1 Тады Езус быў заведзены Духам у пустыню дзеля спакусы ад нячыстага.
2 А калі прапасціў сорак дзён ды сорак ночаў, потым пачуў голад.
3 І прыступіўшы спакуснік сказаў яму: Калі ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя каменні сталіся хлебам.
4 Ён-жа ў адказ сказаў яму: «Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, выходзячым з вуснаў Божых» (Пт. Пр. 8:3).
5 Тады ўзяў яго нячысты ў святы горад і паставіў яго на крыле святыні,
6 ды сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься ўніз; бо ёсьць напісана: «Што анёлам сваім загадаў аб табе і на руках панясуць цябе каб часам ня ўдарыў аб камень нагі свае» (Пс. 90:11−12).
7 Сказаў яму Езус: Такжа ёсьць напісана: « Не спакушай Бога Усеспадара твайго» (Пт. Пр. 6:16).
8 Ізноў бярэ яго нячысты на гару вельмі высокую й паказвае яму ўсе валадарствы свету і славу іхнюю
9 ды кажа яму: Дам табе ўсё гэта, калі ўпаўшы паклонішся мне.
10 Тады сказаў яму Езус: Адыйдзі, шатан! Напісана бо: «Усеспадару Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы» (Пт. Пр. 6:13).
11 Тады пакінуў яго д’ябал — і вось анёлы прыступілі й служылі яму.
12 Дачуўшыся Езус, што Ян быў выданы, адыйшоў у Галілею
13 і, пакінуўшы места Назарэт, прыйшоў і асеў у Кафарнауме прыморскім, у граніцах Забулён і Нэфталім,
14 каб споўнілася сказанае прарокам Ізаіям (9:1−2):
15 «Зямля Забулён і зямля Нэфталім, дарога прыморская за Ярданам, паганская Галілея!
16 Народ, што сядзеў у цемры, ўгледзеў святло вялікае і тым, што сядзелі ў краіне ценю сьмерці, яснасьць зазьзяла».
17 З таго часу пачаў Езус абвяшчаць і казаць: пакутуйце, бо прыблізілася валадарства нябеснае.
18 А праходзячы каля мора Галілейскага, Езус убачыў двух братоў, Сымона, званага Пятром, і Андрэя брата ягонага, закідаючых сеці ў мора, былі бо рыбакамі
19 і сказаў ім: Ідзеце за мною, а я зраблю вас рыбакамі людзей.
20 І яны зараз-жа, пакінуўшы сеці, пайшлі за ім.
21 А йдучы адтуль далей, убачыў двух другіх братоў: Якуба Зэбэдэявага і Яна, брата ягонага, з іхнім бацькам, Зэбэдэем, у лодцы правячых свае сеці, і паклікаў іх.
22 А яны вoміг, пакінуўшы сеці й бацьку, пайшлі за ім.
23 І абходзіў Езус усю Галілею, навучаючы ў іхніх бажніцах і абвяшчаючы эванэлію валадарства й аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
24 І разыйшліся чуткі аб ім па ўсёй Сырыі і прыносілі да яго ўсіх нядужых, апанаваных рознымі хваробамі й прыпадкамі, і маючых нячыстых, і люнатыкаў, і спараліжаваных, і аздараўляў іх.
25 І йшлі за ім вялікія грамады з Галілеі, і Дэкаполю, і з Ерузаліму, і з Юдэі, і з-за Ярдану.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Сьвятая Эванэлія паводля сьв. Матауша, 4 раздзел. Пераклад П. Татарыновіча.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.