Выпрабаванне Езуса ў пустыні

1 Потым Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго.
2 Пасля сарака дзён і сарака начэй посту Езус адчуў голад.
3 Тады падышоў да Яго спакуснік і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам».
4 А Ён сказаў у адказ: «Напісана:

“Не хлебам адным будзе жыць чалавек,
а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”»

5 Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на крыле святыні
6 і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана:

“Анёлам сваім загадае пра Цябе,
і на руках панясуць Цябе,
каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагой сваёй”».

7 Езус сказаў яму: «Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”».
8 Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх.
9 І сказаў Яму: «Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне».
10 Але Езус сказаў яму:

«Адыдзі, сатана! Бо напісана:
“Пану Богу твайму пакланяйся
і Яму аднаму служы”».

11 Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось, анёлы падышлі і служылі Яму.
ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ГАЛІЛЕІ

Пачатак дзейнасці

12 Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею.
13 Пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія,
14 каб збылося сказанае прарокам Ісаем, які кажа:
15

«Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева,
на шляху марскім, за Ярданам,
Галілея язычнікаў,

16

народ, які сядзеў у цемры,
убачыў святло вялікае,
над жыхарамі краіны смяротнага ценю
заззяла святло».

17 З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
Пакліканне першых вучняў

18 Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі.
19 І сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей».
20 Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
21 Калі адтуль пайшоў далей, убачыў іншых двух братоў: Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія ў чоўне з бацькам іхнім Зэбэдэем ладзілі свае сеткі, і паклікаў іх.
22 А яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго і пайшлі за Ім.
Езус навучае і аздараўляе

23 Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і абвяшчаючы Евангелле Валадарства. Ён лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей.
24 Таму пайшла пра Яго чутка па ўсёй Сірыі. Пачалі прыводзіць да Яго ўсіх нямоглых, што цярпелі на розныя хваробы і слабасці, апанаваных злымі духамі, эпілептыкаў і паралізаваных, і Ён вылечваў іх.
25 За Ім ішлі вялікія натоўпы з Галілеі і Дэкаполіса, з Ерузалема, Юдэі і з-за Ярдана.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Мацвея, 4 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Иоанна Златоуста
  12. Толкование Феофилакта Болгарского
  13. Новый Библейский Комментарий
  14. Лингвистический. Роджерс
  15. Комментарии Давида Стерна
  16. Ветхий Завет в Новом
  17. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.