1 І, адказваючы, Ісус стаў гаварыць ім далей у прыпавесцях:
2 «Валадарства Нябеснае падобна да чалавека валадара, які справіў вяселле для свайго сына.
3 І паслаў ён паслугачоў сваіх паклікаць запрошаных на вяселле, але не хацелі прыйсці.
4 Ізноў паслаў іншых паслугачоў, кажучы: “Скажыце запрошаным: вось, я прыгатаваў свой абед, валы мае і што кормнае пабіта, ды ўсё прыгатавана; прыходзьце на вяселле!”
5 Але яны не дбалі і пайшлі: хто ў поле сваё, хто да гандлю свайго;
6 астатнія ж схапілі паслугачоў яго і, наздзекаваўшыся, забілі.
7 І ўгнявіўся валадар, і, паслаўшы сваё войска, знішчыў тых забойцаў і горад іх спаліў.
8 Потым гаворыць ён паслугачам сваім: “Вяселле прыгатавана, але тыя, што запрошаны, не былі вартыя.
9 Дык ідзіце на скрыжаванні дарог і, каго толькі знойдзеце, клічце на вяселле”.
10 І паслугачы яго, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго напаткалі, ліхіх і добрых; і напоўнілася вяселле гасцямі.
11 І ўвайшоў валадар, каб паглядзець на гасцей, ды ўбачыў ён там чалавека, які быў апрануты не ў вясельныя шаты.
12 І гаворыць яму: “Дружа, як жа ты ўвайшоў сюды, не маючы вясельных шатаў?” Але той маўчаў.
13 Тады сказаў валадар паслугачам сваім: “Звяжыце яму рукі і ногі, кіньце яго ў цемру вонкавую: там будзе плач і скрыгатанне зубоў”.
14 Бо многія пакліканы, але нямногія абраны».
15 Тады фарысеі, адышоўшы, пачалі радзіцца, як бы падлавіць Яго ў словах.
16 І паслалі да Яго вучняў сваіх з ірадыянамі, якія казалі: «Настаўнік, ведаем, што Ты справядлівы, і шляху Божаму праўдзіва навучаеш, ды не аглядаешся на асобы людзей.
17 Скажы нам тады, як Табе здаецца, ці належыць плаціць падатак цэзару, ці, можа, не?»
18 Ісус жа, пранікаючы іх подступ, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?
19 Пакажыце мне манету на падатак». І яны падалі Яму дынар.
20 І Ён гаворыць ім: «Чые гэта выява і надпіс?»
21 Кажуць Яму: «Цэзара». Тады сказаў ім: «Тое, што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае — Богу».
22 І, пачуўшы гэта, яны здзівіліся ды, пакінуўшы Яго, адышліся.
23 У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пыталіся Яго,
24 кажучы: «Настаўнік, Майсей загадаў: калі хто памрэ, не маючы дзяцей, дык хай брат яго возьме жонку яго і хай створыць нашчадка брату свайму.
25 А было ў нас сем братоў; і першы, як ажаніўся, памёр і, не маючы нашчадка, пакінуў жонку брату свайму.
26 Падобна другі і трэці — аж да сёмага.
27 Нарэшце па ўсіх памерла і жанчына.
28 Дык у час уваскрэсення чыёй з сямі будзе яна жонкаю? Бо ўсе яны мелі яе».
29 А Ісус, адказваючы, гаворыць ім: «Памыляецеся, не ведаючы ні Пісання, ані магутнасці Божай.
30 Пры ўваскрэсенні не будуць ні жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы Божыя ў небе.
31 Ці не чыталі пра ўваскрэсенне мёртвых, што сказана вам Богам, Які казаў:
32 “Я — Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”. Бог не ёсць Бог мёртвых, але тых, што жывыя».
33 І, чуючы гэта, людзі дзівіліся з вучэння Яго.
34 Тады фарысеі, чуючы, што Ён змусіў садукеяў замаўчаць, сышліся разам.
35 І адзін з іх, заканазнавец, выпрабоўваючы Яго, спытаў:
36 «Настаўнік, якое найважнейшае прыказанне ў законе?»
37 Той жа гаворыць яму: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёй душой тваёй, усім розумам тваім;
38 гэта найважнейшае ды першае прыказанне.
39 Другое, падобнае гэтаму: любі блізкага свайго, як сябе самога.
40 На гэтых двух прыказаннях грунтуецца ўвесь закон і прарокі».
41 Калі сабраліся фарысеі, спытаўся ў іх Ісус,
42 кажучы: «Што думаеце пра Хрыста? Чый Ён Сын?» Кажуць яму: «Давіда».
43 Сказаў ім: «Як жа тады Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:
44 “Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”?
45 Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён ёсць Сынам яго?»
46 І ніхто не мог Яму адказаць слова, ніхто таксама не адважыўся ад таго дня болей пытацца ў Яго.
Евангелле паводле Мацвея, 22 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.