, якуюж нагароду мецімеце? Ціж ня робяць гэтага й кунойміты?
47 І калі вітаецеся толькі з братамі сваімі, то штож асабліўшае робіце? Ціж ня робяць гэтага й пагане?
48 Дык будзьце дасканальны, як і Айцец ваш нябесны дасканальны ёсць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша, 5 раздзел. Пераклад П. Татарыновіча.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.