Біблія » Клышка Пераклад Анатоля Клышкi

Матфея 22 Матфея 22 раздзел

1 І ў адказ Ісус зноў прамаўляў ім у прыпавесцях, кажучы:
2 Царства Нябёсаў падобнае да аднаго цара, што справіў вяселле свайму сыну.
3 І паслаў сваіх слуг, каб паклікалі запрошаных на вяселле, але тыя не захацелі прыйсці.
4 Ён зноў паслаў іншых слуг, кажучы: Скажыце запрошаным: «Вось я падрыхтаваў мой абед, мае быкі і адкормленая жывёла заколаты, і ўсё гатова; ідзіце на вяселле!»
5 Яны ж, занядбаўшы гэта, паразыходзіліся, хто — на ўласнае поле, хто — да гандлю свайго;
6 а астатнія, схапіўшы яго слуг, зняважылі і забілі іх.
7 І цар, [пачуўшы], разневаўся і, паслаўшы свае войскі, вынішчыў тых забойцаў, а іх горад спаліў.
8 Тады ён кажа сваім слугам: Вяселле гатовае, ды запрошаныя былі не вартымі;
9 дык ідзіце ж на скрыжаванні дарог і, каго знойдзеце, клічце на вяселле.
10 І тыя слугі, выйшаўшы на дарогі, сабралі ўсіх, каго знайшлі, і ліхіх, і добрых; і вясельная зала напоўнілася застольнікамі.
11 І цар, увайшоўшы паглядзець на застольнікаў, убачыў там чалавека, апранутага не ў вясельнае ўбранне,
12 і кажа яму: Дружа, як ты ўвайшоў сюды, не меўшы вясельнага ўбрання? — Той жа маўчаў.
13 Тады цар сказаў слугам: Звязаўшы яму ногі і рукі, [вазьміце яго і] выкіньце яго ў знадворную цемру; там будзе плач і скрыгат зубоў.
14 Бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.
15 Тады фарысеі, пайшоўшы, зрабілі раду, як бы прылавіць Яго на слове.
16 І пасылаюць да Яго сваіх вучняў з ірадыянамі68, каб сказаць: Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і Божай дарозе ў праўдзе навучаеш і ні на кім Табе не залежыць: бо не глядзіш на аблічча людзей.
17 Дык скажы нам, як здаецца Табе, ці дазваляецца даваць падатак кесару, ці не?
18 Але Ісус, ведаючы іх падступнасць, сказаў: Што вы Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі?
19 Пакажыце Мне падатковую манету. — І яны прынеслі Яму дынарый.
20 І Ён кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс?
21 Яны кажуць Яму: Кесарава. — Тады Ён кажа ім: Дык аддавайце кесарава кесару, а Божае — Богу.
22 І, пачуўшы гэта, яны здзівіліся, і, пакінуўшы Яго, адышлі.
23 У той дзень падышлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і спыталіся ў Яго,
24 кажучы: Настаўніку, Маісей сказаў: «Калі хто памрэ, не маючы дзяцей, то няхай яго брат ажэніцца з яго жонкаю і ўзновіць патомства свайму брату».
25 Было ж у нас сем братоў; і першы, ажаніўшыся, памёр і, не маючы патомства, пакінуў сваю жонку брату свайму;
26 таксама і другі, і трэці, аж да сёмага;
27 а пасля ўсіх памерла жанчына.
28 Дык ва ўваскрэсенні — жонкаю каторага з сямі яна будзе? Бо ўсе мелі яе?
29 Ісус жа сказаў ім у адказ: Вы памыляецеся, не ведаючы ні Пісанняў, ні сілы Божай:
30 бо ва ўваскрэсенні ні жэняцца і не выходзяць замуж, а яны — як Анёлы [Божыя] ў небе.
31 А пра ўваскрэсенне мёртвых няўжо вы не чыталі сказанага вам Богам, Які кажа:
32 «Я Бог Аўраама, і Бог Ісаака, і Бог Іякава»? Ён не Бог мёртвых, а жывых.
33 І, пачуўшы гэта, натоўпы дзівіліся Яго вучэнню.
34 А фарысеі, пачуўшы, што Ён прымусіў замоўкнуць садукеяў, сабраліся разам.
35 І адзін з іх, [законнік] спытаўся, выпрабоўваючы Яго і [кажучы]:
36 Настаўніку, якая запаведзь самая вялікая ў законе?
37 [Ісус] жа сказаў яму: «Палюбі Госпада, твайго Бога, усім сваім сэрцам, і ўсёю сваёю душою, і ўсім сваім разуменнем»;
38 гэта самая вялікая і першая запаведзь.
39 Другая ж падобная да яе: «Палюбі свайго блізкага, як самога сябе».
40 На гэтых дзвюх запаведзях трымаецца ўвесь закон і прарокі.
41 Калі ж сабраліся фарысеі, Ісус спытаўся ў іх,
42 кажучы: Што вы думаеце пра Хрыста? Чый Ён сын? — Яны кажуць Яму: Давідаў.
43 Ён кажа ім: Дык як Давід у Духу называе Яго Госпадам, кажучы:
44 «Сказаў Госпад майму Госпаду: сядзі праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад ногі Твае?»
45 Дык калі Давід называе Яго Госпадам, як жа Ён яго сын?
46 І ніхто не мог адказаць Яму ні слова; і ніхто з таго дня не адважыўся больш пытацца ў Яго.

Зноскі:

16 68: Прыхільнікі Ірадавага дому.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Матфея, 22 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Матфея 22 раздзел в переводах:
Матфея 22 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.