Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея 14 Паводле Мацвея 14 раздзел

Смерць Яна Хрысціцеля

1 У той час тэтрарх Ірад пачуў пагалоску пра Езуса
2 і сказаў слугам сваім: «Гэта Ян Хрысціцель. Ён паўстаў з памерлых, і таму цуды здзяйсняюцца ім».
3 Бо Ірад схапіў Яна, закаваў яго і кінуў у вязніцу з-за Ірадыяды, жонкі брата свайго Філіпа,
4 бо Ян казаў яму: «Недазволена табе мець яе».
5 Ён хацеў забіць яго, але баяўся народу, які лічыў яго прарокам.
6 Калі былі народзіны Ірада, дачка Ірадыяды танцавала перад усімі і спадабалася Іраду.
7 Таму ён пакляўся даць ёй усё, чаго толькі папросіць.
8 А яна, падбухтораная сваёй маці, сказала: «Дай мне тут на місе галаву Яна Хрысціцеля».
9 І кароль засмуціўся, але дзеля клятвы і тых, хто быў за сталом, загадаў даць.
10 Таму паслаў у вязніцу адсячы галаву Яну.
11 І прынеслі галаву яго на місе, і далі дзяўчыне, а яна занесла сваёй маці.
12 Тады вучні Янавы прыйшлі, забралі цела і пахавалі яго. Потым пайшлі расказаць Езусу.
Першае размнажэнне хлеба

13 Калі Езус пачуў пра смерць Яна Хрысціцеля, адплыў адтуль на чоўне ў пустыннае месца адзін, а людзі, пачуўшы гэта, пайшлі за Ім пехатою з гарадоў.
14 Выйшаўшы з чоўна, Езус убачыў мноства людзей і злітаваўся над імі, і аздаравіў хворых іхніх.
15 Калі ж настаў вечар, Ягоныя вучні падышлі да Яго і сказалі: «Пустыннае гэтае месца і гадзіна ўжо позняя; адпусці людзей, каб яны пайшлі ў паселішчы і купілі ежы сабе».
16 Ён сказаў ім: «Не трэба ім ісці, вы дайце ім есці».
17 Яны ж сказалі яму: «У нас тут толькі пяць хлябоў і дзве рыбіны».
18 Ён сказаў: «Прынясіце іх Мне сюды».
19 І, загадаўшы народу сесці на траву, Ён узяў пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў і, разламаўшы, даў хлеб вучням, а вучні — людзям.
20 І ўсе елі, і насыціліся, і з кавалкаў, што засталіся, сабралі дванаццаць поўных кашоў.
21 А тых, хто еў, было каля пяці тысяч чалавек, не лічачы жанчын і дзяцей.
Езус ідзе па моры

22 Адразу пасля гэтага Ён загадаў вучням сесці ў човен і плысці ўперад Яго на другі бераг, пакуль Ён адпусціць людзей.
23 Адпусціўшы народ, Езус падняўся на гару памаліцца асобна. Калі настаў вечар, заставаўся там адзін.
24 Тым часам човен ужо адплыў шмат стадыяў ад берага. І кідалі яго хвалі, бо вецер быў супраціўны.
25 У чацвёртую ж варту ночы Ён пайшоў да іх, ідучы па моры.
26 Калі ж вучні ўбачылі, як Ён ідзе па моры, спалохаліся і казалі: «Гэта прывід». І ад страху закрычалі.
27 Але Ён адразу загаварыў з імі і сказаў: «Будзьце адважнымі, гэта Я; не бойцеся!»
28 Пётр сказаў Яму ў адказ: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе».
29 Ён жа сказаў: «Ідзі!» Выйшаўшы з чоўна, Пётр пачаў ісці па вадзе і падышоў да Езуса.
30 Але, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў: «Пане, ратуй мяне!»
31 Езус адразу ж працягнуў руку, схапіў яго і сказаў: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?»
32 Калі яны ўвайшлі ў човен, вецер сціх.
33 А тыя, хто быў у чоўне, пакланіліся Яму і сказалі: «Ты сапраўды Сын Божы!»
Аздараўленні ў зямлі Генэзарэт

34 Пераправіўшыся, яны прыбылі ў зямлю Генэзарэт.
35 Калі ж людзі той мясцовасці пазналі Езуса, яны разнеслі вестку па ўсёй той ваколіцы. І прыносілі да Яго ўсіх хворых,
36 і прасілі Яго, каб хоць дакрануцца да краю плашча Ягонага. І тыя, што дакрануліся, былі аздароўлены.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Мацвея, 14 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Мацвея 14 раздзел в переводах:
Мацвея 14 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.