ПРЫПАВЕСЦІ ПРА БОЖАЕ ВАЛАДАРСТВА
1 У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора.
2 Сабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе.
Прыпавесць пра сейбіта
3 Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы:
«Вось, выйшаў сейбіт сеяць.
4 Калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх.
5 Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая.
6 Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі.
7 А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх.
8 Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў трыццаць.
9 Хто мае вушы, няхай слухае».
Чаму Езус навучае ў прыпавесцях?
10 І, падыйшоўшы, вучні сказалі Яму: «Навошта Ты гаворыш ім у прыпавесцях?»
11 А Ён адказаў ім: «Таму што вам дадзена пазнаць таямніцы Валадарства Нябеснага, а ім не дадзена.
12 Бо хто мае, таму дадзена будзе, і атрымае ўдосталь, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што мае.
13 Таму Я гавару ім у прыпавесцях, бо яны глядзяць, а не бачаць, слухаюць, а не чуюць і не разумеюць.
14 На іх спаўняецца прароцтва Ісаі, якое кажа:
“Слухаць будзеце, і не зразумееце,
і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце.
15 Бо абрасло тукам сэрца народу гэтага,
і вушамі з цяжкасцю чуюць,
і вочы свае заплюшчылі,
каб не ўбачыць вачыма,
і не пачуць вушамі,
і не зразумець сэрцам, і не навярнуцца,
каб Я вылечыў іх”.
16 Але шчаслівыя вочы вашыя, таму што бачаць, і вушы вашыя, таму што чуюць.
17 Бо сапраўды кажу вам: многія прарокі і справядлівыя хацелі ўбачыць тое, што вы бачыце, і не ўбачылі, і пачуць тое, што вы чуеце, і не пачулі!
Тлумачэнне прыпавесці пра сейбіта
18 Вы ж паслухайце значэнне прыпавесці пра сейбіта.
19 Да кожнага, хто слухае слова пра Валадарства, а не разумее, прыходзіць злы і крадзе пасеянае ў сэрцы яго; вось каго азначае пасеянае пры дарозе.
20 А пасеянае на камяністых месцах — гэта той, хто чуе слова і адразу прымае яго з радасцю,
21 але не мае ў сабе кораня і нясталы. Калі за слова настане ўціск ці пераслед, ён адразу спакушаецца.
22 Пасеянае ж у церні — гэта той, хто чуе слова, але турботы гэтага веку і зман багацця заглушаюць слова, і яно становіцца бясплодным.
23 Пасеянае ж на добрай зямлі — гэта той, хто чуе слова і разумее, і прыносіць плён, адзін у сто разоў, другі ў шэсцьдзясят, а іншы ў трыццаць».
Прыпавесць пра каласоўнік
24 Іншую прыпавесць прапанаваў ім, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім.
25 Калі ж людзі спалі, прыйшоў вораг яго і пасеяў між пшаніцаю каласоўнік, і пайшоў.
26 Калі ж збажына ўзышла і дала плён, тады паказаўся каласоўнік.
27 Прыйшоўшы, слугі гаспадара дому сказалі яму: “Пане, ці ж не добрае насенне пасеяў ты на сваім полі? Адкуль жа на ім каласоўнік?”
28 А ён сказаў ім: “Варожы чалавек зрабіў гэта”. Тады слугі сказалі яму: “Хочаш, мы пойдзем выпалаць яго?”
29 Але ён сказаў: “Не, каб, выбіраючы каласоўнік, вы не павырывалі разам з ім і пшаніцы.
30 Пакіньце расці разам тое і другое аж да жніва; а ў час жніва Я скажу жняцам: збярыце спачатку каласоўнік і звяжыце яго ў пучкі, каб спаліць, а пшаніцу збярыце ў засекі мае”».
Прыпавесць пра гарчычнае зерне і закваску
31 Пасля Ён прапанаваў ім іншую прыпавесць, кажучы: «Валадарства Нябеснае падобнае да гарчычнага зерня, якое ўзяў чалавек і пасеяў на полі сваім.
32 Хоць яно меншае за ўсялякае насенне, калі вырасце, бывае вышэйшым за іншыя расліны і становіцца дрэвам, так што прылятаюць птушкі нябесныя і гняздзяцца ў галінах яго».
33 Іншую прыпавесць прапанаваў ім: «Валадарства Нябеснае падобнае да закваскі, якую жанчына ўзяла і паклала ў тры меры мукі, аж усё ўкісла».
Мэта прыпавесцяў
34 Усё гэтае Езус гаварыў народу прыпавесцямі і без прыпавесці не казаў ім,
35 каб збылося сказанае прарокам:
«Адкрыю ў прыпавесцях вусны Мае,
раскажу ўтоенае ад стварэння свету».
Тлумачэнне прыпавесці пра каласоўнік
36 Тады, адпусціўшы народ, увайшоў у дом. Падышлі да Яго вучні Яго і сказалі: «Растлумач нам прыпавесць пра каласоўнік на полі».
37 Ён жа сказаў ім у адказ: «Сейбіт добрага насення — гэта Сын Чалавечы.
38 Поле — гэта свет, добрае насенне — гэта сыны Валадарства, а каласоўнік — сыны злога духа;
39 вораг, які пасеяў іх, — гэта д’ябал; жніво — сканчэнне свету, а жняцы — гэта анёлы.
40 Таму, як збіраюць каласоўнік і паляць агнём, так будзе пры сканчэнні гэтага свету:
41 пашле Сын Чалавечы анёлаў сваіх, і збяруць яны з Валадарства Яго ўсё, што спакушае, і ўсіх, хто чыніць беззаконне,
42 і ўкінуць іх у вогненную печ; там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
43 Тады праведнікі заззяюць, як сонца, у Валадарстве іх Айца. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае.
Прыпавесць пра скарб і пярліну
44 Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.
45 Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін.
46 Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе.
Прыпавесць пра нерат
47 Валадарства Нябеснае падобнае таксама да закінутага ў мора нерата, што збірае рыбу ўсялякага віду.
48 Калі ён напоўніўся, яго выцягнулі на бераг і, сеўшы, сабралі добрае ў посуд, а дрэннае выкінулі вон.
49 Так будзе пры сканчэнні свету: выйдуць анёлы, і аддзеляць ліхіх ад праведнікаў,
50 і кінуць іх у вогненную печ. Там будзе плач і скрыгатанне зубоў.
Заканчэнне
51 Ці зразумелі вы ўсё гэта?» Яны адказалі Яму: «Так».
52 Ён жа сказаў ім: «Вось чаму ўсялякі кніжнік, навучаны пра Валадарства Нябеснае, падобны да гаспадара, які вымае са скарбніцы сваёй новае і старое».
ПРАЦЯГ ДЗЕЙНАСЦІ ЕЗУСА Ў ГАЛІЛЕІ
Езус у Назарэце
53 Закончыўшы гэтыя прыпавесці, Езус пайшоў адтуль.
54 Прыйшоўшы на сваю бацькаўшчыну, вучыў іх у сінагозе іхняй, так што яны здзіўляліся і казалі: «Адкуль у Яго гэтая мудрасць і моц?
55 Ці ж гэта не сын цесляра? Ці не Ягоную Маці завуць Марыя, а братоў Ягоных — Якуб і Юзаф, Сымон і Юда?
56 І сёстры Яго ці не усе сярод нас? Адкуль жа ў Яго усё гэта?»
57 І абураліся на Яго. А Езус сказаў ім: «Няма прарока без пашаны, хіба што на бацькаўшчыне і ў доме яго».
58 І не ўчыніў там многіх цудаў з прычыны іхняга бязвер’я.
Евангелле паводле святога Мацвея, 13 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.