Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Мацвея 10 Паводле Мацвея 10 раздзел

1 І, склікаўшы дванаццаць вучняў Сваіх, даў ім уладу над духамі нячыстымі, каб выганяць іх і аздараўляць усякую хваробу ды ўсякую немач.
2 А імёны дванаццаці Апосталаў такія: першы Сімон, якога завуць Пётрам, і Андрэй, брат яго, і Якуб, сын Зебядзееў, ды Ян, брат яго;
3 Піліп і Баўтрамей, Тамаш і Мацвей мытнік, Якуб, сын Алфееў, і Тадэй,
4 Сімон Кананіт і Юда Іскарыёт, які Яго выдаў.
5 Гэтых дванаццаць паслаў Ісус, загадваючы ім ды кажучы: «На шлях паганаў не ўступайце і ў гарады самарыцянаў не ўваходзьце.
6 Але перш ідзіце да загубленых авечак дому Ізраэля.
7 А ідучы, прапаведуйце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”.
8 Хворых аздараўляйце, памерлых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, дэманаў выганяйце. Дарма атрымалі, дарма давайце.
9 Не майце ў капшуках вашых ані золата, ані срэбра, ані медзі,
10 ані торбы ў дарогу, ані дзвюх тунік, ані пасталоў, ані кія. Бо працаўнік варты пракорму свайго.
11 А ў які горад або вёску зойдзеце, спытайцеся, хто ў ім прыстойны, ды там заставайцеся аж да свайго адыходу.
12 Уваходзячы ў дом, вітайце яго, кажучы: “Супакой дому гэтаму”.
13 І, калі дом той будзе варты, сыйдзе супакой ваш на яго. А калі не будзе варты, супакой ваш да вас вернецца.
14 А калі б хто вас не прыняў ды не слухаў слоў вашых, выйшаўшы вон з дома або з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых.
15 Сапраўды кажу вам: лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суда, чым таму гораду.
16 Вось жа, пасылаю Я вас, нібы авечак сярод ваўкоў; дык будзьце разважлівымі, як змеі, і нявінныя, як галубы.
17 Сцеражыцеся людзей; бо павядуць вас на суды і ў сінагогах лупцаваць вас будуць.
18 І за Мяне павядуць вас да намеснікаў і да ўладароў на сведчанне ім і паганам.
19 А калі вас выдаваць будуць, не думайце, як і што гаварыць, бо ў той час будзе дадзена вам, што сказаць.
20 Бо не вы будзеце тымі, што гавораць, але Дух Айца вашага будзе гаварыць у вас.
21 І выдасць на смерць брат брата, а бацька — сына; і паўстануць сыны на бацькоў, і да смерці іх спрычыняцца.
22 І будзеце вы ў нянавісці ад усіх за імя Маё; але хто вытрывае да канца, будзе збаўлены.
23 Калі вас пераследаваць будуць у гэтым горадзе, пераходзьце ў другі. Бо сапраўды кажу вам: не пройдзеце да канца гарадоў Ізраэля, аж прыйдзе Сын Чалавечы.
24 Вучань не вышэй за настаўніка, ані паслугач не вышэй за гаспадара свайго.
25 Хопіць для вучня, каб быў як настаўнік яго, а для паслугача — як яго гаспадар. Калі гаспадара дому назвалі Бэльзебулам, тым больш хатніх яго.
26 Дык не бойцеся іх. Бо няма нічога скрытага, што не было б выяўлена, і нічога таемнага, што не стала б вядомым.
27 Тое, што кажу вам у цемры, кажыце пры святле; і што чуеце на вуха, прапаведуйце на дахах.
28 І не бойцеся тых, якія забіваюць цела, а душы забіць не могуць. Але бойцеся больш Таго, Хто можа і душу, і цела загубіць у пекле.
29 Ці ж не за ас прадаюць двух вераб’ёў? А ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю без ведама Айца вашага.
30 Нават і валасы вашы на галаве ўсе палічаны.
31 Дык не бойцеся, вы намнога важнейшыя за вераб’ёў.
32 Дык вось, кожнага, хто Мяне прызнае перад людзьмі, таго прызнаю і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у небе.
33 А хто Мяне зрачэцца перад людзьмі, зракуся таго і Я перад Айцом Маім, Які ёсць у небе.
34 Не думайце, што Я прыйшоў прынесці супакой на зямлю. Не супакой прыйшоў Я прынесці, але меч.
35 Бо прыйшоў Я аддзяліць чалавека ад бацькі яго, дачку ад маці яе, сынавую ад свекрыві яе.
36 І ворагі чалавеку хатнія яго.
37 Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, той не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, той не варты Мяне.
38 І хто не прымае крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне.
39 І хто знойдзе душу сваю, той згубіць яе, а хто аддасць душу сваю за Мяне — знойдзе яе.
40 Хто прымае вас — Мяне прымае, а хто Мяне прымае — прымае Таго, Хто Мяне паслаў.
41 Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока. Хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае.
42 І хто хаця б напіцца дасць кубак халоднай вады аднаму з гэтых найменшых толькі за імя вучня, сапраўды кажу вам: не страціць ён узнагароды сваёй».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Мацвея, 10 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Мацвея 10 раздзел, слухаць:
Мацвея 10 раздзел в переводах:
Мацвея 10 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.