1 Убачыўшы грамады народу, Ён узыйшоў на гару, і калі сеў, падыйшлі да Яго вучні Ягоныя.
2 І, расчыніўшы вусны Свае, навучаў іх, прамаўляючы:
3 Шчасьлівыя ўбогія духам, бо іх ёсьць Ўладарства Нябеснае.
4 Шчасьлівыя заплаканыя, бо яны ўсьцешацца.
5 Шчасьлівыя лагодныя, бо яны ўнасьледуюць землю.
6 Шчасьлівыя спрагненыя і смаглыя праўды, бо яны задаволяцца.
7 Шчасьлівыя міласьцівыя, бо яны памілаваны будуць.
8 Шчасьлівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога абачаць.
9 Шчасьлівыя міратворцы, бо яны Сынамі Божымі названыя будуць.
10 Шчасьлівыя сьціганыя за праўду, бо іх ёсьць Ўладарства Нябеснае.
11 Шчасьлівыя — вы, калі будзеце зганьбеныя, загнаныя і злосна абалганыя з-за Мяне.
12 Радуйцеся і весяліцеся, бо ўзнагарода вашая вялікая ў нябёсах; гэтак-жа гналі і прарокаў, якія былі перад вамі.
13 Вы — соль зямлі; калі-ж соль страціць солкасьць, чым яе адсоліце? Нічога ня будзе вартая, толькі высыпаць вон, і патаптаная будзе людзьмі.
14 Вы — сьвятло сьвету; ня можа быць схаванае места, калі стаіць на гары.
15 І ня ставяць запаленага сьвяцільніка пад пасудзіну, але на падстаўцы, каб сьвяціла ўсім, хто ў доме.
16 Няхай-жа гэтак сьвеціць сьвятло ваша прад людзьмі, каб пабачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага Нябеснага.
17 Ня думайце, што прыйшоў Я зьняважыць закон і прарокаў; ня зьняважыць прыйшоў Я, але выканаць.
18 Бо папраўдзе кажу вам: пакуль не праміне неба й зямля, ніводная йота, ніводная рыса ня здымецца з закону, пакуль ня споўніцца ўсё.
19 Калі-ж нехта парушыць хоць адзін з гэтых найменшых запаветаў і гэтак навучыць людзей, той у Ўладарстве Нябесным названы будзе найменшым; каторы-ж выканае і навучыць, той вялікім будзе названы у Ўладарстве Нябесным.
20 Бо, кажу вам: калі праведнасьць вашая не ўзьнімецца над кніжнікаў і фарысеяў, — ня ўвойдзіце у Ўладарства Нябеснае.
21 Вы чулі, што гаворана было даўнейшым — не забівай, а хто заб’е, падлягае суду.
22 А Я кажу вам: кажны, хто злуецца на брата свайго на дарэмна, падлягае суду; а хто скажа брату свайму — брыда, — падлягае сынедрыёну; а хто скажа — вар’ят, — падлягае гэене агнявой.
23 Вось-жа, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і там успомнішь, што брат твой нешта мае супраць цябе,
24 — Пакінь дар твой прад ахвярнікам і вярніся, пагадзіся перш з братам тваім, і тады, прыйшоўшы, ахвяруй дар твой.
25 Хутчэй пагаджайся з супраціўнікам тваім, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб супраціўнік не аддаў цябе судзьдзі, а судзьдзя не аддаў-бы цябе слузе, і ня ўкінулі-б цябе ў цямніцу.
26 Запраўды, кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга шэлягу.
27 Вы чулі, што гаворана было даўнейшым — не блудадзейнічай.
28 Я-ж кажу вам: кажны, хто глядзіць на жанчыну з жаданьнем яе, ужо блудадзейнічаў з ею ў сэрцы сваім.
29 Калі-ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і адкінь ад сябе: валей табе страціць адзін сустаў цела твайго, ніж усё цела тваё будзе ўрынута ў агонь пякельны.
30 І калі правая рука твая спакушае цябе, адсячы яе і адкінь ад сябе: валей табе страціць адзін сустаў цела твайго, ніж усё цела тваё будзе ўрынута ў пекла.
31 Таксама было сказана: калі хто разводзіцца з жаною сваю, няхай дасьць ёй адпускны ліст.
32 Я-ж кажу вам: кажны, хто разводзіцца з жаною сваею, апрача віны блудедзеяньня, той даводзіць яе да блудадзеяньня, і хто з разводкаю ажэніцца, той блудадзейнічае.
33 Яшчэ чулі вы, што было сказана даўнейшым, не не кляніся і лжіва, але выпаўняй прад Богам кляцьбу тваю.
34 А Я кажу вам: Не кляніся аніяк: ані небам, бо яно пасад Божы;
35 ані зямлёю, бо яна падножжа ног Ягоных; ані Ерусалімам, бо ён — месца вялікага Караля.
36 І галавою тваю не кляніся, бо ня можаш ніводнага воласу зрабіць белым ці чорным.
37 Але няхай будзе слова вашае: — так-так, не-не; а што па-за гэтым, тое ад зласьлівага.
38 Вы чулі, што было сказана: — вока за вока, зуб за зуб.
39 Я-ж кажу вам: Не станавецеся ўсупраціў злому, але калі хто ўдарыць цябе у правую шчаку, павярні да яго і другую.
40 А хто хоча судзіцца з табой і забраць тваю вопратку, адпусьці яму і сарочку.
41 І калі хто змушае цябе ісьці з ім адзін прагон, ідзі з ім два.
42 Хто просіць у цябе — дай; і хто хоча пазычыць — не адварачайся.
43 Вы чулі, як гаворыцца: — любі бліжняга твайго й ненавідзь ворага твайго.
44 А Я кажу вам: любіце ворагаў вашых, ласкавы будзьце да тых, хто кляне вас, дабрадзейнымі будзьце да ненавісьнікаў вашых і малецеся за крыўдзіцеляў і гнабіцеляў вашых;
45 Каб сталіся вы сынамі Айца вашага Нябеснага, бо Ён воліць сонцу свайму ўсходзіць і над добрымі й над благімі, і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых.
46 Бо, калі вы любіце тых, якія вас любяць, якую ўзнагароду маеце? Ці-ж ня тое робяць і мытнікі?
47 І, калі вы вітаеце толькі братоў вашых, што асаблівае творыце? Ці-ж ня робяць гэтак і нявернікі?
48 Гэтак будзьце-ж і вы дасканалымі, як Айцец ваш Нябесны дасканалым ёсць.
Зноскі:
17 зьняважыць — ці — парушыць.
17 выканаць — ці — выпаўніць.
26 шэлягу — ці — граша.
40 адпусьці — ці — аддай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Сьвятое Евангельле Мацьвея, 5 раздзел. Пераклад Міхася Міцкевіча.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.