1 І ўвайшоў у лодку, пераплыў на другі бок і прыйшоў у свой горад.
2 І вось прынясьлі да яго спаралізаванага, ляжачага на пасьцелі. І Езус, бачачы веру іх, сказаў спаралізаванаму: Надзейся, сыне, адпушчаюцца табе грахі твае.
3 І вось некаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: Ён блюзьніць.
4 Езус-жа, бачачы іхныя думкі, сказаў: Нашто вы думаеце благое ў сярцох вашых?
5 Што лягчэй сказаць: «Адпушчаюцца табе грахі твае», ці сказаць: «Устань і хадзі»?
6 Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі — тады кажа спаралізаванаму: Устань, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.
7 І ўстаў і пайшоў у дом свой.
8 Грамады-ж, бачачы гэтае, праняліся страхам і славілі Бога, каторы даў такую ўладу людзям.
9 І калі Езус пайшоў адтуль, убачыў чалавека, сядзячага ля мытніцы, іменем Матэуш. І сказаў яму: Ідзі за мною І ён ўстаўшы, пайшоў за ім.
10 І здарылася, калі ён у доме сядзеў за сталом, вось многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і паселі за стол з Езусам і вучнямі яго.
11 І ўбачыўшы фарызэі казалі вучням ягоным: Чаму ваш вучыцель есьць з мытнікамі і грэшнікамі?
12 А Езус, пачуўшы, сказаў: Ня трэба здаровым лекара, але хворым.
13 Ідзеце-ж і навучэцеся, што значыць: «Міласэрдзя хачу, а не ахвяры». Бо я не прыйшоў клікаць справядлівых, але грэшных.
14 Тады падыйшлі да яго вучні Яна, кажучы: Чаму мы і фарызэі посьцім часта, а твае вучні ня посьцяць?
15 І сказаў ім Езус: Ці-ж могуць сумаваць прыяцелі маладога, пакуль з імі ёсьць малады? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога — і тады будуць пасьціць.
16 І ніхто на старую вопратку не кладзе латкі з старога сукна, бо яна рве вопратку і робіцца горшая дзіра.
17 І не ўліваюць новага віна ў старыя мяхі, бо інакш разрываюцца мяхі, і віно разьліваецца, і мяхі прападаюць. Але новае віно ўліваюць у новыя мяхі — і адно і другое астаюцца цэлымі.
18 Калі ён гэтае да іх гаварыў, вось падыйшоў адзін старшы і кланяўся яму, кажучы: Пане, дачка мая толькі-што памярла, але прыйдзі, улажы на яе руку тваю і будзе жыць.
19 І ўстаўшы, пайшоў за ім Езус і вучні яго.
20 І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў хварэла на цеч крыві, падыйшла ззаду і дакранулася да краю вопраткі ягонай.
21 Бо яна казала сама ў сабе: Калі толькі дакрануцца да вопраткі яго, буду здарова.
22 А Езус, абярнуўшыся і ўгледзеўшы яе, сказаў: Надзейся, дачка, вера твая цябе аздаравіла. І жанчына стала здаровай ад гэнай гадзіны.
23 І калі прыйшоў Езус у дом старшага, і ўгледзеў жалейнікаў і шумячую грамаду, сказаў:
24 Адступецеся, бо дзяўчынка не ўмярла, але сьпіць. І насьмяхаліся з яго.
25 Калі-ж выправілі народ, ён увайшоў і ўзяў яе за руку — і дзяўчынка ўстала.
26 І разыйшлася гэтая вестка па ўсей гэнай краіне.
27 І калі Езус ішоў аддтуль, пайшлі за ім два сьляпыя, каторыя крычалі, кажучы: Зжалься над намі, Сыне Давіда!
28 Калі-ж прыйшоў у дом, прыступілі да яго сьляпыя. І кажа ім Езус: Ці вы верыце, што я вам магу гэтае зрабіць? Кажуць яму: Так, Пане.
29 Тады ён дакрануўся да вачэй іх,
30 кажучы: Глядзеце, каб ніхто ня ведаў.
31 Яны-ж, выйшаўшы, абвясьцілі аб ім па ўсей гэнай краіне.
32 Калі-ж яны выйшлі, вось прывялі да яго чалавека нямога, маючага д’ябэльства.
33 І калі быў выгнаны д’ябал, прагаварыў нямы, а грамады дзівіліся, кажучы: Ніколі ня бывала гэтак у Ізраілю.
34 А фарызэі гаварылі: Ён выганяе д’ябла сілай д’ябэльскага князя.
35 І хадзіў Езус па ўсіх гарадох і вёсках, вучачы ў іхных бажніцах і абвяшчаючы эванэлію каралеўства і аздараўляючы ўсякую хворасьць і ўсякую немач.
36 Гледзячы-ж на грамаду, шкадаваў іх, што былі зьняможаны і ляжалі, як авечкі, ня маючыя пастыра.
37 Тады казаў сваім вучням: Жніво-то вялікае, але работнікаў мала,
38 дык прасеце Пана жніва, каб паслаў работнікаў на сваё жніво.