Біблія » Міцкевіч Пераклад Міхася Міцкевіча

Мацьвея 10 Паводле Мацьвея 10 раздзел

1 І прыклікаўшы дванаццацёх вучняў Сваіх, даў ім уладу над нячыстымі духамі, каб выганяць іх і лекаваць усякі нядуг і ўсякую хвор.
2 Імёны-ж дванаццацёх апосталаў гэткія: першы Сымон, званы Пятром, і Андрэй, брат яго; Якуб Завядзеяў і Ян, брат яго;
3 Піліп і Баўтарамей, Хама і Мацьвей мытнік, Якуб Алфеяў і Ляўвей, званы Фадзеем;
4 Сымон Кананіт і Юда Іскарыёт, які і прадаў Яго.
5 Гэтых дванаццацёх паслаў Ісус і запавядаў ім, кажучы: — у дарогу да нявернікаў не выбірайцеся, і ў месты Самаранскія не заходзьце.
6 Валей ідзеце да загінуўшых авец дому Ізраілевага.
7 А праходзячы абьяшчайце, што наблізілася Ўладарства Нябеснае.
8 Хворых ацаляйце, пракажоных ачышчайце, памершых уваскрашайце, злыдухаў выганяйце — дарма дасталі, дарма давайце.
9 Не бярэце золата, ані срэбра, ані медзі ў паясы вашыя;
10 Ні сумкі ў дарогу, ні дзьвёх рызаў, ні сандаляў, ні кія; годзен бо працаўнік пражываньня свайго.
11 І калі ў якое места ці аселішча прыйдзеце, даведвайцеся, хто ў ім дастойны, там і аставайцеся, пакуль ня выйдзеце.
12 А ўваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: мір дому гэтаму.
13 І калі дом будзе дастойны, мір ваш зыйдзе на яго; калі-ж ня будзе дастойны, мір ваш да вас вернецца.
14 А калі хто ня прыме вас ці не паслухае словаў вашых, то, выйходзячы з дому ці места таго, атрасеце пыл з ног вашых.
15 Запраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень судны, ніж месту таму.
16 Вось я пасылаю вас, як авец сярод ваўкоў, будзьце-ж мудрыя, як зьмеі, і простыя, як галубы.
17 Сьцеражэцеся людзей, бо аддаваць будуць вас у судзілішчы, і ў сынагогах сваіх будуць пабіваць вас.
18 І павядуць вас да начальнікаў і ўладароў з-за Мяне, дзеля сьветчаньня ім і паганам.
19 Калі-ж выдадуць вас, ня турбуйцеся, што і як гаварыць на той час дасца вам, што прамовіць.
20 Бо ня вы будзеце прамоўляць, але Дух Айца Вашага прамовіць праз вас.
21 Выдасьць-жа брат брата на сьмерць, і бацька дзіця сваё, і дзеці паўстануць на бацькоў і ўсьмерцяць іх.
22 І будзеце зьненавіджаны ўсімі за імя Маё. Але, хто выцерпіць да канца, той збавёны будзе.
23 Калі-ж будуць гнаць вас у адным месьце, бяжэце ў іншае; запраўды, кажу вам: не абойдзеце яшчэ местаў Ізраілевых, як прыйдзе Сын Чалавечы.
24 Ня стаць вучню над надвучыцелем сваім, ці слузе над гаспадаром сваім.
25 Досыць вучню дараўнацца да вучыцеля свайго, а слузе — да гаспадара свайго; калі гаспадара дому вельзэвулам абазвалі, то ці-ж не балей таго хатніх ягоных?
26 Але, ня бойцеся іх: нічога-ж няма сукрытага, каб ня выкрылася, ні тайнага, каб ня выявілася.
27 Што кажу вам упоцемку, гаварэце пры сьвятле; і што на вуха чуеце, абвяшчайце на дахах.
28 І ня бойцеся тых, якія забіваюць цела, а душы ня могуць забіць, але гарэй бойцеся таго, хто можа душу і цела загубіць у пекле.
29 Ці-ж не прадаюць дзьве птушынкі за медзяка? І ніводная з іх не ўпадзе на зямлю бяз волі Айца вашага.
30 У вас-жа і валасы на галаве палічаны.
31 Дык ня бойцеся, — вы вартасьнейшыя за шмат птушынаў.
32 Вось жа, кожнага, хто прызнае Мяне прад людзьмі, прызнаю і Я яго прад Айцом Маім Нябесным.
33 А хто адрачэцца ад Мяне прад людзьмі, адракуся і Я яго прад Айцом Маім Нябесным.
34 Ня думайце, што Я прыйшоў спаслаць супакой на зямлю; не супакой прынясьці прыйшоў Я, але меч.
35 Бо прыйшоў Я разлучыць чалавека з бацькам яго, і дачку з маткаю як, і нявестку з сьвякрывёю яе.
36 І ворагі чалавеку хатнія яго.
37 Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, недастойны Мяне, і хто любіць сына ці дачку больш за Мяне — недастойны Мяне.
38 І хто не бярэ крыжа свайго і ня йдзе ўсьлед за Мною — недастойны Мяне.
39 Хто зьберагае душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, зьберажэ яе.
40 Хто прыймае вас, прыймае Мяне, а хто прыймае Мяне, прыймае і Таго, Хто паслаў Мяне.
41 Хто прыймае прарока ў імя прарока, дастае ўзнагароду прарочую; і хто прыймае праведніка ў імя праведніка, дастае ўзнагароду праведніка.
42 І хто напоіць аднаго з гэтых малых толькі чарай сьцюдзёнай вады ў імя вучня, — праўдзіва кажу вам, ня страціць узнагароды свае.

Зноскі:

5 нявернікаў — ці — паганаў.
41 прарочую — ці — прарока.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Сьвятое Евангельле Мацьвея, 10 раздзел. Пераклад Міхася Міцкевіча.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Мацьвея 10 раздзел в переводах:
Мацьвея 10 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2025. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.