Библия Клышка Пераклад Анатоля Клышкi

Матфея, 25 Матфея, 25 глава

1 Тады Царства Нябёсаў будзе падобнае да дзесяці дзяўчат, што, узяўшы свае свяцільні, выйшлі на сустрэчу маладога.
2 І пяць з іх было неразумных і пяць разумных.
3 Бо неразумныя, узяўшы свае свяцільні, не ўзялі з сабою алею.
4 А разумныя ўзялі са сваімі свяцільнямі алею ў пасудзінах.
5 А калі малады запазніўся, яны ўсе задрамалі і паснулі.
6 Але апоўначы пачуўся крык: «Вось [ідзе] малады! Выходзьце на сустрэчу [яму]».
7 Тады ўсе тыя дзяўчаты ўсталі і паправілі свае свяцільні.
8 Неразумныя ж сказалі разумным: Дайце нам свайго алею, таму што нашы свяцільні гаснуць.
9 А разумныя сказалі ў адказ: Каб не забракла нам і вам; пайдзіце лепей да прадаўцоў і купіце сабе.
10 І калі яны адыходзілі купляць, прыйшоў малады; і гатовыя ўвайшлі з ім на вяселле, і дзверы былі зачынены.
11 Пасля ж прыходзяць і астатнія дзяўчаты і кажуць: Гаспадару, гаспадару, адчыні нам!
12 Але ён сказаў у адказ: Сапраўды кажу вам: Я не ведаю вас.
13 Дык будзьце пільныя: таму што вы не ведаеце ні дня, ні гадзіны, [калі прыйдзе Сын Чалавечы].
14 Бо гэтак жа як адзін чалавек, адыходзячы ў чужую краіну, паклікаў сваіх слуг і перадаў ім сваю маёмасць,
15 і аднаму ён даў пяць талентаў, другому ж — два, а яшчэ аднаму — адзін, кожнаму паводле яго сілы; і адышоў.
16 Адразу той, хто атрымаў пяць талентаў, пайшоўшы, пусціў іх у абаротак і прыдбаў другія пяць [талентаў];
17 таксама [і] той, што атрымаў два таленты, прыдбаў другія два.
18 А той, што атрымаў адзін, адышоўся, раскапаў зямлю і схаваў серабро свайго гаспадара.
19 Праз доўгі ж час прыходзіць гаспадар тых слуг і зводзіць з імі рахунак.
20 І той, хто атрымаў пяць талентаў, падышоўшы, прынёс другія пяць талентаў, кажучы: Гаспадару, ты перадаў мне пяць талентаў; вось другія пяць талентаў я прыдбаў [на іх].
21 Яго гаспадар сказаў яму: Выдатна, добры і верны слуга! Над малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе; увайдзі ў радасць свайго гаспадара.
22 Падышоў і той, хто [атрымаў] два таленты, і сказаў: Гаспадару, два таленты ты перадаў мне; вось, я прыдбаў другія два таленты [на іх].
23 Яго гаспадар сказаў яму: Выдатна, добры і верны слуга! Над малым ты быў верны, над многім пастаўлю цябе; увайдзі ў радасць свайго гаспадара.
24 Падышоў і той, хто атрымаў адзін талент, і сказаў: Гаспадару, я ведаў цябе, што ты чалавек жорсткі: жнеш, дзе не сеяў, і збіраеш, дзе не рассыпаў;
25 і я збаяўся — пайшоў і схаваў твой талент у зямлі: вось табе тваё.
26 А яго гаспадар сказаў яму ў адказ: «Ліхі і баязлівы слуга, ты ведаў, што я жну, дзе не сеяў, і збіраю, дзе не рассыпаў;
27 дык трэба было табе аддаць маё серабро ў рост79, і я, прыйшоўшы, атрымаў бы сваё з прыбыткам.
28 Дык вось вазьміце ад яго талент і дайце таму, хто мае дзесяць талентаў;
29 бо кожнаму, хто мае, будзе дадзена, і памножыцца, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае.
30 А нявартага слугу выкіньце ў цемру знадворную — там будзе плач і скрыгат зубоў. [Сказаўшы гэта, усклікнуў: хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!]
31 Калі ж прыйдзе Сын Чалавечы ў Сваёй славе і ўсе [святыя] Анёлы з Ім, тады сядзе Ён на троне Сваёй славы;
32 і будуць сабраны перад Ім усе народы; і Ён аддзеліць іх адзін ад аднаго, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў;
33 і Ён паставіць авечак праваруч ад Сябе, а казлоў — леваруч.
34 Тады Цар скажа тым, хто праваруч Яго: «Прыйдзіце, дабраславёныя Майго Бацькі, вазьміце ў спадчыну Царства, падрыхтаванае вам ад заснавання свету.
35 Бо быў Я галодны, і вы далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы напаілі Мяне; чужаземец быў, і вы прынялі Мяне;
36 быў голы, і вы адзелі Мяне; быў хворы, і вы адведалі Мяне; у турме быў, і вы прыйшлі да Мяне».
37 Тады ў адказ Яму праведнікі скажуць: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі ці сасмяглага і напаілі?
38 І калі мы бачылі Цябе чужаземцам і прынялі ці голым і адзелі?
39 І калі мы бачылі Цябе хворым ці ў турме і прыйшлі да Цябе?
40 І ў адказ Цар скажа ім: «Сапраўды кажу вам: што зрабілі вы аднаму з гэтых найменшых Маіх братоў, тое вы Мне зрабілі».
41 Тады Ён скажа і тым, хто леваруч: «Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у вечны агонь, падрыхтаваны д’яблу і яго анёлам.
42 Бо быў Я галодны, і вы не далі Мне есці; быў сасмяглы, і вы не напаілі Мяне;
43 быў чужаземец, і вы не прынялі Мяне; быў голы, і вы не адзелі Мяне; быў хворы і ў турме, і вы не адведалі Мяне».
44 Тады ў адказ і яны скажуць: «Госпадзе, калі мы бачылі Цябе галодным, ці сасмяглым, ці чужаземцам, ці голым, ці хворым, ці ў турме, і не паслужылі Табе?»
45 Тады Ён скажа ім у адказ: «Сапраўды кажу вам: што не зрабілі вы аднаму з гэтых найменшых, таго вы і Мне не зрабілі».
46 І пойдуць гэтыя на вечную кару, а праведнікі ў жыццё вечнае.

Примечания к тексту

27 79: Літаральна: грашаменам (або: банкірам).
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Матфея, 25 глава. Пераклад Анатоля Клышкi

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Иоанна Златоуста
  12. Толкование Феофилакта Болгарского
  13. Новый Библейский Комментарий
  14. Лингвистический. Роджерс
  15. Комментарии Давида Стерна
  16. Ветхий Завет в Новом
  17. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.