Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Мацвея 9 Паводле Мацвея 9 раздзел

Аздараўленне паралізаванага

1 Увайшоўшы ў човен, Ён пераправіўся на другі бераг і прыйшоў у свой горад.
2 Прынеслі да Яго паралізаванага, пакладзенага на ложы. Убачыўшы іхнюю веру, Езус сказаў паралізаванаму: «Будзь адважным, сыне, адпускаюцца твае грахі».
3 Тады некаторыя кніжнікі сказалі самі сабе: «Ён блюзнерыць».
4 А Езус, ведаючы іхнія думкі, сказаў: «Навошта задумваеце зло ў сэрцах вашых?
5 Бо што лягчэй? Сказаць: “Адпускаюцца твае грахі” ці сказаць: “Устань і хадзі”?
6 Але каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі адпускаць грахі». Тады сказаў паралізаванаму: «Устань, вазьмі ложа сваё і ідзі дадому».
7 Той устаў і пайшоў дадому.
8 А людзі, убачыўшы гэта, спалохаліся і праславілі Бога, які даў такую ўладу людзям.
Пакліканне Мацвея

9 Калі Езус адыходзіў адтуль, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, якога звалі Мацвей, і сказаў яму: «Ідзі за Мною». Той устаў і пайшоў за Ім.
10 Калі Езус быў за сталом у доме, многія мытнікі і грэшнікі прыйшлі і занялі месца за сталом з Ім і вучнямі Ягонымі.
11 Убачыўшы гэта, фарысеі казалі вучням Яго: «Чаму Настаўнік ваш есць з мытнікамі і грэшнікамі?»
12 Ён жа, пачуўшы гэта, сказаў ім: «Не здаровым патрэбны лекар, а хворым.
13 Пайдзіце, навучыцеся, што значыць: “міласэрнасці хачу, а не ахвяры”, бо Я прыйшоў заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў».
Пытанне пра пост

14 Вучні Янавы прыйшлі да Яго і сказалі: «Чаму мы і фарысеі посцім шмат, а Твае вучні не посцяць?»
15 А Езус сказаў ім: «Ці могуць быць у жалобе госці на вяселлі, пакуль з імі жаніх? Але прыйдуць дні, калі будзе забраны ад іх жаніх, і тады будуць пасціць.
16 Ніхто не прышывае латы з нябеленага палатна да старой вопраткі, бо прышытае рве вопратку, і дзіра робіцца яшчэ горшай.
17 Не ўліваюць таксама маладое віно ў старыя мяхі. Інакш разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць. Але маладое віно ўліваюць у новыя мяхі, тады захоўваецца і тое, і другое».
Аздараўленне жанчыны і ўваскрашэнне дачкі Яіра

18 Калі гаварыў з імі, падышоў да Яго адзін кіраўнік і, пакланіўшыся Яму, сказаў: «Дачка мая толькі што памерла; але прыйдзі, ускладзі на яе руку сваю, і яна будзе жыць».
19 Тады Езус падняўся і разам са сваімі вучнямі пайшоў за ім.
20 І вось, жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк, падышла ззаду і дакранулася да краю Ягонага плашча,
21 бо казала сабе: «Калі толькі дакрануся да Ягонага плашча, выздаравею».
22 А Езус павярнуўся і, убачыўшы яе, сказаў: «Будзь адважнай, дачка, вера твая ўратавала цябе». З таго часу жанчына выздаравела.
23 Калі Езус увайшоў у дом кіраўніка, Ён убачыў жалейнікаў і ўзрушаны натоўп
24 і сказаў: «Выйдзіце, бо дзяўчынка не памерла, а спіць». І насміхаліся з Яго.
25 А калі натоўп вывелі, Ён увайшоў, узяў дзяўчынку за руку, і яна ўстала.
26 Тады разышлася пра гэта пагалоска па ўсёй гэтай зямлі.
Аздараўленне двух сляпых

27 Калі Езус адыходзіў адтуль, ішлі за Ім двое сляпых, якія крычалі: «Змілуйся над намі, Сыне Давіда!»
28 Калі ж Ён прыйшоў у дом, сляпыя падышлі да Яго, а Езус сказаў ім: «Ці верыце, што Я магу зрабіць гэта?» Яны адказалі Яму: «Так, Пане».
29 Тады Ён дакрануўся да іхніх вачэй і сказаў: «Няхай станецца вам паводле веры вашай».
30 І адкрыліся іхнія вочы. Але Езус строга наказаў ім: «Глядзіце, каб ніхто не даведаўся».
31 Аднак яны, калі выйшлі, абвясцілі пра гэта па ўсёй той зямлі.
Аздараўленне нямога

32 Калі ж тыя выходзілі, прывялі да Езуса нямога чалавека, апанаванага злым духам.
33 І калі злы дух быў выгнаны, нямы пачаў гаварыць, а людзі казалі са здзіўленнем: «Ніколі не было такога ў Ізраэлі!»
34 А фарысеі казалі: «Князем злых духаў Ён выганяе злых духаў».
Жніво вялікае, ды работнікаў мала

35 І хадзіў Езус па ўсіх гарадах і паселішчах, навучаючы ў іхніх сінагогах, абвяшчаючы Евангелле Валадарства і вылечваючы ўсялякую хваробу і ўсялякую немач.
36 Убачыўшы натоўпы людзей, Ён змілаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра.
37 Тады Ён сказаў вучням сваім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала;
38 таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Мацвея, 9 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Мацвея 9 раздзел в переводах:
Мацвея 9 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Иоанна Златоуста
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.