Сапраўднае значэнне шабату
1 У той час Езус праходзіў у шабат праз збожжа. А вучні Ягоныя згаладаліся і пачалі зрываць каласы і есці.
2 Фарысеі, убачыўшы гэта, сказалі Яму: «Вось вучні Твае робяць тое, чаго нельга рабіць у шабат».
3 А Ён адказаў ім: «Вы не чыталі, што рабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім?
4 Як увайшоў у дом Божы і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці ні яму, ні тым, хто быў з ім, а толькі адным святарам?
5 Або ці не чыталі вы ў Законе, што ў шабат святары ў святыні парушаюць шабат, аднак не вінаватыя?
6 Але кажу вам, што тут нешта большае за святыню.
7 Калі б вы ведалі, што азначае: “Міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, не асудзілі б невінаватых.
8 Бо Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
Аздараўленне хворага ў шабат
9 Пайшоўшы адтуль, Езус прыйшоў у іх сінагогу.
10 Там быў чалавек з усохлай рукой. І, каб абвінаваціць Езуса, спыталіся ў Яго: «Ці можна аздараўляць у шабат?»
11 А Ён адказаў ім: «Ці ёсць сярод вас чалавек, які, маючы адну авечку, не возьме і не выцягне яе, калі яна ў шабат зваліцца ў яму?
12 Наколькі ж чалавек каштоўнейшы за авечку! Таму ў шабат дазволена рабіць дабро».
13 Пасля сказаў чалавеку: «Працягні сваю руку». Той працягнуў — і яна стала здаровай, як другая.
14 Фарысеі ж выйшлі і мелі нараду супраць Езуса, як бы загубіць Яго.
Спаўненне прароцтваў пра Божага Слугу
15 Але Езус, даведаўшыся, адышоў адтуль. За Ім пайшло шмат людзей, і Ён аздаравіў усіх.
16 І забараніў ім выяўляць Яго,
17 каб збылося сказанае прарокам Ісаем:
18 «Вось слуга Мой, якога Я выбраў,
умілаваны Мой, якога ўпадабала душа Мая.
Духа Майго дам Яму,
а Ён абвесціць суд народам.
19 Не будзе пярэчыць і лямантаваць,
і ніхто не пачуе на плошчах голасу Яго.
20 Трысціны надламанай не пераломіць
і не пагасіць тлеючага кнота,
пакуль не давядзе суд да перамогі.
21 І ў імені Ягоным народы будуць мець надзею».
Апалогія Езуса
22 Тады прывялі да Яго сляпога і нямога, апанаванага злым духам, і Ён аздаравіў яго, так што нямы стаў гаварыць і бачыць.
23 А ўсе людзі здзіўляліся і казалі: «Ці ж гэта не Сын Давіда?»
24 Фарысеі, пачуўшы гэта, сказалі: «Ён выганяе злых духаў не інакш, як Бэльзэбулам, князем злых духаў».
25 Ведаючы іхнія думкі, Езус сказаў ім: «Кожнае валадарства, падзеленае само ў сабе, спусташаецца; і кожны горад ці дом, падзелены сам у сабе, не выстаіць.
26 Таму калі сатана выганяе сатану, то ён падзелены сам у сабе; як жа выстаіць яго валадарства?
27 І калі Я выганяю злых духаў Бэльзэбулам, то кім выганяюць сыны вашыя? Таму яны стануць суддзямі вашымі.
28 А калі Я выганяю злых духаў Божым Духам, то настала для вас Божае Валадарства.
29 Або як можа хтосьці ўвайсці ў дом асілка і разрабаваць ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка? Толькі тады абрабуе дом ягоны.
30 Хто не са Мной, той супраць Мяне, і хто не збірае са Мной, той раскідае.
Грэх супраць Духа Святога
31 Таму кажу вам: усякі грэх і блюзнерства будуць адпушчаны людзям, але блюзнерства супраць Духа адпушчана не будзе.
32 І калі хтосьці скажа слова супраць Сына Чалавечага, то яму будзе адпушчана. А калі скажа супраць Духа Святога, яму не будзе адпушчана ні ў гэтым веку, ні ў будучым.
Дрэва і яго плады
33 Або, калі дрэва добрае, то і плод яго будзе добрым; а калі дрэва дрэннае, то і плод яго будзе дрэнным, бо дрэва пазнаецца з плоду.
34 Племя змяінае, як вы можаце гаварыць добрае, будучы дрэннымі? Бо вусны гавораць тое, чым перапоўнена сэрца.
35 Добры чалавек дастае з добрага скарбу добрае, а ліхі чалавек дастае з ліхога скарбу ліхое.
36 Кажу вам, што за кожнае пустое слова, якое скажуць людзі, яны дадуць адказ у судны дзень.
37 Бо паводле словаў сваіх будзеш апраўданы, і паводле словаў сваіх будзеш асуджаны».
Знак Ёны
38 Тады некаторыя кніжнікі і фарысеі сказалі Яму: «Настаўнік, хочам ад Цябе ўбачыць знак».
39 А Ён адказаў ім: «Пакаленне ліхое і нявернае шукае знаку, але ніякага знаку не будзе дадзена яму, акрамя знаку Ёны прарока.
40 Бо як Ёна быў у чэраве кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы.
41 Мужы Нінівы ўстануць на судзе супраць гэтага пакалення і асудзяць яго, бо яны пакаяліся дзякуючы прапаведаванню Ёны, а тут большае за Ёну.
42 Каралева Поўдня ўстане на судзе з гэтым пакаленнем і асудзіць яго, бо яна прыйшла з краю зямлі паслухаць мудрасці Саламонавай; і вось, тут большае за Саламона!
Вяртанне нячыстага духа
43 Калі ж нячысты дух выйдзе з чалавека, ён блукае па бязводных мясцінах, шукаючы адпачынку, і не знаходзіць.
44 Тады кажа: “Вярнуся да дому свайго, адкуль выйшаў”. Прыйшоўшы, знаходзіць яго незанятым, падмеценым і ўпрыгожаным.
45 Тады ідзе і бярэ з сабой сем іншых духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае. Так будзе і з гэтым ліхім пакаленнем».
Маці і браты Езуса
46 Калі Ён прамаўляў да людзей, Маці і браты Ягоныя стаялі звонку і хацелі пагаварыць з Ім.
47 І нехта сказаў Яму: «Вось Маці Твая і браты Твае стаяць звонку і хочуць пагаварыць з Табою».
48 А Ён адказаў таму, хто звярнуўся да Яго: «Хто маці Мая і хто браты Мае?»
49 І, працягнуўшы руку сваю да вучняў сваіх, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае.
50 Бо хто выконвае волю Айца Майго, які ў нябёсах, той Мне брат, і сястра, і маці».
Евангелле паводле святога Мацвея, 12 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.