Біблія » Сабіла Пераклад Сабілы і Малахава

Мацьвея 5 Паводля Мацьвея 5 раздзел

1 І, убачыўшы натоўпы людзей, (Ён) узыйшоў на гару; і, калі Ён сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя.
2 І, расчыніўшы Вусны Свае, навучаў іх, кажучы:
3 шчасьлівыя ўбогія духам, бо іхнае ёсьць Валадарства Нябёсаў.
4 Шчасьлівыя плачучыя, бо яны будуць усьцешаныя.
5 Шчасьлівыя лагодна-пакорлівыя, бо яны ўспа́дкуюць зямлю.
6 Шчасьлівыя галадаючыя і прагнучыя па праведнасьці, бо яны насычаны будуць.
7 Шчасьлівыя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць.
8 Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
9 Шчасьлівыя міратворцы, бо яны сынамі Бога будуць названы.
10 Шчасьлівыя выгнаныя з-за праведнасьці, бо іх ёсьць Валадарства Нябёсаў.
11 Шчасьлівыя вы, калі вас будуць ганьбіць і выганяць, і ўсяк зласлоўнічаць вас нясправядліва з-за Мяне.
12 Радуйцеся і весялецеся, бо вялікая вашая ўзнагарода на Нябёсах: бо так гналі прарокаў, якія былі раней за вас.
13 Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, то чым будзе вернена ёй сіла салёнасьці? Яна ўжо ні на вошта ня прыдатная, хíба толькі выкінуць яе вон на патаптаньне людзям.
14 Вы — сьвятло сьвету; ня можа схавацца места, якое стаіць наверсе гары.
15 І, запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінай, але на ліхтары, і сьвеціць усім, хто ў доме.
16 Няхай сьвеціць сьвятло вашае перад людзьмі, каб яны ўбачылі вашыя добрыя дзеяньні і ўславілі Ба́цьку вашага, Які ў Нябёсах.
17 Ня падумайце, што Я прыйшоў καταλυσαι (раскрыць да найглыбейшых глыбіняў) Закон альбо Прарокаў; ня прыйшоў (Я) καταλυσαι, але выпаўніць.
18 Бо запраўды кажу вам, што ніводная ёта ці рыса ў Законе ня марна (напісана), але пакуль яшчэ існу́е гэтая зямля і неба, будзе ўсё выпаўнена.
19 Пагэтаму, хто (толькі) разьвяжа (правільна растлумачыць сэнс) аднаго з гэтых малейшых прыказаньняў і навучыць гэтаму людзей, малейшым будзе названы ў Гаспадарстве Нябёсаў. А хто выканае і навучыць, той вялікім будзе названы ў Гаспадарстве Нябёсаў.
20 Дык кажу вам, што калі праведнасьць вашая ня перавысіць намнога праведнасьці кніжнікаў і хварысэяў, ня ўвойдзеце ў Гаспадарства Нябёсаў.
21 Вы чулі, што сказана старадаўным: ня забівай, хто ж заб’е будзе адданы суду.
22 А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго дарэмна, будзе адданы суду; а хто скажа брату свайму: «ра́ка», будзе адданы сынедрыёну; а хто скажа: «дурны», будзе адданы гееньне агнявой.
23 Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніку і там успомніш, што брат твой мае нешта супроць цябе,
24 пакінь там дар твой перад ахвярнікам і ідзі перш памірыся з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, прынясі дар твой.
25 Мірыся з супраціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб супраціўнік ня аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя ня аддаў цябе слузе, і каб ня быць табе кінутым у вязьніцу.
26 Праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль ня аддасі апошняга кадранта.
27 (Вы) чулі, што сказана старадаўным: ня рабі пералюбу.
28 А Я кажу вам, што кожны, што глядзіць на жанчыну з блудным пажаданьнем яе, ужо ўчыніў пералюб зь ёй у сэрцы сваім.
29 Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлясаў тваіх, а ня ўсё цела твае было ўкінута ў геенну.
30 І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлясаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геенну.
31 Сказана таксама: хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, хай дасьць ёй развод.
32 А Я кажу вам, што хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, акрамя прычыны пералюбу, той робіць яе пералюбкай, і калі хто ўзяў у жонкі разьведзеную, (той) пералюбствуе.
33 Яшчэ (вы) чулі, што сказана старадаўным: ня прысягайся ілжыва, але выконвай перад Госпадам прысягі твае.
34 А Я кажу вам: ня прысягайся зусім: ні Небам, бо Яно Пасад Божы;
35 ні зямлёю, бо яна падножжа Ног Ягоных, ні Ярузалімам, бо ён места вялікага Караля,
36 ні галавою сваёю ня прысягайся, бо ня можаш ніводнага воласа зрабіць белым ці чорным.
37 Але няхай будзе слова вашае: так, так; не, не; а што больш таго, яно ад злога.
38 Вы чулі, што сказана: вока за вока, і зуб за зуб.
39 А Я кажу вам: ня праціўся злому, але, (калі) хто ўдарыць цябе ў тваю правую шчаку, павярні да яго і другую;
40 і калі (хто) захоча з табою судзіцца і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку,
41 і (калі) хто прымусіць цябе ісьці зь ім мілю, ідзі зь ім дзьве.
42 Таму, хто просіць у цябе, дай, і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе ня адварочвайся.
43 Вы чулі, што сказана: любі блізкага твайго і нянавідзь ворага твайго.
44 А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, багаслаўляйце праклінаючых вас, рабеце дабро нянавідзячым вас і малецеся за крыўдзячых вас і перасьледуючых вас,
45 каб вам быць сынамі Ба́цькі вашага, што ў Нябёсах, бо Ён загадвае сонцу Свайму ўзыходзіць над благімі і добрымі, і пасылае дождж на праведных і няправедных.
46 Бо калі вы любіце любячых вас, якая вам узнагарода? Ці ж ня тое самае робяць і мытнікі?
47 І калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае робіце? Ці ж ня гэтак тое самае робяць і мытнікі?
48 Пагэтаму (і) вы будзьце дасканалымі, як дасканалы Ба́цька ваш, Які ёсьць у Нябёсах.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводля Мацьвея Сьвятое Эвангельле, 5 раздзел. Пераклад Сабілы і Малахава.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Мацьвея 5 раздзел в переводах:
Мацьвея 5 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.