1 Асцерагайцеся [ж] выстаўляць сваю праведнасць10 перад людзьмі, каб яны бачылі вас: а як не, няма вам узнагароды ад вашага Бацькі, што ў нябёсах.
2 Дык, калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб праслаўлялі іх людзі. Сапраўды кажу вам: яны спаўна атрымліваюць сваю узнагароду.
3 А ты, калі даеш міласціну, — няхай твая левая рука не ведае, што робіць твая правая,
4 каб твая міласціна была ў таямніцы, і твой Бацька, Які бачыць у таямніцы, аддасць табе [яўна].
5 І калі моліцеся, не будзьце як крывадушнікі, таму што яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказаць сябе людзям; сапраўды кажу вам, [што] яны спаўна атрымліваюць сваю ўзнагароду.
6 А ты, калі молішся, увайдзі ў свой пакой і, зачыніўшы дзверы свае, памаліся твайму Бацьку, што ў таямніцы; і твой Бацька, Які бачыць у таямніцы, аддасць табе [яўна].
7 А молячыся, не кажыце пустога, як язычнікі; бо яны думаюць, што ў сваім шматслоўі будуць пачутыя;
8 дык не прыпадабняйцеся да іх, бо ваш Бацька ведае, у чым вы маеце патрэбу, перш чым вы ў Яго папросіце.
9 Вы ж маліцеся так: Татухна наш, Які ў нябёсах! Няхай асвяціцца Тваё імя;
10 няхай прыйдзе Царства Тваё, няхай здзейсніцца воля Твая як у небе, так і на зямлі.
11 Хлеб наш надзённы дай нам сёння;
12 і даруй нам нашы правіны, як і мы даравалі11 нашым вінаваўцам;
13 і не дай нам паддацца спакусе, але збаў нас ад ліхога12. [Бо Тваё ёсць Царства, і сіла, і слава навекі. Амін].
14 Бо калі вы даруеце людзям іх правіны, даруе і вам Бацька ваш Нябесны;
15 а калі вы не даруеце людзям [іх правінаў], то і ваш Бацька не даруе вашых правінаў.
16 А калі посціце, не рабіце, як крывадушнікі панурыя; бо яны напускаюць на сябе пануры погляд, каб паказаць людзям, што посцяць. Сапраўды кажу вам, [што] яны ўжо атрымліваюць сваю ўзнагароду.
17 А ты, калі посціш, памаж сваю галаву і памый свой твар,
18 каб з’явіцца ў пасце не перад людзьмі, а перад тваім Бацькам, Які ў таямніцы; і твой Бацька, Які бачыць у таямніцы, аддасць табе [яўна].
19 Не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і ржа нішчаць і дзе зладзеі падкопваюць і крадуць:
20 а збірайце сабе скарбы на небе, дзе ні моль, ні ржа не нішчаць і дзе зладзеі не падкопваюць і не крадуць;
21 бо дзе твой13 скарб, там будзе і тваё14 сэрца.
22 Светач цела — вока. Дык калі тваё вока будзе простае, усё тваё цела будзе светлае;
23 калі ж тваё вока будзе ліхое, усё тваё цела будзе цёмнае. Дык калі святло, што ў табе, — цемра, то якая ж вялікая цемра?
24 Ніхто не можа служыць двум гаспадарам: бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога — любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім будзе пагарджаць. Не можаце Богу служыць і мамоне15.
25 Таму кажу вам: не турбуйцеся пра ваша жыццё, што есці [ці што піць], і ні пра ваша цела, у што адзецца. Хіба жыццё не большае за яду, і цела за адзенне?
26 Паглядзіце на нябесных птушак, што не сеюць, не жнуць, не збіраюць у свірны, а ваш Нябесны Бацька корміць іх. Хіба вы не важнейшыя за іх?
27 Хто з ж вас, турбуючыся, можа дабавіць да свайго росту хоць бы адзін локаць16?
28 І пра адзенне што турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: не працуюць, ні прадуць;
29 кажу ж вам, што нават Саламон ва ўсёй сваёй славе не адзяваўся так, як кожная з іх.
30 Калі ж палявую траву, што ёсць сёння, а заўтра будзе кінутая ў печ, Бог так прыбірае, то ці ж не тым болей адзене вас, малаверы!
31 Дык не турбуйцеся і не кажыце: «Што нам есці?» або «Што нам піць?», або «У што адзявацца?».
32 Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі; бо ваш Нябесны Бацька ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым.
33 Шукайце ж перш Царства [Божага] і Яго праведнасці. І ўсё гэта дадасца вам.
34 Дык не турбуйцеся пра заўтра: бо заўтра само патурбуецца пра сябе; даволі для кожнага дня сваёй трывогі.
Зноскі:
1 10: У некат. рукап.: міласціну.
12 11: У некат. рукап.: даруем.
13 12: Гэтае слова можна разумець і як нячысцік (д’ябал).
21 1: У некат. рукап.: ваша.
24 15: Багаццю.
27 16: Другі мажлівы пераклад: прыбавіць да тэрміну свайго жыцця (хоць) малую меру.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Евангелле паводле Матфея, 6 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014