Біблія » Міцкевіч Пераклад Міхася Міцкевіча

Мацьвея 22 Паводле Мацьвея 22 раздзел

1 І, адказваючы, Ісус зноў гаварыў ім прыпавесьцямі, кажучы:
2 — Уладарства Нябеснае падобнае да чалавека ўладара, які справіў вясельле сыну свайму.
3 І паслаў слугаў сваіх клікаць запрошаных на вясельле; і не хацелі прыйсьці.
4 Зноў паслаў іншых слугаў, наказваючы: скажэце запрошаным, — вось я прыгатаваў абед мой, валы мае і кормнікі забітыя, і ўсё гатова, прыходзьце на вясельле.
5 Але яны, зьняважыўшы гэта, пайшлі: хто на поле свае, хто да гандлю свайго.
6 Іншыя-ж, схапіўшы слугаў яго, назьдзекаваліся і забілі іх.
7 Пачуўшы тое, уладар угнявіўся, і паслаў войскі свае, зьнішчыў забойцаў тых і спаліў места іхнае.
8 Тады кажа ён слугам сваім: — вясельная пачостка гатовая, але званыя не былі дастойнымі.
9 Дык пайдзеце на ростані, і ўсіх, каго сустрэнеце, клічце на вясельле.
10 І слугі тыя, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго толькі знайшлі: і благіх і добрых, — і на вясельлі было поўна гасьцей.
11 Уладар, прыйшоўшы паглядзець гасьцей, убачыў там чалавека адзетага не ў вясельнае адзеньне.
12 І кажа яму: — дружа, як ты ўвайшоў сюды не ў вясельным убраньні? той-жа маўчаў.
13 Тады сказаў уладар слугам: — зьвяжэце яму рукі і ногі і вазьмеце ўкіньце яго у цемру вонкавую; там будзе плач і скрыгатаньне зубоў.
14 Бо шмат пазваных, але мала выбраных.
15 Тады фарысеі пайшлі і радзіліся, як-бы падлавіць Яго на словах.
16 І пасылаюць да Яго вучняў сваіх з гірадыянамі, кажучы: — Вучыцель, мы ведаем, што Ты справядлівы, і праўдзіва настаўляеш на шлях Божы ды ня дбаеш дагаджаць каму-небудзь, бо ня ўзіраешся на асобу людзкую.
17 Дык скажы нам, як ты думаеш? ці дабрагодна даваць падатак кесару, ці не?
18 Але Ісус, ведаючы іхны здрадзецкі подступ, сказаў: — што спакушаеце Мяне, двудушнікі?
19 Пакажэце мне падатковую залатоўку; яны прынясьлі Яму дынар.
20 І кажа ім: — чый гэта тут воблік і напіс?
21 Кажуць Яму — цэсаравы; тады кажа ім: — дык аддайце цэсарава цэсару, а Божае Богу. —
22 Пачуўшы гэтае, яны задзівіліся і, пакінуўшы Яго, адышліся.
23 У той-жа дзень падыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасеньня, і пыталіся ў Яго, гаворачы:
24 — Вучыцель! Майсей сказаў: — калі хто памрэ, ня меўшы дзяцей, то брат яго няхай возьме жану ягоную і адродзіць плямя брату свайму.
25 Было-ж у нас сем братоў: першы, ажаніўшыся, памёр, і, ня маючы патомства, пакінуў жану сваю браты свайму.
26 Таксама і другі і трэйці аж да сёмага.
27 Пасьля ўсіх памерла і жана.
28 Дык пры ўваскрасеньні каторага з іх сямёх будзе яна жаною? бо ўсе мелі яе.
29 Адказваючы ім, Ісус сказаў: — мыляецеся, ня ведаючы Пісаньня, ані моцы Божае.
30 Бо пры ўваскрасеньні ня жэняцца, ані замуж ня йдуць, але бытуюць у небе, як анёлы Божыя.
31 А пра ўваскрасеньне, ці-ж не чыталі вы сказанага вам ад Бога:
32 — Я Бог Абрагама, і Бог Ісака, і Бог Якуба; Бог ня ёсьць Бог мёртвых, але жывых.
33 І слухаючы, народ дзіваваўся з навукі Ягонае.
34 Фарысеі, дачуўшыся, як Ён асароміў садукеяў, зыйшліся разам.
35 І адзін з іх, законьнік вучоны, спакусьліва папытаў у Яго, кажучы:
36 — Вучыцель! які найбольшы запавет ў законе?
37 Ісус-жа сказаў яму: — Узьлюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою тваёю, і ўсім разуменьнем тваім.
38 Гэта ёсьць першы і найбольшы запавет.
39 Другі-ж, падобны да яго: узьлюбі бліжняга твайго, як самога сябе.
40 На гэтых двух запаветах грунтуецца ўвесь закон і прарокі.
41 Калі-ж былі зыйшоўшыся фарысеі, Ісус спытаўся ў іх, кажучы:
42 — што вы думаеце пра Хрыста? чый Ён Сын? — кажуць Яму, Давыдаў.
43 І кажа ім: — як-жа Давыд у натхненьні заве Яго Госпадам, калі кажа:
44 — Сказаў Госпад Госпаду Майму: сядзі праваруч Мяне, дакуль не палажу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх.
45 Калі-ж Давыд называе Яго Госпадам, як-жа Ён сын яму?
46 І ніхто ня мог адказаць Яму ані слова, і з таго дня ніхто ўжо не адважваўся больш даваць Яму пытаньні.

Зноскі:

15 падлавіць — ці — зьбянтэжыць, згаміць, спакудзіць.
16 ня ўзіраешся — ці — не аглядаешся.
46 больш даваць Яму пытаньні — ці — пытацца ў Яго.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Сьвятое Евангельле Мацьвея, 22 раздзел. Пераклад Міхася Міцкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Мацьвея 22 раздзел в переводах:
Мацьвея 22 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.