Біблія » Клышка Пераклад Анатоля Клышкi

Матфея 13 Матфея 13 раздзел

1 У той дзень Ісус, выйшаўшы з дома, сеў каля мора;
2 і сабраліся да Яго вялікія натоўпы, так што Ён увайшоў у лодку і сеў, а ўвесь натоўп стаяў на беразе.
3 І гаварыў многае ў прыпавесцях, кажучы: Вось, выйшаў сейбіт сеяць.
4 І калі ён сеяў, адны зерні ўпалі пры дарозе і, наляцелі птушкі і падзяўблі іх.
5 Другія ж ўпалі на камяністы грунт, дзе няшмат было зямлі; і зараз жа ўзышлі, бо зямля была не глыбокая;
6 а калі ўзышло сонца — іх апаліла; і яны, з-за таго, што не мелі карэння, засохлі.
7 Іншыя ж ўпалі ў церні, і ўзняліся церні і заглушылі іх.
8 Іншыя ж упалі на добрую зямлю і давалі плод: адно ў сто разоў, а другое ў шэсцьдзесят, іншае ж у трыццаць.
9 Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе!
10 І вучні, падышоўшы, сказалі Яму: Чаму Ты кажаш ім у прыпавесцях?
11 Ён сказаў ім у адказ: Таму што вам дадзена ўведаць таямніцы Царства Нябёсаў, а ім не дадзена.
12 Бо хто мае, таму будзе дадзена і прыспараць будзе, а хто не мае, ад таго забярэцца і тое, што мае.
13 Дзеля таго ў прыпавесцях ім кажу, бо яны, гледзячы, не бачаць і, слухаючы, не чуюць і не разумеюць,
14 і спраўджваецца над імі прароцтва Ісаіі, якое кажа: «Слыхам вы будзеце чуць, а не зразумееце; зрокам глядзець будзеце, а не ўбачыце.
15 Бо атлусцела сэрца гэтага народа, і вушамі туга чулі, і вочы свае заплюшчылі, каб не бачыць вачыма, і вушамі не чуць, і сэрцам не разумець, і не далучыцца, каб Я вылечыў іх».
16 Але шчаслівыя вашы вочы, таму што бачаць, і вушы вашы, таму што чуюць.
17 Бо сапраўды кажу вам, што шмат якія прарокі і праведнікі хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не пачулі.
18 Дык паслухайце прыпавесць пра сейбіта.
19 Да кожнага, хто чуе слова пра Царства і не разумее, прыходзіць ліхі і крадзе пасеянае ў яго сэрцы; гэта пасеянае пры дарозе.
20 А пасеянае на камяністым грунце — гэта той, што чуе слова і зараз жа з уцехаю прымае яго,
21 ды ён не мае карэння ў сабе — і часовы; калі ж настане ўціск ці ганенне з-за слова, зараз жа зняверваецца.
22 А пасеянае ў церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы [гэтага] веку і зманлівасць багацця глушаць слова, і яно робіцца бясплодным.
23 А пасеянае ў добрую зямлю — гэта той, хто чуе слова і разумее; хто і прыносіць плод, і дае: адзін — у сто разоў, другі — у шэсцьдзесят, а іншы — у трыццаць.
24 Іншую прыпавесць падаў Ён ім, кажучы: Царства Нябёсаў падобнае да чалавека, што пасеяў на сваім полі добрае насенне.
25 А калі людзі спалі, прыйшоў яго вораг і пасеяў куколь між пшаніцы і пайшоў.
26 А калі прарасла рунь і дала плод, тады паказаўся і куколь.
27 І слугі гаспадара дома прыйшлі і сказалі яму: Гаспадар, ці не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа ўзяўся куколь?
28 Ён жа сказаў ім: Варожы чалавек гэта зрабіў. — А слугі кажуць яму: Дык хочаш, каб мы пайшлі і выпалалі яго?
29 А ён кажа: Не, каб, выполваючы куколь, вы разам з ім не вырвалі з коранем пшаніцы.
30 Пакіньце расці разам і тое, і другое да жніва; а падчас жніва я скажу жняцам: «Збярыце спярша куколь і звяжыце яго ў вязанкі, каб спаліць іх; пшаніцу ж знясіце ў маё гумно.
31 Іншую прыпавесць падаў Ён ім, кажучы: Царства Нябёсаў падобнае да гарчычнага зярняці, якое чалавек узяў і пасеяў на сваім полі
32 і якое меншае за ўсялякае насенне, але, калі вырасце, яно большае за агародніну і робіцца дрэвам, так што птушкі нябесныя прылятаюць і гняздзяцца ў голлі яго.
33 Іншую прыпавесць сказаў Ён ім: Царства Нябёсаў падобнае да закваскі, якую жанчына, узяўшы, замясіла ў тры меры мукі, пакуль не ўкісла ўсё.
34 Гэта ўсё Ісус казаў натоўпам у прыпавесцях і без прыпавесцяў нічога не казаў ім,
35 каб спраўдзілася сказанае праз прарока, які кажа: «Адкрыю ў прыпавесцях Мае вусны; выкажу схаванае ад стварэння [свету]».
36 Тады, адпусціўшы натоўпы, [Ісус] увайшоў у дом; і падышлі да Яго вучні Яго, кажучы: Растлумач нам прыпавесць пра куколь на полі.
37 Ён жа сказаў у адказ: Той, хто сее добрае насенне, — Сын Чалавечы;
38 а поле — свет; а добрае насенне — гэта сыны Царства; а куколь — сыны ліхога;
39 а вораг, што пасеяў яго, — д’ябал, а жніво — сканчэнне веку, а жняцы — Анёлы.
40 Дык як куколь збіраюць і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні [гэтага] веку;
41 пашле Сын Чалавечы Сваіх Анёлаў, і збяруць з Яго Царства ўсе спакусы і тых, што чыняць беззаконне,
42 і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгат зубоў.
43 Тады праведнікі заззяюць, як сонца ў Царстве іх Бацькі. Хто мае вушы, [каб чуць], няхай чуе!
44 Падобнае Царства Нябёсаў да схаванага ў полі скарбу, які знайшоў чалавек і схаваў, і ад радасці ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе тое поле.
45 Зноў жа Царства Нябёсаў падобнае да купца, які шукае прыгожых перлаў;
46 і, знайшоўшы адну вельмі каштоўную перліну, ён пайшоў і прадаў усё, што меў, і купіў яе.
47 Зноў жа Царства Нябёсаў падобнае да невада, закінутага ў мора, які сабраў рыбу ўсялякага роду;
48 калі ён напоўніўся, выцягнулі яго на бераг і, сеўшы, сабралі добрае ў пасудзіны, а непрыдатнае выкінулі вон.
49 Так будзе пры сканчэнні веку: выйдуць Анёлы і аддзеляць ліхіх з асяроддзя праведнікаў,
50 і кінуць іх у агнявую печ, там будзе плач і скрыгат зубоў.
51 [Кажа ім Ісус]: Ці вы зразумелі ўсё гэта? — Яны кажуць Яму: Так, [Госпадзе].
52 Ён жа сказаў ім: Таму кожны кніжнік, што навучаны Царству Нябёсаў, падобны да гаспадара дома, які выносіць са свае скарбніцы новае і старое.
53 І сталася: калі скончыў Ісус гэтыя прыпавесці, Ён пайшоў адтуль.
54 І, прыйшоўшы ў Сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у сынагозе іх, так што яны здзіўляліся і казалі: Адкуль у Гэтага чалавека такая мудрасць і цудадзейныя сілы?
55 Ці не цеслеў Ён Сын? Ці не Яго Маці завуць Марыям37, і Яго братоў — Іякаў, Іосіф38, Сіман і Іуда?
56 І Яго сёстры — хіба не ўсе ў нас? Дык адкуль у Гэтага чалавека ўсё гэта?
57 І яны зняверыліся ў Ім. Ісус жа сказаў ім: Няма прарока без пашаны, хіба толькі ў [сваёй] бацькаўшчыне і ў сваім доме.
58 І Ён не зрабіў там многіх цудаў з-за іх нявер’я.

Зноскі:

55 37: У некат. рукап.: Марыя.
55 38: У некат. рукап.: Іасія.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Матфея, 13 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Матфея 13 раздзел в переводах:
Матфея 13 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.