1 У той час пачуў тэтрарха Гэрад аб славе Езуса
2 і сказаў да сваіх слуг: Гэта Ян Хрысьціцель; ён устаў з умерлых і дзеля гэтага цуды дзеюцца праз яго.
3 Бо Гэрад узяў быў Яна, і закаваў яго, і пасадзіў у вастрог дзеля Гэрадыяды, жонкі брата свайго.
4 Бо Ян казаў яму: Ня можна табе трымаць яе.
5 І хацеў яго забіць, але баяўся народу, бо яго мелі за прарока.
6 У дзень-жа нарадзін Гэрада дачка Гэрадыяды скакала пасярод і спадабалася Гэраду.
7 Затым пад прысягай абяцаўся ей даць чаго толькі яна зажадае ад яго.
8 А яна, навучаная сваей маткай, сказала: Дай мне тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля.
9 І засмуціўся кароль, але дзеля прысягі і дзеля тых, што разам сядзелі, загадаў даць.
10 І паслухаўшы адсек галаву Яну ў вастрозе.
11 І прынясьлі галаву яго на талерцы і далі дзяўчыне, а яна занясла сваей матцы.
12 І прыйшлі вучні ягоны, узялі ягонае цела і пахавалі яго, і прыйшоўшы, паведамілі Езуса.
13 Езус, пачуўшы аб гэтым, адплыў адтуль у лодцы на месца пустыннае, аддзельна; калі-ж пачулі грамады, пайшлі за ім з гарадоў пехатою
14 І выйшаўшы, убачыў вялікую грамаду, і зжаліўся над імі і аздаравіў іхных хворых.
15 Калі-ж настаў вечар, падыйшлі да яго вучні ягоны, кажучы: Пустыннае месца і час ужо позны, пусьці грамаду, каб яны, пайшоўшы ў сёлы купілі сабе ежы.
16 Але Езус сказаў ім: Не канечне маюць ісьці, вы дайце ім есьці.
17 Адказалі яму: Мы маем тут толькі пяць хлябоў і дзьве рыбы.
18 Ён сказаў ім: Прынясеце мне іх сюды.
19 І загадаўшы народу пасесьці на траве, узяў пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуў у неба, пабагаславіў, і ламаў, і даваў вучням хлябы, а вучні народу
20 І елі ўсе і наеліся. І назьбіралі, што асталося, дванаццаць поўных кашоў кавалкаў
21 А тых, што елі, было ня лік пяць тысяч мужчын, апрача жанчын і дзяцей.
22 І зараз прымусіў Езус вучняў увайсьці ў лодку і плыць перад ім на другі бок мора, пакуль ён адпусьціць грамады
23 І адпусьціўшы грамаду, ён адзін узыйшоў на гару памаліцца; і калі настаў вечар, быў там адзін.
24 А лодка пасярод мора была кідана хвалямі, бо быў праціўны вецер.
25 А ў чацьвёртую варту ночы прыйшоў да іх, ідучы па моры.
26 І ўгледзеўшы яго ідучага па моры, спалохаліся і казалі: Гэта здань. І ад страху закрычалі.
27 Але Езус зараз адазваўся да іх, кажучы: Надзейцеся, гэта я, ня бойцеся
28 А Пётр, адказваючы, сказаў: Пане, калі гэта ты, загадай мне прыйсьці да цябе па вадзе.
29 А ён сказаў: Прыйдзі. І Пётр, выйшаўшы з лодкі, пайшоў па вадзе, каб падыйсьці да Езуса.
30 Але бачачы моцны вецер, спужаўся і, пачаўшы тануць, закрычаў кажучы: Пане, ратуй мяне!
31 І зараз-жа Езус, працягнуўшы руку, падхапіў яго і сказаў яму: Малаверны, чаго ўсумніўся?
32 І калі ўвайшлі ў лодку, перастаў вецер.
33 А тыя, што былі ў лодцы, падыйшлі і пакланіліся яму, кажучы: Сапраўды ты ёсьць Сын Божы.
34 І калі пераплылі, прыйшлі ў зямлю Гэнэзарскую.
35 А людзі яе ваколіцы, пазнаўшы яго, далі знаць па ўсей тэй краіне і прынясьлі да яго ўсіх хворых
36 і прасілі яго, каб хоць дакрануцца да краю адежы ягонай. І каторыя толькі дакрануліся, сталі здаровы.